Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Этыёпскім вайсковым лётчыкам адмоўлена ў палітычным прытулку ў Беларусі


Ігар Карней, Менск Дэпартамэнт міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі адмовіў васьмі этыёпскім вайсковым лётчыкам, якія месяц таму зьвярнуліся да беларускіх уладаў з просьбай аб палітычным прытулку. Паводле этыёпскіх праваабаронцаў, беларускі бок палічыў, што ўцекачам нічога не пагражае на радзіме, а палітычная сытуацыя ў гэтай афрыканскай краіне названая “стабільнай”. Між тым, у чэрвені падчас антыўрадавых выступаў у Адыс-Абэбе былі забітыя амаль чатыры дзясяткі чалавек.

Яшчэ тыдзень таму кіраўніцтва Дэпартамэнту міграцыі МУС расказвала, як грамадзяне Этыёпіі ўдзячныя беларускаму народу за магчымасьць тут жыць і знаходзіцца пад абаронай дзяржавы. Але калі сёньня з Амэрыкі прыйшла навіна пра тое, што Міністэрства ўнутраных справаў не знайшло падставаў да задавальненьня просьбы этыёпскіх лётчыкаў, прадстаўнікі гэтага ведамства ў камэнтарах былі ўжо больш стрыманыя. Намесьніка кіраўніка Дэпартамэнту міграцыі Аляксея Бегуна, перадусім, цікавіла, якім чынам адбылася “ўцечка інфармацыі”.

(Бягун: ) “Далекавата скінулі інфармацыю… Я не магу казаць, на падставе чаго прынятае такое рашэньне, бо калі на пачатковым этапе меў да гэтай справы непасрэднае дачыненьне, то цяпер практычна ніякага”.

Паводле спадара Бегуна, цягам месяца этыёпскія вайсковыя лётчыкі маюць права абскардзіць рашэньне Міністэрства ўнутраных справаў праз суд. Праваабаронцы, якія напярэдадні арганізавалі пікетаваньні амбасадаў Беларусі ў ЗША і Расеі, мяркуюць, што авіятары такой магчымасьцю скарыстаюцца: у выпадку, калі ўцекачы будуць дэпартаваныя на радзіму, ім пагражае ваенны трыбунал і, у адпаведнасьці з законамі гэтай афрыканскай краіны, сьмяротнае пакараньне за дэзэртэрства. У зьвязку з гэтым актывісты арганізацыі “Амэрыканскія этыёпы за дэмакратыю” перадалі афіцыйную пэтыцыю амбасадару Беларусі ў ЗША Міхаілу Хвастову. Праваабаронцы патрабуюць: калі рашэньне беларускіх уладаў канчатковае і яны не зьбіраюцца яго мяняць, лётчыкі мусяць быць перададзеныя любой іншай дзяржаве, якая падпісала пагадненьне аб палітычных уцекачах.

Міністэрства замежных справаў Беларусі дыстанцыюецца ад сытуацыі з этыёпскімі лётчыкамі.

(Супрацоўнік МЗС: ) “Мы тут ніяк не замяшаныя, бо гэта Міністэрства ўнутраных справаў прымала такое рашэньне”.

Ёсьць меркаваньне, што падобнае рашэньне можна было прадказаць. Этыёпскі рэжым Мэлеса набывае ў Беларусі зброю і пазбавіцца гандлёвага партнэра з-за праблемаў з уцекачамі беларускае кіраўніцтва лічыць нявыгадным.

Нагадаю, што на мінулым тыдні кіраўніцтва Джыбуці гэтаксама адмовіла ў палітычным прытулку двум этыёпскім лётчыкам, якія ня выканалі загаду вайсковага кіраўніцтва ўжыць зброю супраць дэманстрантаў. Паводле праваабаронцаў, пілёты зьмешчаныя ў турму, дзе іх катуюць.

Стала вядома, што Міністэрства ўнутраных справаў вярнула этыёпскім лётчыкам пашпарты і адмовілася даць гарантыі абароны.

***

Бліжэй да вечара нашаму карэспандэнту пацьвердзілі інфармацыю пра адмову грамадзянам Эфіёпіі права на атрыманьне палітычнага прытулку ў Беларусі. Супрацоўнік менскага прадстаўніцтва Ўпраўленьня Вярхоўнага камісару ААН на ўмовах ананімнасьці расказаў, што рашэньне прынятае, але яно можа быць абскарджанае праз суд:

(Супрацоўнік упраўленьня Вярхоўнага камісару ААН: ) “Мы ня можам зьяўляцца крыніцай афіцыйнага распаўсюду інфармацыі, бо рашэньне дзяржаўнае прымаецца, а не нашае. Але магу вам сказаць: так, сапраўды, такое рашэньне прынятае, але рашэньне не канчатковае, яно можа быць абскарджанае і ўжо канчатковае рашэньне ў выніку будзе прынятае судом. Таму што любое рашэньне дзяржаўнага органу можа быць абскарджанае ў судзе: спачатку звычайны раённы суд, потым касацыйныя інстанцыі. Увогуле, звычайная працэдура”.



КАРОТКАЯ ДАВЕДКА ПРА ЭТЫЁПІЮ

Этыёпія – краіна на паўночным усходзе Афрыкі. Акрамя акупацыі фашыстоўскай Італіяй у 30-х-40-х гадох 20-га стагодзьдзя, Этыёпія ніколі не была нічыёй калёніяй. З 1974-га па 1991-га ў Этыёпіі панавала жорсткая марксісцкая дыктатура, скінутая ў выніку паўстаньня. У 1993 годзе набыла незалежнасьць этыёпская правінцыя Эрытрэя. Напрыканцы мінулага стагодзьдзя Этыёпія вяла вайну, спрабуючы вярнуць кантроль над Эрытрэяй. Летась сотні людзей загінулі і тысячы сталі ўцекачамі ў выніку этнічных забурэньняў у этыёпскай правінцыі Гамбэла.

Сёлета ў чэрвені ў Этыёпіі адбыліся парлямэнцкія выбары, паводле афіцыйных дадзеных перамогу на іх атрымала кіруючая партыя. У чэрвені прадстаўнікі апазыцыі правялі шэраг акцыяў пратэсту, абвінаваціўшы ўлады ў фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Падчас сутычак з паліцыяй былі забітыя 36 дэманстрантаў.


Гл. таксама • Амбасаду Беларусі ў Вашынгтоне пікетуюць каля 100 чалавек • Ля беларускай амбасады ў Вашынгтоне праводзяць пікет этыёпы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG