Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты "Кмары" расказалі пра свае прыгоды ў Менску


Юры Сьвірко, Кіеў Вызваленьне і прылёт сяброў руху “Кмара” Лукі Цуладзэ й Георгія Кандэлакі зь Менску ў Кіеў стаўся тут вялікай падзеяй тамтэйшага палітычнага жыцьця. Прэсавую канфэрэнцыю з гэтай нагоды адкрываў дарадца прэзыдэнта Віктара Юшчанкі й лідэр партыі “Пора” Ўладзіслаў Каськіў. Украінскія ўдзельнікі гэтага захаду паабяцалі рабіць усё мажлівае дзеля дэмакратызацыі Беларусі, а грузінскія – “пасадзіць” арганізатараў іхняга арышту.

На прэсавай канфэрэнцыі ў кіеўскай штаб-кватэры агенцтва УНІАН старшыня камітэту ў справах абароны й бясьпекі парлямэнту Грузіі Гіві Таргамадзэ назваў апошнія падзеі вакол двух грузінскіх грамадзян у Менску “апэрацыяй вызваленьня”. Спадар Таргамадзэ заявіў, што гэтая тэма гучала й падчас нядаўняга саміту СНД у Казані:

(Таргамадзэ: ) “Прэзыдэнт Юшчанка закранаў гэтую тэму ў Казані ў размове з Лукашэнкам. Мы ня маем амбасады ў Беларусі – украінская амбасада ў Менску практычна працавала ў рэжыме нашай амбасады. Прадстаўнікі авіякампаніі “Украінскія міжземнаморскія авіялініі” пайшлі на беспрэцдэтны крок – на паўтары гадзіны затрымала рэйс самалёту, каб хлопцы пасьпелі сесьці на яго, бо іх далейшае знаходжаньне ў Менску было зьвязанае зь небясьпекай новай правакацыі”.

“Гэта перамога і грузінскай, і ўкраінскай дыпляматыі”, – заявіў Гіві Таргамадзэ. Ён таксама дадаў, што афіцыйны Тбілісі ў гэтай сытуацыі паводзіў сябе стрымана, аднак “у будучыні не зьбіраецца гэтага рабіць”. Паводле грузінскага дэпутата, Грузія не займаецца экспартам рэвалюцыяў, але “беларускі народ церпіць ліха ад свайго прэзыдэнцтва, таму ёсьць падстава ўсімі нашымі сродкамі дапамагаць беларускаму народу й дзяліцца досьведам”.

У інтэрвію Радыё Свабода адзін з вызваленых – Георгій Кандэлакі – сказаў, што па-ранейшаму будзе падтрымліваць кантакты зь беларускімі сябрамі ды прыедзе ў Менск “пры першай мажлівасьці”, бо ў ягоным пашпарце штампу пра забарону на ўезд няма.

Спадар Кандэлакі паабяцаў таксама разабрацца з тымі, хто пасадзіў яго ў Менску.

(Кандэлакі: ) “Я б хацеў з дапамогай вашага радыё перадаць нашым “сябрам” у двукосьсі, што мы ім абяцаем тое самае. Тым, хто даў ілжывыя сьведчаньні, судзьдзі, ілжэсьведкам, тым, хто браў удзел у гэтай справе”.

Спадар Кандэлакі прадэманстраваў рахунак на 50 тысячаў беларускіх рублёў, якія давялося заплаціць за знаходжаньне ў спэцпрыёмніку разьмеркавальніку на Акрэсьціна.

Ягоны сябар Лука Цуладзэ падзяліўся са мной сваімі ўражаньнямі ад гэтай установы, дзе асаблівую ўвагу прыцягнула ягонае імя:

(Цуладзэ: ) “Мяне завуць ЛУка, а яго – ЛукА. Але гэта не дапамагло”.

Спадар Цуладзэ гэтак ацаніў сытуацыю ў Беларусі:

(Цуладзэ: ) “Усе, усе баяцца. Абстаноўка робіцца больш напружанай, але па-мойму, там усё скончыцца добра. Мы так спадзяемся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG