Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску зьбіраецца вучыць беларускую мову


Валер Каліноўскі, Менск Амбасадар Оке Пэтэрсан, новапрызначаны кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску, распачаў працу ў Беларусі. Найперш ён зьбіраецца правесьці сустрэчы з прадстаўнікамі ўладных структураў і грамадзянскай супольнасьці Беларусі. На першай прэсавай канфэрэнцыі амбасадара Пэтэрсана пабываў наш карэспандэнт.

Оке Пэтэрсан — кадравы дыплямат. Ён шмат працаваў у структурах МЗС Швэцыі. У 2000-2004 гадох Оке Пэтэрсан быў швэдзкім амбасадарам ва Ўкраіне, дзе няблага вывучыў украінскую мову. Цяпер спадар Пэтэрсан зьбіраецца засвоіць беларускую мову, і ўжо чытае беларускамоўныя газэты.

(Пэтэрсан: ) “Так, калі вы мяне разумееце, як я цяпер размаўляю ўкраінскаю моваю, то значыцца — у мяне ёсьць добрая база для вывучэньня беларускай мовы таксама”.

Але параўноўваць сытуацыю ва Ўкраіне й Беларусі спадар Пэтэрсан пакуль устрымліваецца, як і наагул рабіць нейкія ацэнкі беларускай сытуацыі. Пакуль ён толькі знаёміцца з краінай і выказвае спадзеў на канструктыўнае супрацоўніцтва — як з уладамі, так і з грамадзянскай супольнасьцю – з мэтай выкананьня задач офісу АБСЭ.

Амбасадар Пэтэрсан правёў ужо сустрэчу з намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Віктарам Гайсёнкам. Не выключае ён і мажлівасьці асабістай размовы з Аляксандрам Лукашэнкам. І спадзяецца на шырокае кола сустрэч з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў і палітычных партыяў Беларусі.

(Пэтэрсан: ) “Таксама мы павінны пагутарыць з усімі, каго закранае наша праца тут нейкім чынам. Таму, натуральна, — з усімі”.

У сувязі з набліжэньнем выбарчай кампаніі, спадар Пэтэрсан выказаў спадзяваньне, што Беларусь запросіць на выбары назіральнікаў ад АБСЭ й ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека. Наконт таго, як будзе працаваць Менскі офіс АБСЭ пад час гэтай кампаніі, пакуль ніякіх спэцыяльных рашэньняў не прынята.

(Пэтэрсан: ) “Як будзе працаваць тут АБСЭ як арганізацыя, — гэта будзе залежаць ня проста ад мяне. Гэта будзе залежаць ад Беларусі й ад старшынёўства АБСЭ. Цяпер гэта Славенія, у наступным годзе будзе Бэльгія… Так, гэта вельмі важныя падзеі”.

Спадар Пэтэрсан пазытыўна ацаніў працу ў Менску свайго папярэдніка — амбасадара Эбэргарда Гайкена — і зьбіраецца скарыстацца ягоным досьведам як базай для сваёй працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG