Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слуцкая міліцыя шукае магчымых раскрадальнікаў залатога скарбу


Вячаслаў Кулік, Менск Будаўнічы бум у Слуцку, выкліканы падрыхтоўкай райцэнтру да фэсту-кірмашу “Дажынкі-2005”, нарадзіў сэнсацыю. Паводле чутак, на месцы былога габрэйскага гета, дзе цяпер вырашылі капаць катлаван, разрабаваны скарб з залатых манэтаў.

Начальнік слуцкай міліцыі Аляксандар Астрэйка паведаміў, што шукаюць залатых манэт XIX стагодзьдзя. Усяго, кажуць, было адкапана каля 20 манэтаў – гэта мікалаеўскія чырвонцы і пяцірублёўкі.

(Астрэйка: ) “Мы праводзім поўную праверку па гэтым матэрыяле. Дзесяць дзён нам дадзена на гэтую працу, і прыкладна 19-га жніўня мы павінны будзем вынесьці якое-небудзь рашэньне. Мы апытваем людзей, якія працавалі на гэтым аб''екце, а таксама робім падворны і пакватэрны абыход асобаў, якія пражываюць у суседзтве".

Паводле археолягаў, раней у заходнім рэгіёне Меншчыны вялікі залаты скарб зьнік у Клецку. Мне ўдалося адшукаць беспасярэднюю сьведку падзеі. Надзеі Сухановіч асабліва запала ў памяці, як міліцыя “выбівала” крадзеж у машыніста экскаватара.

(Сухановіч: ) “Яго забралі ў міліцыю. Ён некалькі манэтаў каўтнуў. Трымалі-трымалі, а ён кажа: “Усё роўна мае будуць”. Вядро паставілі, але ён нейкім чынам захаваў іх. Вельмі-вельмі шмат было золата ў нас. І міліцыя... А што міліцыя? Хапала золата. А дзе ж яны яго дзелі? Ніхто нічога ня ведае..."

Відаць, што клецкі прыклад, пра які нагадала Надзея Сухановіч, натхняе цяпер на капальніцтва случакоў. Пра ажыятаж сярод шукальнікаў скарбаў нам паведаміў Сяргей Багдашыц:

(Багдашыц: ) “На гэтым месцы шмат людзей з граблямі і рыдлёўкамі. Спрабуюць нешта адшукаць”.

Як падкрэсьліў Сяргей Багдашыц, капаюць у Слуцку на месцы былога габрэйскага гета. У лютым 1943 году там фашысцкія карнікі расстралялі больш як тры тысячы чалавек. Гэта, напэўна, той выпадак, калі можна сказаць, што ў Слуцку зьдзекуюцца з магілаў “чорныя капальнікі”. Дарэчы, цяпер на сыходзе сэзон археалягічных раскопаў, і спэцыялісты гавораць пра несанкцыянаваныя пошукі скарбаў.

Паводле словаў старшага навуковага супрацоўніка Нацыянальнай акадэміі навук Міхася Чарняўскага, у Беларусі цяпер назіраецца пашырэньне нездаровай цікавасьці людзей з мэталашукальнікамі да тэрыторыяў замкаў, фальваркаў і нават хутароў.

(Чарняўскі: ) “З другога боку, ля Стоўбцаў ёсьць Заямнае, там хутары. Нейкі “сабака” шукаў там па вуглах, бо ёсьць такі звычай класьці пад вугал манэту на шчасьце. Мэталашукальнікам вадзіў па тых вуглах, і калі пад адным зацікала, ён выкапаў ямку і дастаў. Яму не пашанцавала, ён дастаў іржавыя завесы. Можа, там і манэта якая-небудзь была. Такога рабаўніцтва ў Беларусі не было за ўсю яе гісторыю. Ліхадзеі купляюць мэталашукальнікі і рыюць помнікі. Яны шукаюць манэты ці нейкі мэтал, і ўсё рыюць і рыюць. Мы ўздымалі пытаньне раней, але цяпер трэба рабіць гэта кардынальна. Гэта ж беларускае багацьце, наша гісторыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG