Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калегі забітай журналісткі В.Чаркасавай выдалі кнігу яе артыкулаў і эсэ (фота)


Любоў Лунёва, Менск Калегі журналісткі Веранікі Чаркасавай выдалі кнігу яе артыкулаў, нарысаў і эсэ, надрукаваных ў недзяржаўных газэтах з 1991 да 2004 году. 8 верасьня адбылася прэзэнтацыя кнігі. Вераніка Чаркасава загінула летась 20 кастрычніка ва ўласнай кватэры ад рук невядомага злачынцы. Сьледзтва дагэтуль не знайшло забойцу.

У кнігу “Чырвоным па белым” увайшлі артыкулы, надрукаваныя ў “Белорусской деловой газете”, газэтах “Новое время”, “Голас Радзімы”, “Салідарнасьць” і “Белорусской газете”. На думку складальнікаў кнігі, гэтыя артыкулы — своеасаблівае люстэрка эпохі, гістарычны дакумэнт, напісаны рукой здольнай журналісткі. Кнігу пакуль нельга набыць у крамах — яна будзе распаўсюджвацца празь недзяржаўныя структуры.

На прэзэнтацыі прысутнічалі журналісты, пісьменьнікі, мастакі і сваякі Веранікі. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Ліцьвіна выступіла перад прысутнымі:

(Ліцьвіна: ) “Мы памятаем сваіх калегаў, якія нават так трагічна сыходзяць з жыцьця. Пакуль мы разам, сапраўды, магчыма рука злачынцы ў нейкі момант спыніцца і ў нас ня будзе больш ахвяраў… Калі ён будзе адчуваць, што мы ўсё помнім і мы ўсе разам”.

Адзін са складальнікаў кнігі Аляксандар Старыкевіч выказаў шкадаваньне, што сьледзтва дагэтуль ня здолела знайсьці забойцу Веранікі Чаркасавай. Ён патлумачыў, што выданьнем кнігі журналісты ўшанавалі памяць сваёй калегі.

(Старыкевіч: ) “Мы палічылі сваім абавязкам зрабіць гэта. Гэта адзінае, што мы можам зрабіць у сёньняшняй сытуацыі. Відавочна, што ўлада не зацікаўленая, каб знайсьці і пакараць злачынцу. Сёньня мы можам захаваць памяць пра Вераніку. Гэта кніга — толькі першы крок. Я ўпэўнены, што будзе і другі, і трэці. Час усё расставіць па сваіх месцах, у тым ліку і датычна тых, хто зрабіў гэтую страшную справу”.

Гаворыць маці Веранікі Дыяна Чаркасава:

(Чаркасава: ) “Мы ня ведаем, як ідзе сьледзтва. Нам нічога не гавораць. Тут усе ўсё добра гаварылі, і правільна, што ў кнізе летапіс Беларусі за апошнія дзесяць гадоў. Ніводзін з гэтых артыкулаў ня страціў сваёй актуальнасьці. Нават у артыкуле пра музыкантаў відаць пазыцыю чалавека, які не прымае таго, што ёсьць у сёньняшняй Беларусі. Сьледчыя казалі: “За што яе забіваць? Яна не пісала пра палітыку”. Ня трэба пісаць палітычных артыкулаў, трэба быць разумным журналістам”.

Старшыня праваабарончага цэнтру БАЖ Андрэй Бастунец лічыць, што сьледзтва згубіла час, бо ад пачатку абапіралася выключна на бытавую вэрсію.

(Бастунец: ) “На мой погляд, сьледзтва страціла час ад самага пачатку. Яны ўзялі вэрсію, якая ім падалася найбольш верагоднай ці распаўсюджанай, і, не зьвяртаючы ўвагі на іншыя вэрсіі, пачалі яе раскручваць. Урэшце, увесну агучылі, што пачалі працаваць над дзесяцьцю вэрсіямі. Стандартны набор. Гэта сьведчыць пра тое, што сьледзтва ня зрушылася і цяпер усё вярнулася на зыходную пазыцыю”.

Сьледчы Ўладзімер Чумачэнка паўгоду намагаўся сабраць доказы віны сына Веранікі. Сьледчы Віктар Фешчанка, які цяпер расьсьледуе забойства, паведаміў Радыё Свабода, што ў справе пакуль няма абвінавачаных. Спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва, ён толькі сказаў, што адпрацоўваюцца ўсе вэрсіі, у тым ліку зьвязаныя з прафэсійнай дзейнасьцю журналісткі.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG