Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША – “Newsweek”, у ФРН – “Stern”, у Польшчы – “Wprost”, у Беларусі – ?


Іна Студзінская, Менск У Амэрыцы – “Newsweek”, у Нямеччыне – “Focus” і “Stern”, у Польшчы – “Wprost” і “Polityka”, у Расеі – “Итоги”, ва Ўкраіне – “Корреспондент”, “Поступ”… Салідныя грамадзка-палітычныя тыднёвікі, разьлічаныя на сур’ёзнага, падрыхтаванага чытача, ёсьць практычна паўсюль. А што чытаюць у Беларусі? Чаму ў краіне лічаныя адзінкі грунтоўных, уплывовых грамадзка-палітычных і аналітычных выданьняў, высьвятляла наша карэспандэнтка.

Што чытаюць беларусы, ці ёсьць тут сур''ёзныя грамадзка-палітычныя часопісы? Спачатку прыслухаемся да меркаваньняў чытачоў.

(Спадар: ) “Няма наагул. Я такіх ня ведаю. “Горизонты” – гэта быццам бы імідж беларусаў у сьвеце, аднак такі імідж, што глянцавы бляск гэты пачырванеў, напэўна. За даляглядам усё засталося...”

(Дзяўчына: ) “Часопісы сур’ёзныя? Я ведаю “Arche”, але ён больш культурніцкі. Здаецца, выходзяць яшчэ “Нёман”, нейкія глянцавыя жаночыя часопісы. Дакладна сказаць не магу”.

(Спадар: ) “Грамадзка-палітычныя выданьні? Ня ведаю нічога, акрамя газэт...”

(Спадарыня: ) "Якія я ведаю часопісы? Цяжка сказаць. Я чытаю “Лізу”, “Космополитен”, але гэта, напэўна, расейскія. І не пра палітыку. Ня ведаю...”

***

Першай спробай выданьня сур''ёзнага аналітычнага часопісу ў Беларусі можна лічыць “Кур’ер”, які ў 1998 годзе пачаў рэдагаваць Ігар Гермянчук. “Кур’ер” выходзіць і цяпер, але нерэгулярна. Досыць пасьпяховым недзяржаўным праектам можна лічыць эканамічны часопіс “Дело. Восток-Запад”. Ёсьць яшчэ “Arche”,”які пачынаўся як культурніцкі праект, але апошнім часам палітызаваўся.

Што да дзяржаўных выданьняў, шмат гадоў выходзіць “Беларуская думка”, але й сёньня выглядае часопіс даволі сьціпла, дый наклад мізэрны.

Адміністрацыя прэзыдэнта выдае так званыя “ангельскамоўныя мэдыі”, часопісы “Горизонты” і "Belarus". Яны, натуральна, ілюстраваныя, паліграфія шыкоўная. На пачатку жніўня зьявілася яшчэ і “Планета” – яркая, каляровая, таксама зь вялікімі прэтэнзіямі. Як сказаў галоўны рэдактар Усевалад Янчэўскі, гэта, у першую чаргу, міжнародны часопіс, як будзе абмяркоўваць праблемы ўсясьветнай цывілізацыі. Цікава – дзе Ўсевалад Янчэўскі знайшоў столькі журналістаў-міжнароднікаў высокай кваліфікацыі? Але ён адказаў, што не арыентуецца на састарэлы прынцып фармаваньня рэдакцыйнага штату:

(Янчэўскі: ) “Самыя розныя аўтары будуць. Прычым, ня толькі беларускія. Мы ня будзем абмяжоўвацца рамкамі рэдакцыі часопісу, якая вельмі невялікая – пяць чалавек”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі ня сакрэт, адкуль і хто, назавіце імёны”.

(Янчэўскі: ) “Гэта людзі, якія ажыцьцяўляюць тэхнічныя функцыі. Журналістаў, магчыма, і ня будзе, штатных, якія працуюць у часопісе”.

Бальшыня матэрыялаў у новым часопісе чамусьці ананімныя. Заснавальнікі выданьня – “Белтрансгаз”, Адміністрацыя прэзыдэнта, а куратар – намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алег Праляскоўскі.

Вельмі нагадвае ўсё гэта савецкія часы, калі выходзілі надзвычай падобныя адзін да аднаго “Коммунист Белорусии”, “Молодой коммунист”, “Блокнот політінформатора"...

У 1980-я гады, калі немагчыма было падпісацца на “Огонёк”, “Новый мир”, “Юность”, у Беларусі зьявілася надзвычай папулярная “Крыніца” (дарэчы, выходзіў часопіс і па-беларуску, і па-расейску – “Родник”). Рэдактарам быў паэт Уладзімер Някляеў, ягоным намесьнікам – Павал Якубовіч. А потым, з 1990-х гадоў, – зацішша. “Коммуністы” і “пропагандісты” зьніклі, а што зьявілася? Амаль нічога, акрамя таго, што за адсутнасьцю сур''ёзных аналітычных часопісаў некалькі гадоў таму, да прыкладу, у літаратурным часопісе “Нёман” сталі друкаваць прамовы Аляксандра Лукашэнкі.

Няма ў краіне нічога падобнага да расейскіх “Итогов”, польскіх “Polityki” i “Wprost”, украінскіх “Корреспондента”, “Поступу” ды іншых. Чаму? Вось меркаваньне вядомага журналіста Рамана Якаўлеўскага.

(Якаўлеўскі: ) “У нас няма мэдыйнага рынку. Па-першае, рэклямадаўцам даюць “па галаве”, калі яны зьмяшчаюць рэкляму ў апазыцыйных уладзе выданьнях. Папросту “выломваюць” рукі і забараняюць даваць. А без прыбытку ад рэклямы як можа існаваць часопіс? Па-другое, ніхто ўкладаць ня хоча ў мэдыйны рынак, таму што прэса знаходзіцца пад татальным кантролем”.

Са спадаром Якаўлеўскім цалкам салідарны і цяперашні галоўны рэдактар часопісу “Кур’ер” Аляксандар Вальвачоў:

(Вальвачоў: ) “Напэўна, мэдыйны рынак адсутнічае як рынак, перш за ўсё, з-за немагчымасьці ўмоваў. У сілу спэцыфікі рэгуляваньня гэтага рынку сюды, канечне ж, не заманіш, калом не загоніш нейкіх нармальных інвэстараў, якія б укладалі ў гэта як у бізнэс”.

Што да часопісу “Кур’ер”, які некалі стаў, так бы мовіць, першай ластаўкай у Беларусі, выходзіць ён цяпер нерэгулярна.

(Вальвачоў: ) “Выхад – раз на 2-3 месяцы – гэта нонсэнс для часопісу. Яшчэ для літаратурна-мастацкага альманаху куды не ішло, а для выданьня, якое павінна камэнтаваць грамадзка-палітычныя падзеі, сачыць за падзеямі, гэта, канешне, нонсэнс”.

А вось беларускі палітоляг Віталь Сіліцкі, які працуе цяпер ў ЗША, выказаў такое меркаваньне.

(Сіліцкі: ) “Добры аналітычны праект – па-першае, гэта не для шырокай публікі. Гэта не папулярнае выданьне. Для таго, каб яно існавала, патрэбны вельмі вялікія ўкладаньні і даволі заможная публіка, людзі, якія маюць вельмі высокі інтэлект і пэўныя прыбыткі. А наша грамадзтва апошнім часам вельмі прымітызавалася… Сур''ёзны аналітычны прадукт – яго цяжка зрабіць і цяжка распаўсюдзіць”.

Сапраўды, падобныя ініцыятывы вымагаюць сур’ёзных інвэстыцыяў. Але ёсьць прэцэдэнт: часопіс “Arche”, нягледзячы на забароны распаўсюду праз “Белсаюздрук”, іншыя цяжкасьці, цягам сямі гадоў выходзіць і мае сталую, сур’ёзную аўдыторыю. Сакрэтамі дзеліцца заснавальнік і выдавец Валерка Булгакаў:

(Булгакаў: ) “Для “Arche” пытаньне грошай ніколі не было асноўным. Асноўным было тое, што рабленьне часопісу “Arche” патрабуе вельмі высокай кваліфікацыі. У Беларусі 50-100 чалавек на ўсю краіну, якія б маглі гэта рабіць. Плюс у “Arche” з самага пачатку мы ішлі шляхам максымальнай эканоміі сродкаў. У нас адсутнічае рэдакцыя, фактычна ў штаце тры з паловай чалавекі”.

Напэўна, некарэктна параўноўваць беларускія выданьні кшталту недзяржаўнага альманаху “Arche” і нават прэзыдэнцкай “Планеты” з усясьветна вядомымі “Newsweek”,“Focus”, “Stern”, “Spiеgel”. У “Spiеgel”, да прыкладу, працуе 70 рэдактараў, якія займаюцца толькі вэрыфікацыяй інфармацыі. Гэта сапраўды грандыёзныя інфармацыйныя фабрыкі, якія маюць унікальныя архівы, фота-, фона-, відэатэкі. У беларускіх варунках, натуральна, зрабіць такое вялікае прадпрыемства вельмі цяжка. І справа, як ужо гаварылася, ня толькі ў адсутнасьці сур’ёзных інвэстыцыяў – вельмі абмежаваны і інтэлектуальны рэсурс.

Але самае галоўнае, лічыць выдавец “Arche” Валерка Булгакаў у наступным:

(Булгакаў: ) “Вельмі часта ў людзей нейкая пасіўнасьць, няма лёгкай, я б сказаў, “безуминки”, лёгкага вар’яцтва, якое б дазваляла займацца такімі праектамі. Выдавецкі бізнэс – гэта ня той бізнэс, дзе можна лёгка зарабіць вялікія грошы. Гэта той бізнэс, дзе можна атрымаць вельмі шмат гузакоў ад нашых уладаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG