Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашыраецца канфлікт вакол літоўскага сховішча радыяактыўных адкідаў


Ганна Соусь, Менск Міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс зьвінаваціў беларускія ўлады ў прапагандысцкім выкарыстаньні інфармацыі пра будаўніцтва сховішча адпрацаванага ядзернага паліва Ігналінскай АЭС. Нашая карэспандэнтка сёньня зьвязалася з навукоўцамі літоўскага Агенцтва ў справе абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі й беларускага Інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў і пацікавілася іхным пунктам гледжаньня на дадзеную сытуацыю

Заява кіраўніка літоўскага МЗС сталася адказам на выказаны на мінулым тыдні пратэст беларускага Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя што да плянаў Літвы збудаваць сховішча радыяактыўных адкідаў ля мяжы зь Беларусьсю. Міністар Антанас Валёніс заявіў учора, што “сховішча побач з Ігналінскай станцыяй ўсё роўна будзе збудавана, а беларускія ўлады не павінны выкарыстоўваць інфармацыю пра гэта з прапагандысцкімі мэтамі”.

Як патлумачыў сёньня Радыё Свабода намесьнік дырэктара літоўскай Агенцыі ў справе абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі Альгірдас Вайдотас, уся інфармацыя пра плянаванае будаўніцтва перадаецца беларускаму боку. Але пакуль яшчэ ня вызначана месца для сховішча, і толькі пачаліся праектныя работы.

(Вайдотас: ) “Атамная станцыя разьмешчана на мяжы. І яна больш прыцягальная для тэрарыстаў, калі працуе, а не калі закрытая. А радыяактыўныя адкіды добра упакаваныя ды схаваныя. Пры закрыцьці станцыі радыяактыўныя адкіды трэба апрацоўваць ў адпаведнасьці зь літоўскім і міжнародным заканадаўствам. Таму будзе стварацца апрацоўчае прадпрыемства й побач, верагодна, — сховішча для трох відаў адкідаў. Гэта ня значыць, што могільнік ёсьць сховішчам для кароткадзейных адкідаў малой і сярэдняй радыяактыўнасьці й высокаактыўнага адпрацаванага паліва. Наша задача — паказаць, што для нашых дзяцей гэта будзе бясьпечна”.

Супрацоўнік беларускага Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў “Сосны” кандыдат тэхнічных навук Уладзімер Скурат мяркуе, што любое знаходжаньне радыяактыўных адкідаў патэнцыйна небясьпечнае.

(Скурат: ) “Была нашая група спэцыялістаў у Літве, і дамовіліся стварыць кансультатыўную групу дзеля апэратыўнага абмену інфармацыяй пра тое, што ў нас адбываецца (з гледзішча экалёгіі), і што яны зьбіраюцца рабіць. Група пачне працаваць зь лістапада. У іх ужо зьявяцца праекты гэтых аб’ектаў, якія можна будзе аналізаваць. У адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам, уплываць на іх нельга. Можна прасіць, каб нас інфармавалі. Літоўскі бок і не адмаўляецца даваць інфармацыю — калі яна будзе зьяўляцца”.

І тут варта правесьці наступную паралель. Летась на Берасьцейшчыне, у вёсцы Струга Маларыцкага раёну, што ў 20–ці кілямэтрах ад польскай мяжы, беларускія ўлады збудавалі могільнік для радыяактыўнай глебы, не запытаўшыся мясцовых жыхароў і не зважаючы на пратэсты польскага боку.

Згадвае дэпутат Маларыцкага райсавету Ўладзімер Малей, які тады быў адным з ініцыятараў мясцовага рэфэрэндуму ў гэтым пытаньні.

(Малей: ) “Ува ўсіх цэнтральных польскіх газэтах пісалі: “Асьцярожна! Уран у Беларусі”. Паніка была. І яны зьвярталіся да беларускага боку па інфармацыю. А ім далі адказ — напісалі няпраўду: указалі недакладную адлегласьць да Польшчы; напісалі, як выконваецца праект. Аднак потым праект быў зьменены”.

Міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс гэтаксама паабяцаў зрабіць адпаведныя захады, калі Беларусь пачне будаўніцтва двух буйных сьвінагадоўчых комплексаў на літоўскай мяжы ў адказ на ўзьвядзеньне ў Літве сховішча адпрацаванага ядзернага паліва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG