Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраілі працягваюць абмяркоўваць справу беларускіх наёмных забойцаў


Алена Струвэ, Менск Ізраільская газэта Jerusalem Post сёньня зноў вяртаецца да гучнай справы чатырох беларускіх наёмных забойцаў, якія былі арыштаваныя летась у Ізраілі і якім інкрымінуецца замах як на жыцьці мясцовых крымінальных босаў, так і на жыцьцё бацькі вядомага ізраільскага заканадаўцы.

Спасылаючыся на крыніцы ў тэль-авіўскіх сьледчых структурах, выданьне называе імя яшчэ аднаго фігуранта - літоўскага грамадзяніна Марыюса Дайнаўскаса, які, быццам бы, трэніраваў і навучаў беларускіх наёмнікаў. Баявы арсэнал, які быў знойдзены на тэль-авіўскай кватэры беларусаў і ў які ўваходзілі вялікая колькасьць пісталетаў, аўтаматаў, выбухоўка, прылады начнога бачаньня, прадметы грыму і маскіроўкі, паліцэйскія экспэрты называюць беспрэцэдэнтным.

Паводле сьледзтва, беларускія наёмнікі трапілі ў Ізраіль з Эгіпту. Ня выключана, што іх наняў адзін са злачынных кланаў Ізраілю. Якую ролю адыгрывае ў гэтым клане Марыюс Даўнаўскас - не паведамляецца. Як вынікае з афіцыйных матэрыялаў, у Ізраіль літовец трапіў пару год таму і жыў там з падробленым ізраільскім пашпартам. Пасьля арышту беларусаў ён вельмі хутка апынуўся ў Празе, дзе некаторы час працаваў ахоўнікам ў казіно. Дарэчы, гэтая праская ўстанова належала буйному ізраільскаму крымінальнаму аўтарытэту. Пасьля таго, як на ягонае жыцьцё быў зроблены замах, Дайнаўскас зьехаў з Чэхіі ў трэцюю краіну. Там яго асудзілі за фальшаваныя дакумэнты і цяпер ён адбывае пакараньне ў адной зь мясцовых турмаў. Паліцыя Тэль-Авіву накіравала да літоўскіх ўладаў запыт адносна экстрадыцыі Даўнаўскаса ў Ізраіль і чакае адпаведнага рашэньня зь Вільні.

Як піша ізраільская прэса, найвялікшая праблема краіны, у якой пражывае больш за мільён выхадцаў з СССР, у тым, што яна паступова ператвараецца ў адно з асноўных месцаў засяроджаньня арганізаванай постсавецкай злачыннасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG