Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады высылаюць з краіны амэрыканскага грамадзяніна зь сям’ёй


Альгерд Невяроўскі, Менск Гэта амэрыканскі прафэсар Тэры Бэш, які цягам двух гадоў выкладаў міжнароднае права ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. На думку спадара Бэша, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году Аляксандар Лукашэнка пачаў вялікую чыстку, скіраваную супраць прадстаўнікоў Захаду.

Увечары 15 ліпеня прафэсара Тэры Бэша выклікалі ва ўправу міжнародных сувязяў Белдзяржунівэрсытэту і паведамілі, што ўлады патрабуюць, каб ён і дзьве ягоныя дачкі 10 і 13 гадоў за дзьве гадзіны пакінулі тэрыторыю Беларусі. Спадар Бэш патэлефанаваў у амбасаду ЗША. Амэрыканскія дыпляматы зьвязаліся зь беларускім Міністэрствам замежных справаў і прасілі, каб Тэры Бэшу і ягонай сям’і далі на зборы некалькі дзён. Беларускі бок пагадзіўся, каб Тэры Бэш разам з дочкамі пакінуў Беларусь 19 ліпеня, пасьля таго, як прадстаўнікі аддзелу грамадзянства і міграцыі вернуць прафэсару ягоны пашпарт.

Ва ўправе па міжнародных сувязях Белдзяржунівэрсытэту ня ведаюць, зь якой прычыны Тэры Бэшу забаронена знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Начальніца аддзелу прэсы Міністэрства замежных справаў Беларусі Марыя Ваньшына сказала толькі, што кампэтэнтныя органы адмовілі грамадзяніну ЗША Бэшу ў знаходжаньні на тэрыторыі Беларусі. У амбасадзе ЗША ў Менску пакуль няма афіцыйнага камэнтара з нагоды дэпартацыі амэрыканскага прафэсара і ягонай сям’і. А вось што сказаў Тэры Бэш у інтэрвію нашаму радыё:

(Бэш: ) “Яны патэлефанавалі мне і сказалі, каб я пакінуў тэрыторыю краіны. Беларускія ўлады анулявалі маю візу і папрасілі пакінуць краіну ў той жа дзень. Але мае дакумэнты, мой пашпарт знаходзяцца ў беларускіх уладаў. Як я магу пакінуць? Цягам двух гадоў я займаўся дабрачыннай дзейнасьцю і навучаньнем. Я намагаўся дапамагаць беларускім людзям”.

40-гадовы Тэры Бэш, продкі якога паходзяць з Польшчы і Нямеччыны, працаваў у Беларусі два гады. Ён ня толькі выкладаў міжнароднае права ў БДУ, але і арганізоўваў дабрачынныя акцыі для адукацыйных установаў Беларусі. Арганізоўваў міжнародныя студэнцкія канфэрэнцыі, сэмінары, курсы і гэтак далей. Як прызнаецца спадар Бэш, ён займаўся ў Беларусі толькі навуковымі праектамі. Ніколі не сустракаўся з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, і нават амаль ня меў зносінаў з прадстаўнікамаі амбасады ЗША. Пра ягоную дзейнасьць ня раз паведамлялі дзяржаўныя беларускія мэдыі.

Тэры Бэш гаворыць, што спрабаваў зразумець беларускія ўлады і дапамагчы Беларусі. Але цяпер, паводле спадара Бэша, “сытуацыя беларускіх уладаў безнадзейная. Вяртаньня назад ня будзе. Перад тым, як зноў удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году, прэзыдэнт Лукашэнка пачаў вялікую чыстку, скіраваную супраць прадстаўнікоў Захаду”. У лісьце амэрыканскага прэфэсара ў прэсавы цэнтар “Хартыі-97” ёсьць такія словы: “як дзіця, якое вырасла ў Амэрыцы ў час халоднай вайны ў 1960—1980 гады, я ніколі ня думаў, што я змагу жыць ва Ўсходняй Эўропе. Таму неабходнасьць пакінуць Беларусь разьбівае маё сэрца”.

Тэры Бэш лічыць, што ягоная справа стаіць у адным шэрагу з закрыцьцём Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, высылкай зь Беларусі брытанскага прафэсара Алана Флаўэрса, а таксама зь нядаўнім затрыманьнем каля Стоўпцаў 23 амэрыканскіх школьнікаў, якія выкладалі ў летнім лягеры ангельскай мовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG