Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уступныя экзамены: вынікі не раней, як праз 4 дні


Галіна Жарко, Менск Учора пачалася ўступная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і тэхнікумы краіны. Сёлета экзаменаў будзе меней, бо разам з дакумэнтамі абітурыенты здавалі сэртыфікат вынікаў цэнтралізаванага тэставаньня, праведзенага папярэдне. Два тэсты здаваліся бясплатна. Але за грошы можна было выканаць адвольную колькасьць тэстаў. Некаторыя парупіліся ажно пра 8 сэртыфікатаў, адпаведна маглі падаць дакумэнты на некалькі факультэтаў, у некалькі ВНУ. Апроч таго, сёлетняя ўступная кампанія мела шэраг і іншых асаблівасьцяў.

10 гадоў таму Аляксандар Лукашэнка ўпершыню з тэлеэкрана зачытаў тэмы сачыненьняў на ўступных экзаменах у вышэйшыя навучальныя ўстановы. У межах барацьбы з карупцыяй. Ступень засакрэчанасьці ўсё ўзрастала і сёлятнія заданьні камплектаваліся для ўсіх ВНУ ўжо ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў адмысловай кампутарнай праграмай у прысутнасьці камісіі дзяржкантролю з уключанымі камерамі відэаназіраньня. Развозяцца камплекты заданьняў у аплямбаваных пакетах пад шматлікія расьпіскі. Строгасьцю інструкцыя па дастаўцы паспаборнічае з інкасатарскай.

Як адносяцца да тэстаў і электроннай праверкі вынікаў абітурыенты і іх бацькі? Вось што кажуць абітурыенты і бацькі.

(Дзяўчына: ) “Шмат тэстаў ужо здала, таму запаўняць было лёгка”. (Юнак: ) “Больш цяжка. З чалавекам заўсёды можна знайсьці агульную мову, а тут правярае кампутар”. (Карэспандэнт: ) “Бацькі хваляваліся?” (Бацька: ) “Так. Чаго ж мы тут сядзім?..” (Карэспандэнт: ) “Было вельмі складана”. (Дзяўчына: ) “Вусна было б прасьцей”. (Бацька: ) “І лепей. Кропачку лішнюю машынальна пастаў, і ўжо – памылка”. (Мама: ) “Вельмі хвалюемся. Мы прыехалі з Брагінскага раёну. Мне вельмі падабаецца, што кампутар будзе правяраць вынікі. Больш даверу”. (Хлопец: ) “Было страшна. Нейкая таямнічасьць”. (Карэспандэнт: ) “Давяраеце гэтай сыстэме, калі кампутар будзе правяраць вашыя веды?” (Хлопец: ) “Не. Кампутар запраграмаваны. Як яшчэ яго запраграмуюць”. (Маці: ) “Я асабліва не давяраю. Вось дзіця выйшла і нейкае незадаволенае”. (Дзяўчына: ) “Здаваць вусны экзамен лепей. Чалавек разважае, мысьліць...” (Юнак: ) “Лягчэй тэст напісаць. Ужо ня страшна. Прывычна. Але шмат чаго не было ў школьнай праграме”.

У Белдзяржунівэрсітэт конкурс паменшыўся. Сёлета – 3,8 чалавекі на месца. Найбольш жадаючых вучыцца па спэцыяльнасьці “дызайн”. 18,5 чалавекі на месца. Таксама шмат ахвотных на ангельскую філялёгію. Самы нізкі конкурс на прыкладную матэматыку. Без экзаменаў, па выніках алімпіяды, у розныя ВНУ ўжо залічана 400 чалавек. Зь іх 278 – у БДУ. 141 чалавек будуць прынятыя ў БДУ па-за конкурсам. Гэта дзеці з Чарнобыльскай зоны і сіроты. Яны, дарэчы, падалі дакумэнты на самыя прэстыжныя спэцыяльнасьці. А на тры самы прэстыжныя факультэты -- юрыдычны факультэт, факультэт міжнародных адносінаў, эканоміку – Белдзяржуніверсытэту ўвогуле не даверылі прымаць экзамены. Усе тэсты будуць цэнтралізаваныя.

У мінулыя гады тэсты правяралі выкладчыкі. Сядзелі да 2-3 гадзін ночы. Цяпер тэсты правярае Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў на кампутарах. Вынікі, калі ня будзе збояў, не раней, чым праз 4 дні. Запоўненыя ад рукі лісты спачатку трэба адсканаваць. Ды яшчэ неверагодная бюракратыя для захаваньне сакрэтнасьці.

Старшынём дзяржкамісіі па кантролю за ўступнай кампаніяй у БДУ прызначаны Анатоль Рубінаў, які ўзначальвае Вышэйшую атэстацыйную камісію краіны і вядомы сваёй надзвычайнай строгасьцю. Менавіта пры ім была не зацьверджаная доктарская дысэртацыя пісьменьніка Алеся Пашкевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG