Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба Беларусі пераарыентоўваць свой марскі транзыт на Калінінградзкі порт?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусскій рынок” Тацяна Манёнак і дырэктар Цэнтру па праблемах эўрапейскай інтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Юры Шаўцоў

(Валер Карбалевіч: ) “Пасьля апошніх перамоваў Лукашэнкі й Пуціна ў Завідава беларускі кіраўнік заявіў, што Беларусь пабудуе свой порт у Калінінградзе й будзе ажыцьцяўляць туды транспартыроўку сваіх экспартных тавараў. Гэтая заява выклікала зьдзіўленьне адмыслоўцаў. Таму што даўно пралічана: Беларусі больш выгодна карыстацца Кляйпэдзкім портам у Літве — і па кошце транзыту, і па інфраструктуры порту. А праз Калінінградзкі порт сёньня ідзе толькі каля 2% беларускіх грузаў.

Тым ня менш, апошнім часам беларуская тэлевізія разгарнула прапаганду наконт патрэбы пераарыентацыі грузаў на Калінінградзкі порт. У Менск прыехаў губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Ягораў, і ў аўторак яго прыняў Лукашэнка. Абмяркоўваліся практычныя захады дзеля рэалізацыі гэтай ідэі. Дык ці выгодна Беларусі арыентаваць свой транзыт на Калінінградзкі порт?”

(Тацяна Манёнак: ) “Я лічу, што абяцаньні, зробленыя беларускім прэзыдэнтам у гутарцы з Пуціным, маюць чыста палітычныя прычыны.

Справа ў тым, што калінінградзкі транзытны кірунак існуе ня першы год. Калі ён такі эканамічна выгодны, то чаму беларускі урад не арыентаваў экспартных грузаў праз Калінінград раней? А прычына ў тым, што гэта не выгодны кірунак, як лічаць беларускія адмыслоўцы. Менавіта таму калійныя солі — самы важны беларускі груз — не транспартуюцца праз Калінінград (за выключэньнем зьмешаных угнаеньняў).

Цяперашняя сытуацыя з транзытам для Беларусі вельмі выгодная. Асабліва выгодны Кляйпэдзкі порт. Беларускія грузы займаюць другое месца ў агульным аб’ёме транзыту гэтага порту. Кляйпэдзкі порт стварае для беларускіх грузаў вельмі спрыяльныя ўмовы. У траўні гэтага году для беларускіх экспартэраў былі зроблены скідкі на 40%. Да таго ж, Кляйпэдзкі порт — самы блізкі да Беларусі. З іншага боку, транспартыроўка па чыгунцы беларускіх грузаў да Кляйпэды на 1,5 даляры за тону таньней, чым пры транспартыроўцы да Калінінграду.

Яшчэ адзін чыньнік. Глыбіня Калінінградзкага порту — 8 мэтраў. А ў Кляйпэдзе — каля 15 мэтраў. Таму марское судна грузапад’ёмнасьці 30 тысяч тон (ня кажучы пра судны 60-ці тысяч тон) ня можа прайсьці праз порт Калінінградзкі. А менавіта такія судны найбольш выкарыстоваюцца пры транзыце грузаў. Ня бачна сэнсу ў такой пераарыентацыі беларускіх грузаў”.

(Юры Шаўцоў: ) “Безумоўна, цяпер Кляйпэдзкі порт для нас больш выгодны. Але тут мы маем справу з двума асобнымі праектамі. Адзін праект прадугледжвае павелічэньне транспартыроўкі беларускіх грузаў праз Калінінград да 1 мільёну тон за год.

Другі праект прадугледжвае будаўніцтва новага порту побач з Калінінградам, які магутнасьцю будзе роўны Кляйпэдзкаму порту. У выніку рэалізацыі гэтага праекту будуць вырашаны ўсе праблемы, якія акрэсьліла спадарыня Манёнак. Там будуць і глыбокі канал, і ўся неабходная інфраструктура.

Але гэты другі праект — рэч складаная. Паводле плянаў, ён павінен фінансавацца зь бюджэту саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі. А тут ёсьць шмат праблем. Калі будзе фінансаваньне на ўзроўні 80-120 мільёнаў даляраў, пра якія вядзецца гаворка, тады для Беларусі гэты праект будзе выгодным. Але пакуль грошай няма. Таму ўсе размовы — толькі палітычныя заявы, якія, магчыма, нічым і ня скончацца”.

(Карбалевіч: ) “Хачу ўдакладніць. Вы лічыце больш выгодным для Беларусі ўкладаць свае грошы ў будаўніцтва новага порту, чым выкарыстоўваць тыя парты, якія ўжо існуюць на Балтыйскім моры?

(Шаўцоў: ) “Усё залежыць ад таго, пра якія грошы ідзе размова. Адна справа, калі гаворка пра бюджэт саюзнай дзяржавы. 2/3 гэтага бюджэту фінансуюцца Расеяй і 1/3 — Беларусьсю. Калі з усяго кошту праекту Беларусь заплаціць толькі 30-40 мільёнаў даляраў, і за гэтыя грошы зможа атрымаць свой порт на моры, то вельмі спакусьліва. Бо вырашаецца шмат праблем, зьвязаных з транспартаваньнем беларускіх грузаў.

Калі ж размова ідзе толькі пра беларускія грошы, — то гэта не рэальна. Бо акрамя самога порту, трэба будзе ствараць усю інфраструктуру, якую давядзецца будаваць на пустым месцы. А гэта для Беларусі непад’ёмна”.

(Манёнак: ) “Будаўніцтва новага порту — гэта мільярдныя інвэстыцыі. Да прыкладу, для мадэрнізацыі даволі сучаснага Кляйпэдзкага порту цягам апошніх чатырох гадоў было інвэставана каля 500 мільёнаў даляраў.

Вядома, што ў бюджэце саюзнай дзяржавы невялікія грошы. Мне казалі адмыслоўцы зь Міністэрства транспарту Беларусі, што нам невыгодна ўкладаць гэтыя сродкі ў разьвіцьцё Калінінградзкага порту.

Ды навошта так рабіць, калі само Міністэрства транспарту Расеі не зацікаўлена ў гэтым. Сёньня для Расеі прыярытэтнымі портамі зьяўляюцца Санкт-Пецярбург і Усьць-Луга. Калінінградзкі порт — гэта непэрспэктыўны кірунак для самой Расеі. Чаму павінна старацца тут Беларусь?

Таксама трэба мець на ўвазе, што Расея падтрымлівае транзыт праз Калінінградзкую вобласьць з дапамогаю сур’ёзных прэфэрэнцый — напрыклад, льгот на чыгунцы. Але калі Расея ўступіць ува Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, то яна павінна будзе ўраўняць гэтыя тарыфы.

Затым: навошта ўкладаць грошы ў будаўніцтва новага порту, калі цяпер існуе вельмі выгодная для Беларусі сытуацыя? Цяпер за транзыт беларускіх грузаў канкурыруюць чатыры порты: Кляйпэда (Літва), Вэнтсьпілс (Латвія), Калінінград (Расея), Нікалаеў (Украіна). Гэтую сытуацыю можна эксплюатаваць зь вялікай выгодай для сябе. І Беларусь гэта сёньня й робіць. Вэнтсьпілс і Кляйпэда прапануюць нашай краіне стварыць сумесныя прадпрыемствы.

Урад Беларусі заявіў, што з будучага году мы ствараем уласны флёт. І найбольш пэрспэктыўны порт для яго — Кляйпэда — як найбліжэйшы й незамярзальны порт. Мне давялося размаўляць пра гэта з амбасадарам Беларусі ў Літве Гаркуном. І ён казаў, што, хутчэй за ўсё, месцам дысьлякацыі беларускага флёту будзе Кляйпэда.

Уявім сабе, што Беларусь збудуе свой порт у Калініградзе і пачне пераарыентоўваць туды свае грузы. Але транзыт будзе адбывацца празь Літву. Цяпер, калі большасьць грузаў ідзе ў Кляйпэдзкі порт, Літва робіць спрыяльныя транзытныя тарыфы. Калі ж Беларусь пачне вазіць свае грузы празь Літву на Калініград, то Вільнюс уздыме тарыфы за чыгуначную перавозку”.

(Карбалевіч: ) “На мінулым тыдні на нарадзе ў Лукашэнкі было аб’яўлена, што ствараецца беларуска-расейская кампанія па продажы калійных угнаеньняў. Вядома, што калій зьяўляецца найбольш важным таварам беларускіх экспартных марскіх перавозак. Ці зьвязаны нейкім чынам гэтыя дзьве падзеі?”

(Шаўцоў: ) “Нейкая ўскосная сувязь, напэўна, ёсьць. Хачу адзначыць, што ў нас хутка растуць аб’ёмы экспарту калію. Заявы пра будаўніцтва свайго порту ў Калінінградзе не азначаюць, што Беларусь сыдзе з іншых партоў. Праз новы порт пойдуць новыя аб’ёмы калію. Тым больш, што ў новай кампаніі, відавочна, будуць грошы на інвэстыцыі”.

(Манёнак: ) “Сапраўды, сувязь прасочваецца ўскосная. Што тычыцца новай кампаніі, то гэта лагістычная кампанія зь вельмі невялікім статутным капіталам.

Ува ўсялякім разе, нават пры рэалізацыі гэтага праекту будаўніцтва новага порту ў Калінінградзе, чакаць давядзецца 4-5 гадоў. Але відочна, што жаданьне кіраўніцтва Беларусі самому атрымоўваць грошы за транзыт, без пасярэднікаў, вельмі вялікае”.

(Карбалевіч: ) “Вось, нарэшце, пра палітыку. У маскоўскай “Независимой газете” зъявілася інфармацыя, нібыта падчас апошняй сустрэчы Пуціна й Лукашэнкі было дамоўлена, што стварэньне беларуска-расейскага калійнага сумеснага прадпрыемства й пераарыентацыя беларускага марскога экспарту на Калінінградзкі порт (а гэта эканамічна не выгодна Беларусі) ёсьць платаю Лукашэнкі Расеі за падтрымку на прэзыдэнцкіх выбарах у наступным годзе. Ці згодны вы з гэтай вэрсіяй?”

(Шаўцоў: ) “На першы погляд, так. Але калі ўявіць, што гэты праект удаўся, і за расейскія грошы будзе збудаваны сумесны беларуска-расейскі порт, то Беларусь будзе моцна прадстаўлена ў Калінінградзе, будзе ўдзельнічаць ува ўсіх дамовах, перамовах з Эўразьвязам, Польшчай, Літвой. То гэта, безумоўна, вельмі павялічыць вагу Беларусі для Расеі.

Бо цяпер сама Расея ня ў стане ў поўнай меры займацца праблемамі Калінінградзкай вобласьці. І калі яна скіне значную частку пэўных праблем на Беларусь, то за гэта давядзецца ў нейкай форме плаціць. Магчыма, другой ніткай газапроваду Ямал-Эўропа; магчыма, палітычнай падтрымкай”.

(Манёнак: ) “Давайце згадаем, што быў калісьці гандаль паміж Масквою й Менскам за нафтахімічныя прадпрыемствы, за газавы транзыт. Цяпер настала чарга гандлю за марскі транзыт. Але тут ужо дзейнічаюць палітычныя чыньнікі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, праект пераарыентацыі беларускага марскога экспарту на Калінінградзкі порт, як і будаўніцтва свайго порту ці дапамога Расеі ў рэканструкцыі гэтага аб’екту, выклікае шмат пытаньняў і нават сумневаў. Але праект, эканамічная выгоднасьць якога для Беларусі сумнеўная, можа зьявіцца палітычна выгодным Лукашэнку. Ня выключана, што менавіта ў гэтым палягае адказ на пытаньне аб такім павароце ў беларускім замежным гандлі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG