Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларуска-ўкраінскай мяжы затрыманыя 15 віетнамцаў


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць У Добрускім раёне пры спробе нелегальна перасячы беларуска-ўкраінскую мяжу затрыманы 15 мігрантаў з Віетнаму й 2 украінскія праваднікі. Гэта далёка ня першы выпадак, калі беларуская тэрыторыя выкарыстоўваецца як своеасаблівы калідор для нелегальных мігрантаў з Расеі ва Ўкраіну й далей — на Захад.

Беларуска-ўкраінскую мяжу нелегалы з В’етнаму спрабавалі пераадолець уначы. Дапамагалі ім у гэтым двох украінскіх грамадзян зь вёскі Аўтунічы Чарнігаўскай вобласьці. Нелегалы й праваднікі затрыманы памежнікамі Гомельскага атраду.

Беларуская тэрыторыя выкарыстоўваецца як своеасаблівы калідор для нелегальных мігрантаў з азіяцкіх ды афрыканскіх краінаў не ўпершыню. Зазвычай яны прыяжджаюць у Расею, адтуль — у Беларусь, і ўжо зь Беларусі імкнуцца патрапіць ва Ўкраіну й далей на Захад.

Цікаўлюся ў начальніка штабу Гомельскага памежнага атраду падпалкоўніка Ўладзімера Іванеўскага, чаму менавіта беларуская тэрыторыя аблюбавана нелегаламі?.. Здавалася б, прасьцей з Расеі адразу перабірацца ва Ўкраіну.

(Іванеўскі: ) “Тут шмат розных прычынаў. Украінскія праваднікі, што затрыманы разам зь нелегаламі, яны, канечне, лепей ведаюць тэрыторыю там, дзе жывуць. Таму й водзяць гэтым шляхам нелегалаў. Апрача таго, памежнікі Ўкраіны ведаюць надзейнасьць працы беларускіх памежнікаў і ў большай ступені давяраюць нам. Асноўныя ж намаганьні яны засяроджваюць на расейскім участку”.

Некаторыя назіральнікі паток нелегалаў з Расеі ў Беларусь зьвязваюць найперш з празрыстасьцю мяжы паміж дзьвюма краінамі. Бо ж патрапіць на беларускую тэрыторыю з Расеі надзвычай проста любым цягніком альбо аўтамабільным транспартам.

Такога меркаваньня прытрымліваецца й першы намесьнік начальніка памежнай управы Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі ў Бранскай вобласьці Мікалай Сошын.

(Сошын: ) “Больш адкрытая мяжа зь Беларусьсю, чым з Украінай, відавочна, і дазваляе лягчэй трапляць мігрантам у Беларусь. Магчыма, яны мяркуюць, што мяжа паміж Беларусьсю й Украінай ахоўваецца ня так шчыльна, як паміж Расеяй і Ўкраінай. Мы ў мінулыя гады шмат “шугалі” мігрантаў на расейска-ўкраінскай мяжы. Відаць, цяпер яны й пазьбягаюць нас — больш баяцца расейскіх і ўкраінскіх памежнікаў, чымсьці беларускіх і ўкраінскіх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG