Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буш спадзяецца ўбачыць незалежную Палестыну?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Пасьля выхаду Ізраілю з Паласы Газы і эвакуацыі некалькіх габрэйскіх пасяленьняў з Заходняга берагу Ярдану настаў рэдкі момант замірэньня ў арабска-ізраільскіх стасунках. У паветры, магчыма, і не надоўга, але лунае слова “мір”. Дык які крок можа стаць наступным у доўгай палестынска-ізраільскай эпапэі?

Тэлеэкраны ўсяго сьвету паказалі падрабязнасьці высяленьня габрэйскіх пасяленцаў. Упершыню ізраільцяне вярталі раней імі акупаваныя землі палестынцам. Камэры зафіксавалі пакутлівае расстаньне са сваімі дамамі пасяленцаў і цьвёрдасьць вайскоўцаў, якія праводзілі эвакуацыю, хоць і тыя часам таксама плакалі.

Вайскоўцы падпарадкаваліся загаду чалавека, які раней зьяўляўся ўвасабленьнем бескампраміснасьці. І тым ня меней, менавіта Арыэль Шарон першым зразумеў, што бясплённа трымацца за кавалак зямлі, населенай болей чым мільёнам варожых да Ізраілю палестынцаў. Вось пункт гледжаньня ізраільскага прэм’ера на тое, што адбылося, выказаны з звароце да вайскоўцаў, якія ажыцьцяўлялі высяленьне.

(Шарон: ) “Сапраўды, вы зрабілі тут нешта, што было невыносна цяжкім. Цяжкім для пасяленцаў, цяжкім для вас, але істотным для дзяржавы Ізраіль”.

Эгіпэцкі прэзыдэнт Хосьні Мубарак назваў Шарона чалавекам слова і адзіным ізраільцам, які здольны на мір. Палестынскі лідэр Махмуд Абас таксама пахваліў ізраільскага прэм’ера і назваў сябе партнэрам Шарона ў мірным працэсе. Абодва лідэры пагадзіліся неўзабаве сустрэцца. Цяпер пытаньне ў тым, як выкарыстаць гэты момант дзеля далейшага міру? Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у аўторак заклікаў бакі вярнуцца да перамоваў адносна мірнага працэсу “дарожная мапа”.

(Буш: ) “Я вітаю прэм''ер-міністра Шарона, што ён выканаў сваё рашэньне, якое сапраўды зьмяніла дынаміку праблемы і сапраўды дала надзею палестынцам. Я спадзяюся, што аднойчы мы ўбачым дзьве дэмакратычныя дзяржавы, якія мірна суіснуюць”.

Аднак ня ўсе вераць у новае аблічча Шарона. Назіральнікі заўважаюць, што ён можа яшчэ болей цьвёрда падтрымаць будаўніцтва новых габрэйскіх пасяленьняў на акупаваным Заходнім Беразе і ва Ўсходнім Ерусаліме.

Аналітыкі зьвяртаюць увагу і на іншы бок справы, адзначаючы, што выхад Ізраілю з Паласы Газы – аднабаковы рух, а дамагчыся міру праз аднабаковыя дзеяньні немагчыма. У адказ палестынцы таксама павінны ўзяць нейкія новыя абавязацельствы.

Тым часам, у разьвіцьцё падзеяў мінулага тыдня на Блізкім Усходзе Ізраіль і Эгіпэт падпісалі пагадненьне, што цяпер кантраляваць мяжу Паласы Газы з Эгіптам будуць не ізраільскія, а эгіпэцкія памежнікі. Іхнай задачай – не дапусьціць кантрабанды зброі ў Паласу Газы з тэрыторыі Эгіпту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG