Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады зьліквідавалі выдаўца газэты “День”


Валер Каліноўскі, Менск Менгарвыканкам ліквідаваў таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Деньпресс”, якое зьяўляецца выдаўцом недзяржаўнай газэты “День”. На думку рэдактара газэты Міколы Маркевіча, улады пайшлі на гэты крок, каб такім чынам спыніць выхад ягонага выданьня.

Рашэньне пра ліквідацыю таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Деньпресс” было падпісанае 4 ліпеня на падставе прадстаўленьня падатковай інспэкцыі Цэнтральнага раёну Менску. Прычынай названа “неажыцьцяўленьне ТАА прадпрымальніцкай дзейнасьці цягам 6 месяцаў запар і ненакіраваньне камэрцыйнай арганізацыяй падатковаму органу паведамленьня аб прычынах гэтага”.

Кіраўнік ТАА “Деньпресс” Мікола Маркевіч даведаўся пра гэтае рашэньне менскіх уладаў толькі 19 жніўня.

Ліквідацыя заснавальніка азначае аўтаматычную ліквідацыю газэты, гаворыць Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Па-першае, яны гэта зрабілі кулюарна і заднім чыслом. Пра гэта стала вядома літаральна ў пятніцу. А па-другое, калі сёньня ім гаварыць, што вы закрылі газэту, то яны адкажуць, што ніякую газэту не закрывалі. Маўляў, мы закрылі нейкае ТАА “Деньпресс”… Цяпер яны зрабілі больш спрытна, чым тады, калі закрывалі “Пагоню”.

Мікола Маркевіч мяркуе, што ўлады адмыслова імкнуліся зрабіць так, каб гэты выпадак нібыта ня меў дачыненьня да праблемы свабоды слова ў Беларусі.

Газэта “День” увесь час мела праблемы з юрыдычным адрасам, перасьледам праваахоўных органаў. Але нягледзячы на ціск, выданьне працягвала існаваць, быў выдадзены нумар ад 26 травеня, які быў аднак затрыманы міліцыяй недалёка ад беларуска-расейскай мяжы.

(Маркевіч: ) “Калі тыя, хто з намі змагаецца, пабачылі, што нягледзячы на ўсе гэтыя рэпрэсіі мы даем сабе рады, і газэта адраджаецца, вось-вось яна зноў прыйдзе да людзей, то яны вырашылі яго проста зьнішчыць”.

ТАА “Деньпресс” на справе займаўся гаспадарчай дзейнасьцю, таму спадар Маркевіч лічыць рашэньне Менскага гарвыканкаму незаконным і зьбіраецца абскардзіць яго ў судзе, хаця ў справядлівасьць беларускага правасудзьдзя Мікола Маркевіч ня верыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG