Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці арыштаваных актывістаў “Кхмары” просяць вызваліць сыноў


Валер Каліноўскі, Менск Лалі Кандэлакі і Паціко Мікадзэ, маці арыштаваных у Беларусі актывістаў грузінскай арганізацыі “Кхмара” Георгія Кандэлакі і Лукі Цуладзэ, зьвярнуліся да беларускіх уладаў з просьбай вярнуць іх дзяцей у сем’і. Яны ня вераць, што іхныя сыны маглі ўчыніць у Беларусі нейкае злачынства. З маці арыштаваных у Менску грузінскіх моладзевых актывістаў размаўляў наш карэспандэнт.

Маці арыштаванага ў Беларусі актывіста грузінскай арганізацыі “Кхмара” Георгія Кандэлакі Лалі Кандэлакі паведаміла “Свабодзе”, што ніякай інфармацыі аб прычынах затрыманьня яе сына, ранейшага рашэньня беларускіх уладаў пра дэпартацыю яго, а таксама аб стане ягонага здароўя яна дагэтуль ня мае. Яна нават ня ведае, ці кормяць яго, ці яго не пабілі падчас знаходжаньня ў турме. Беларускія праваахоўчыя органы ні разу не далі яе сыну патэлефанаваць дадому. Лалі Кандэлакі вельмі хвалюецца і ня можа схаваць сваіх эмоцыяў:

(Кандэлакі: ) “Тое, што яго затрымала міліцыя ў Беларусі, ведаеце, мне так страшна, я думаю, што яго б’юць там, можа быць, яго атручваюць там, праз усё гэта я магу проста страціць розум”.

Лалі Кандэлакі просіць беларускія ўлады выпусьціць яе сына. Яна пагаджаецца нават на тое, каб яго дэпартавалі, забараніўшы прыяжджаць у Беларусь, але каб вярнулі ў сям’ю.

(Кандэлакі: ) “Нічога, нічога не паведамляюць, я чакаю дзень і ноч, дзень і ноч. Нэрвуюся вельмі. Толькі гляджу тэлевізар, слухаю, што кажуць”.

Такая ж напружаная сытуацыя цяпер і ў сям’і Цуладзэ. Маці арыштаванага ў Менску Лукі Цуладзэ Паціко Мікадзэ папрасіла праз радыё “Свабода” перадаць яе зварот да Аляксандра Лукашэнкі.

(Мікадзэ: ) “Я маці, і я вельмі нэрвуюся, я ня сплю, ня ем, я ня ведаю, як мой сын там. Я вельмі прашу, у яго таксама там, напэўна, ёсьць сям’я, таксама ёсьць маладыя сыны дома... Яны маладыя, можа, там нешта так не было, як хацеў Лукашэнка, але як-небудзь, як-небудзь, можа быць, як маці я прашу, можа быць, яны выпусьцяць яго і вернуць да нас, дадому”.

Паціко Мікадзэ паведаміла, што і Лука Цуладзэ, і Георгій Кандэлакі ніколі раней не былі ў Беларусі. Маці Лукі мяркуе, што ні яе сын, ні Георгій ніякай пагрозы Аляксандру Лукашэнку не нясуць. Яна падкрэсьлівае: гэта маладыя інтэлігентныя людзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG