Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны В.Юшчанка накіраваў у адстаўку ўрад Юліі Цімашэнкі


Юры Сьвірко, Кіеў Спадар Юшчанка патлумачыў прычыны адстаўкі кабінэту тым, што ва ўрадзе праявіліся канфлікты, недахоп пачуцьця каманды. На думку Юшчанкі, адбыўся парадокс – хаця ва ўрадзе з’явілася шмат новых твараў, аблічча ўлады засталося старым. Краіну зноў абвінавачваюць у карупцыі, у тым, што няма празрыстых працэсаў у эканоміцы, у тым ліку і прыватызацыйных. Фармаваць новы ўрад Украіны прэзыдэнт даручыў цяперашняму губэрнатару Днепрапятроўскай вобласьці Юрыю Еханураву.

Раніцай 8 верасьня сваю прэсавую канфэрэнцыю склікаў віцэ-прэм’ер у гуманітарных пытаньнях Мікола Таменка, які паўтарыў панядзелкавыя абвінавачваньні экс-дзяржсакратара Украіны Аляксандра Зінчанкі ў карумпаванасьці сакратара Рады нацбясьпекі Пятра Парашэнкі ды ягонага атачэньня. Спадар Таменка сказаў, што “крадуць адны, а ў адстаўку падаюць іншыя”, таму ён напісаў прэзыдэнту заяву аб звальненьні паводле уласнага жаданьня, хаця й абгрунтаваў яе тым, што замест законнага ураду Юліі Цімашэнкі усё больш паўнамоцтваў апошнім часам атрымліваў “алігархічны урад Пятра Парашэнкі”, сакратара РНБА (Рады нацыянальнае бясьпекі й абароны) Украіны.

А ўдзень журналістаў запрасіў і сам прэзыдэнт Віктар Юшчанка. Ён нагадаў, што 23 студзеня падчас інаўгурацыі на Майдане Незалежнасьці абяцаў прафэсійную й сумленную ўладу, аднак падзеі разьвіваліся інакш.

(Юшчанка: ) “З кожным днём я ўсё больш і больш рабіўся сьведкам таго, як паміж гэтымі інстытутамі йдуць спачатку супрацьстаяньне, потым сур’ёзныя канфлікты. Потым узаемныя закулісныя інтрыгі, што пачало перадавацца ўжо на аснову дзяржаўнай палітыкі. Я стаў сьведкам таго, як, па сутнасьці, кожны дзень давялося ўмешвацца ў канфлікты, які паўстаюць паміж РНБА ды ўрадам, паміж дзяржсакратаром і РНБА, паміж урадам і Вярхоўнай Радай. Адным словам, гэтыя канфлікты ўжо сталі парадкам дня працы ўлады”.

Віктар Юшчанка дадаў, што гэтыя ўнутраныя войны толькі ўзмацняліся паводле прынцыпу “два ўкраінцы – тры гетманы”. Ён паведаміў, што ягоныя сябры “згубілі камандны дух і веру”, пачалі займацца перадвыбарчай кампаніяй (у 2006 годзе пройдуць выбары ў Вярхоўную Раду). (Юшчанка: ) “8 месяцаў прэзыдэнт Украіны быў міратворцам сярод гэтых інстытуцыяў. Я пра гэта амаль не казаў публічна. Я лічыў, што гэта мая карма, яку я павінен несьці. А Ўкраіна ў той час страчвала тэмпы, у тым ліку эканамічныя. Думаю, што сябры маёй каманды слухалі прэзыдэнта, але ня чулі. І сёньня, як бы гэта ні было цяжка, я павінен гэты гордзіеў вузел разрубіць у імя Ўкраіны”.

Прэзыдэнт Украіны сказаў, што “ва уладзе зьявілася шмат новых твараў, але стаўся парадокс – твар улады не зьмяніўся”, бо Украіну зноў абвінавачваюць у карупцыі, адсутнасьці публічных працэсаў у прыватызацыі ды увогуле ў эканоміцы. Паводле спадара Юшчанкі, “на першы плян выканаўчай сыстэмы улады выйшаў піар”, а некаторыя чыноўнікі ужо не уяўляюць сабе жыцьця без тэлекамэраў. (Юшчанка: ) “Сёньня я мушу сказаць сваім суайчыньнікам, што я мушу прыняць радыкальныя крокі па зьмене кіраўніцтва ўраду, РНБА й сакратарыяту прэзыдэнта. Паўтарую, я хачу ад цяпер бачыць найвышэшыя дзяржаўныя інстытуты ў сыстэме працы адзінай каманды, якія працуюць на тое, каб у людзей былі рабочыя месцы, лепшыя зарплаты, лепшыя школы, лепшая мэдыцына, каб людзі адчувалі, што ўлада працуе ў згодзе й гармоніі, а дзяржава – у спакоі й стабільнасьці. Таму я падпісваю ўказ на адстаўку ўраду, на адстаўку сакратара РНБА й некалькі дзён таму на базе пададзенай Зінчанкам заявы пра адстаўку я прызначыў дзяржаўным сакратаром Украіны Алега Барысавіча Рыбачука”.

Спадар Рыбачук, які да нядаўняга часу быў віцэ-прэм’ерам у пытаньнях эўраінтэграцыі ва ўрадзе Юліі Цімашэнкі, сядзеў на прэсавай канфэрэнцыі побач зь Віктарам Юшчанкам. Стала зразумелым, што ён застанецца на пасадзе. Фармаваць новы ўрад Украіны прэзыдэнт даручыў цяперашняму губэрнатару Днепрапятроўскай вобласьці Юрыю Еханураву, які пакуль ад камэнтароў адмовіўся й накіраваўся ня ў Кіеў, а ў Адэсу, як было заплянавана раней.

Прэзыдэнт таксама на час расьсьледваньня адхіліў ад пасады свайго першага памочніка Аляксандра Трацьцякова, якога экс-дзяржсакратар Аляксандар Зінчанка абвінаваціў у карумпаванасьці. Віктар Юшчанка сказаў, што правядзе кансультацыі наконт генпракурора Сьвятаслава Піскуна ды кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Аляксандра Турчынава. Аднак спадар Турчынаў, былы аднапартыец Юліі Цімашэнкі, пазьней сам падаў у адстаўку. Спадарыня Цімашэнка пакуль нічога не камэнтавала.

***

Выконваючым абавязкі прэм’ер-міністра быў прызначаны 57-гадовы губэрнатар Днепрапятроўскай вобласьці Юры Еханураў, бурат паводле нацыянальнага паходжаньня. Еханураў нарадзіўся ў Якуціі, але жыве ва Ўкраіне ўжо звыш 40 гадоў, тут ён закончыў тэхнікум і інстытут народнай гаспадаркі. Працаваў на розных гаспадарчых пасадах, у сярэдзіне 90-х быў старшынём фонду дзяржаўнай маёмасьці, і меў непасрэднае дачыненьне да працэсу прыватызацыі. У сьнежні 1999 году прызначаны першым віцэ-прэм’ерам, у траўні 2001 году пайшоў у адстаўку. Ад 2002 году да леташняй “аранжавай рэвалюцыі” -- дэпутат Вярхоўнай рады ад блёка Віктара Юшчанкі “Наша Ўкраіна", старшыня парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях прамысловасьці і прадпрымальніцтва.

***

"Адстаўка ўраду Украіны не паўплывае на дачыненьні гэтай краіны з Эўразьвязам," – заявіла сёньня ў Брусэлі прадстаўніца дырэкцыі Эўракамісіі па сувязях з грамадзкасьцю Эма Удвін.

(Удвін: ) “Нам было вельмі прыемна працаваць з праэўрапейскім, рэфармісцкім урадам. Мы спадзяемся працягваць супрацоўніцтва з камандай, якая будзе мець тыя ж самыя прыярытэты і абавязаньні”.

Удвін таксама выказала спадзяваньне, што украінскія ўлады будуць і надалей ісьці па абяцанаму імі падчас выбараў шляху рэформаў і барацьбы з карупцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG