Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што новага ў новых правілах паступленьня ў ВНУ?


Іна Студзінская, Менск Міністэрства адукацыі абнародавала праект новых правілаў прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Гэтым разам праект цалкам даступны для ўсіх зацікаўленых – ён апублікаваны ў дзяржаўным друку, зьмешчаны на Інтэрнет-сайтах, і Мінадукацыі заклікае грамадзкасьць актыўна іх абмяркоўваць і ўносіць свае прапановы.

Сёлета Міністэрства адукацыі паставіла дзьве задачы: як мага раней канчаткова зацьвердзіць правілы (летась іх апублікавалі толькі ўвесну, за пару месяцаў да ўступных экзаменаў) і зрабіць іх доўгатэрміновымі, каб старшаклясьнікі маглі загадзя, цягам некалькіх гадоў рыхтавацца да паступленьня.

Спэцыялісты адзначаюць, што прапанаваны праект мала чым адрозьніваецца ад сёлетняга. Мяркуецца, што ў сьпісе прадметаў, па якіх будзе праводзіцца цэнтралізаванае тэставаньне, зьявяцца “Чалавек, грамадзтва, дзяржава” і “Усясьветная гісторыя найноўшага часу”. Дакумэнты абітурыетам дазволяць высылаць у прыёмныя камісіі па пошце.

А як спэцыялісты, выкладчыкі ВНУ ставяцца да тэставаньня? Наколькі аб’ектыўна яно можа праводзіцца ў школах? Меркаваньне экс-рэктара БДУ, прафэсара Аляксандра Казуліна.

(Казулін: ) “Карупцыя, магчымасць здаць добра тэсты будзе прыходзіць на больш нізкі ўзровень. Заўсёды ёсьць бездань паміж школай і ўнівэрсытэтам. І мы заўсёды імкнуліся школу “падцягваць” да ўзроўню ўнівэрсытэту. Цяпер атрымліваецца, што школа сама сябе кантралюе, сама за сябе адказвае, сама праводзіць тэставаньне. Дапамагчы ў напісаньні тэстаў ў школах дастаткова лёгка”.

Дый як можа быць адзіны тэст, да прыкладу, па беларускай ці расейскай мове для тых, хто паступае на тэхнічныя спэцыяльнасьці і на філялёгію, да прыкладу? Меркаваньне прафэсара Аляксандра Казуліна.

(Казулін: ) “Ёсьць прадметы, па якіх тэставаньне проста немагчымае. Калі гэта філязофія – трэба бачыць ўзровень мысьленьня чалавека. Калі гэта філялёгія, трэба бачыць, як ён валодае словам. Калі гэта ангельская альбо іншая замежная мова – трэба чуць манэру ягонай гаворкі, а ня толькі граматыку. І такіх прыкладаў можа быць вельмі шмат”.

Выкладчыку унівэрсытэту культуры з амаль 30-гадовым стажам Алегу Трусаву я задала пытаньне, ці магчыма выпрацаваць правілы цалкам аб’ектыўныя і справядлівыя?

(Трусаў: ) “Ну вядома, немагчыма. Калі сябры БРСМ будуць мець перавагі пры паступленьні, якая тут аб’ектыўнасьць? Там, напэўна, пра гэта не напісана, але ж ўсім БРСМаўцам ільготы пры паступленьні абяцаюць? Абяцаюць. Ніякага аб’ектывізму быць ня можа, і гэта ўсё казкі пра белага бычка. У тым ліку, і грамадзкае абмеркаваньне. Я думаю, што ніякіх не будзе асаблівых заўваг. А калі і будуць, то ніхто іх друкаваць не будзе. Гэта проста гульня на публіку. А па-другое, я сам, як выкладчык з вялікім стажам хачу сказаць: як мяняліся яны кожны год, так і будуць мяняцца. Зрабіць нейкія доўгатрывалыя правілы ў сыстэме з нашай эканомікай проста немагчыма”.

У новым праекце правілаў зноў вельмі шмат ільготаў для самых розных катэгорый. На думку спадара Казуліна, усе ільготы павінны быць дакладна, ясна і адназначна прапісаныя, а ў новых правілах ня ўсё так адназначна. Што, да прыкладу, да ільготаў для выпускнікоў сельскіх школ, якія Аляксандар Лукашэнка ўвёў асабіста, Аляксандар Казулін выказаўся так:

(Казулін: ) Можна нейкія дадаваць балы, але не праводзіць асобны конкурс для сяла. Мы такім чынам самі, загадзя, вяскоўцаў крыўдзім. Калі мы кажам, што яшчэ дзецям з сяла трэба дапамагаць вучыцца ва ўнівэрсытэце, гэта проста прафанацыя. Мяне яшчэ зьдзіўляе, калі па ўнівэрсытэту прахадны бал можа быць, да прыкладу, 30 для ўсіх, а сельскія вучні праходзяць з 15, я заўсёды задаю пытаньне: “А як жа яны будуць вучыцца?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG