Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Завадзкая даведалася прозьвішчы амонаўцаў


Алесь Дашчынскі, Менск Сьвятлана Завадзкая азнаёмілася з матэрыяламі праверкі сваёй заявы, якую правяла пракуратура Цэнтральнага раёну Менску. Толькі цяпер ёй дазволілі прагледзець усе сабраныя дакумэнты. Пра новыя падрабязнасьці гэтай справы распавядае наш карэспандэнт.

Цяпер Сьвятлана Завадзкая ведае прозьвішчы двух амонаўцаў, якія давалі тлумачэньні, гэта – Давідовіч і Марцінкевіч. У пастанове пракуратуры гаворыцца: “толькі пасьля атрыманьня ад Завадзкай ўдару ў твар, Давідовіч з мэтай самаабароны і прадухіленьня неправамерных паводзінаў Завадзкай, выкінуў у яе бок рукі і пры гэтым закрануў правым далонем твар. Пры такіх дзеяньнях складу злачынства ў дзеяньнях Давідовіча не ўтрымліваецца”.

Нагадаем інцыдэнт здарыўся 7 ліпеня: падчас разгону ўдзельнікаў ланцугу неабыякавых людзей на Кастрычніцкай плошчы ў Менску – амонавец двойчы ўдарыў Сьвятлану Завадзкую ў твар. Гэтую стужку некалькі разоў паказалі расейскія тэлеканалы. Жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага настойвае на тым, што яе першым ударыў амонавец, яна патрабавала прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці.

Паводле сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака, пракуратура вінаваціць ва ўсім жанчыну, а пададзеныя ў пастанове фармулёўкі, пры жаданьні, могуць абярнуцца супраць Сьвятланы Завадзкай.

З матэрыялаў вынікае, што пастанова грунтуецца толькі на паказаньнях міліцыянтаў і самой Завадзкай, ніхто з удзельнікаў акцыі ня быў дапытаны.

(Гулак: ) "Вельмі дзіўна, што сьледчы пры праглядзе відэастужак, апэратыўных і прадстаўленых апэратарамі ОРТ, убачыў, што Завадзкая біла міліцыянтаў, там гэтага не было, але, на жаль, ён там ня ўбачыў таго, што міліцыянт ударыў Завадзкую. Хаця ў матэрыялах праверкі ёсьць рапарт, напісаны сьледчым на імя пракурора аб тым, што там на стужках відавочна, што амонавец у адказ на яе рух, б’е Завадзкую ў твар. Але ўжо ў пастанове такога ўказаньня мы ня бачым”.

Дзіўным выглядае і тое, што амонавец Давідовіч а палове першай, у ноч з 7 на 8 ліпеня, зьвярнуўся ў другую гарадзкую лякарню, каб зьняць пабоі. Гэта адбылося пасьля таго, як Завадзкая падала скаргу ў пракуратуру, пайшла здымаць пабоі ў мэдычнай установе. Паводле Алега Гулака, відаць адтуль гэтая інфармацыя трапіла ў міліцыю.

(Гулак: ) "Відавочна, што яны хуценька пачалі абстаўляць справу такім чынам, прадпрынялі такія дзеяньні. Як апэратыўна людзі працуюць, трэба аддаць ім належнае".

Сьвятлана Завадзкая сумняваецца ў аб''ектыўнасьці праведзенай пракуратурай праверкі.

(Завадзкая: ) "Там жа ўказваецца, што гэта я ўчыніла проціпраўныя дзеяньні і аказваецца нават зьбіла не аднаго амоўнаўца, а двух. Такое ўражаньне, што тое, што яны хацелі ўбачыць, тое яны і ўбачылі, а што не хацелі – не ўбачылі. Гэта агульная тэндэнцыя, якая існуе ў нашай краіне. Я думаю, што ўсё, што мы будзем абскарджваць, будзе захоўвацца да пэўнага часу і я думаю, што не пры гэтай уладзе такія дзеяньні міліцыі будуць пакараны, але рана ці позна ім давядзецца адказваць за такія ўчынкі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG