Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: АГП бачыць заможную Беларусь


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку за 10 жніўня.

“Народная воля” ў сёньняшнім нумары зьмяшчае вялікую публікацыю пад загалоўкам “Куды ты прыйдзеш, Беларусь”. У артыкуле – вобраз будучай Беларусі, якою яе бачыць Аб’яднаная грамадзянская партыя і яе лідэр Анатоль Лябедзька. Паводле публікацыі, найперш гэта краіна, дзе грамадзянаў абараняе закон, а не чыноўнік. У гэтай краіне незалежны суд. А за ўсім, што тут адбываецца, сочаць грамадзянская супольнасьць і незалежныя сродкі масавай інфармацыі. А яшчэ ў новай Беларусі людзі пазнаюць смак годнага жыцьця. 70 працэнтаў беларускіх сем’яў будуць мець аўтамабілі, 90 працэнтаў кватэр будуць падключаныя да Інтэрнэту. Зьменіцца і адпачынак беларусаў. У прыватнасьці, каля трэці сем’яў атрымаюць магчымасьць адпачываць за мяжою, 40 працэнтаў беларусаў будуць вячэраць у беларускіх рэстаранах. “У гэтым сутнасьць Беларусі заможнай”, –падкрэсьліваюць у матэрыяле Анатоль Лябедзька і Аб’яднаная грамадзянская партыя.

“Народная воля” друкуе сёньня таксама гутарку з прафэсарам Юр’ем Бандажэўскім, які днямі выйшаў на волю, паведамляе пра скандал з дэпутатамі Эўрапарлямэнту ад Польшчы, якім у панядзелак забаранілі ўезд у Беларусь.

“Комсомольская правда в Беларуси” дасьледуе тэму мэдычнага абслугоўваньня грамадзянаў у так званай Саюзнай дзяржаве. На якую дапамогу, напрыклад, могуць разьлічваць беларусы, калі яны захварэюць у часе знаходжаньня ў Расеі? Адказваючы на гэтае пытаньне, “Камсамолка” нагадвае, што чыноўнікі дзьвюх дзяржаваў нядаўна паабяцалі, што беларусы і расейцы будуць мець роўныя правы ў гэтай сфэры. Ці будзе так у сапраўднасьці, газэта высьвятляла беспасярэдне ў расейскіх лекараў. І тыя патлумачылі, што ў Расеі мэдычнае абслугоўваньне платнае. А таму ў той жа Маскве ніхто лячыць беларусаў бясплатна ня будзе. Як можна практычна ўрэгуляваць гэтую супярэчнасьць у беларускіх і расейскіх парадках, пакуль што невядома. Галоўная перашкода, як падкрэсьлівае “Камсамолка” з спасылкаю на расейскі бок, – захаваньне ў Беларусі дзяржаўнага фінансаваньня сфэры аховы здароўя.

Слуцкая газэта “Інфа-кур’ер” паведамляе пра стратнае будаўніцтва ў Любанскім раёне. Сёлета там заплянавана пабудаваць 46 так званых прэзыдэнцкіх дамоў, кошт кожнага зь якіх абмежаваны сумай 18 тысяч даляраў. Пабудова гэтых дамоў ускладзеная на акцыянэрнае таварыства “Салігорскпрамбуд”, генэральны дырэктар якога Мікалай Ашэйчык паскардзіўся на неабгрунтаванасьць такога абмежаваньня. Паводле дырэктара, у сабекошт будаўніцтва ня ўключаны транспартныя ды іншыя выдаткі, з прычыны чаго будаўнікі на кожным доме трацяць ад 5 да 7 мільёнаў рублёў.

Паведамляе “Інфа-кур’ер” і пра новабудоўлю ў Салігорскім раёне. Там пашырае свае вытворчыя магутнасьці аб’яднаньне “Беларуськалій”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG