Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лагойску абралі прадстаўнікоў БНФ


Альгерд Невяроўскі, Менск Чарговы сход грамадзкасьці па вылучэньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сіл адбыўся ў Лагойску. Абраны два дэлегаты, якія прадстаўляюць партыю БНФ. Агулам у Беларусі прайшло ўжо 78 сходаў, на якіх абрана 166 дэлегатаў на Кангрэс.

Сход дэмакратычнай грамадзкасьці ў Лагойску, у якім бралі ўдзел 26 чалавек, істотна адрозьніваўся ад папярэдніх падобных мерапрыемстваў, што адбываліся ў іншых месцах Беларусі.

Распавядае старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка, які разам з Аляксандрам Мілінкевічам і Станіславам Шушкевічам выступаў перад жыхарамі Лагойску.

(Вячорка: ) “У Лагойску сабраліся і сябры партыі БНФ, і проста дэмакратычна настроеныя грамадзяне. Нямала было пэдагогаў, іншых людзей з вышэйшай адукацыяй. Была вельмі цікавая двухбаковая размова. Ня столькі мы ім, колькі яны нам давалі парады, рэкамэндацыі, якім чынам укладаць нашую плятформу, зь якой ісьці да шырэйшых мас людзей, як і якім чынам правесьці Кангрэс дэмакратычных сіл. І я перакананы: гэтыя людзі, ведаючы, што мы ня проста іх паслухалі, а прынялі заўвагі, — пасьля Кангрэсу будуць нашым апірышчам. Яны будуць той інфармацыйнай сеткай, будуць той абсалютна надзейнай, цьвёрдай групай актывістаў, якія пойдуць у назіральнікі й выкажуць іншым чынам сваю дэмакратычную пазыцыю, калі гэта спатрэбіцца”.

Паводле старшыні аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сіл Аляксандра Бухвостава, сходы грамадзкасьці адбыліся ўжо ў 78 гарадох і мястэчках Беларусі. Абрана 166 дэлегатаў. Пераважна гэта буйныя гарады. Яшчэ плянуецца правесьці каля 50 сходаў, а ўвесь працэс вылучэньня дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сіл павінен скончыцца да 1 верасьня.

Адміністрацыі усіх палацаў культуры, да якіх сябры аргкамітэту зьвярталіся з просьбай аб памяшканьні для правядзеньня Кангрэсу, адказалі адмовай. Таму аргкамітэт зьбіраецца зьвярнуцца з такой просьбай асабіста да Аляксандра Лукашэнкі, хаця мала хто верыць, што рашэньне будзе станоўчам. У такім выпадку Кангрэс дэмсіл пройдзе напрыканцы верасьня альбо на пачатку кастрычніка ў адной з суседніх краін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG