Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне прапануюць зьменшыць кворум для абраньня дэлегатаў


Казімір Яноўскі, Гомель Дэмакраты Гомельшчыны прапануюць зьменшыць кворум сходаў па выбарах дэлегатаў на Кангрэс дэмсілаў. Амаль у палове раёнаў Гомельскай вобласьці становіцца праблематычным правядзеньне сходаў па вылучэньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. На Кангрэсе, як вядома, будзе вызначаны адзіны кандыдат ад апазіцыі на прэзыдэнцкія выбары 2006 году.

Сходы па вылучэньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў яшчэ не праведзены ў 11-ці раёнах. У прыватнасьці, у Брагінскім, Веткаўскім, Нараўлянскім, Хойніцкім і шэрагу іншых. Гаворыць намесьнік старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімер Кацора:

(Кацора: ) “На жаль, цяпер мы стаім перад дылемай – праводзіць ці не праводзіць сходы ў праблемных раёнах. У першую чаргу гэта чарнобыльскія раёны. Праблематычна сабраць 25 чалавек. Тут нават і ў добрыя часы цяжка было сабраць дэмакратаў. А цяпер улады робяць усё, каб людзі былі запалоханыя”.

Паводле спадара Кацоры, запалохваньне мясцовых актывістаў спрычынілася да таго, што ўжо ў двух раёнах – Жыткавіцкім і Лельчыцкім – сходы па вылучэньні дэлегатаў праходзілі пры меншай колькасьці ўдзельнікаў, чым таго патрабуе парадак правядзеньня гэтай грамадзкай кампаніі. У мінулую нядзелю ў Лельчыцах паўдзесятка актывістаў вымушаны былі ня ехаць на сход, каб не прывесьці за сабою “хваста” – тых прадстаўнікоў міліцыі і спэцслужбаў, што сачылі за аўтамашынаю актывістаў.

А як мяркуюць мясцовыя актывісты, ці варта прызнаваць сходы правамоцнымі, дзе не было патрэбных 25 чалавек? Я пацікавіўся меркаваньнем на гэты конт Васіля Сініцкага, актывіста АГП зь Лельчыцаў:

(Сініцкі: ) “Я лічу, што можна прызнаваць такія сходы, таму што многія, хто хацеў бы прысутнічаць, яны проста баяцца. Баяцца ўлады. Перасьледуюць іх органы, перасьледуць іх і на працы. Умовы такія, што нельга вольна праводзіць сходы. Калі б можна было праводзіць сходы адкрыта, прыйшло б наогул шмат людзей”.

Арганізатары сходаў у рэгіёне зьвяртаюць увагу і на тое, што ў шэрагу чарнобыльскіх раёнаў адсутнічаюць структуры палітычных партыяў. Гэта тым больш ускладняе выкананьне патрабаваньняў аргкамітэту дэмакратычных сілаў да фармату правядзеньня сходаў. Меркаваньне Уладзімера Кацоры:

(Кацора: ) “Гэта прадбачалася раней, калі наогул ішла размова, як праводзіць кангрэс, зьбіраць дэлегатаў. Маё меркаваньне было такое, што дэлегатам ад раёну можа стаць і немясцовы дэмакрат, а, скажам, прадстаўнік зь Менску ці Гомеля. Мы думаем, што і аргкамітэт, і “дзесятка” павінны прыняць рашэньне, якое дазваляла б у праблемных раёнах правесьці сходы ў меншым фармаце. Скажам, ня менш як 13 чалавек, і абраць ня двух, а аднаго дэлегата”.

Такое выйсьце прапануе для праблемных раёнаў Уладзімер Кацора з Гомеля. Гэта дасьць магчымасьць мець сваіх дэлегатаў на Кангрэсе дэмакратычных сілаў і тым раёнам, дзе дэмакратычны рух пакуль зусім слабы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG