Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: “Рэжым Лукашэнкі будзе трымацца столькі на Беларусі, колькі пратрымаецца цяперашні крамлёўскі рэжым у Расеі”<b/>


Сяргей Навумчык, Прага Адзінаццаць гадоў таму Аляксандр Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам. На тэлефоннай сувязі ў з Нью-Ёрку – былы кандыдат у прэзыдэнты, лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

(Навумчык: ) “Прапаную прыгадаць 11 ліпеня 1994 году. Раніцай стала вядома, што Лукашэнка абраны прэзыдэнтам. Шмат хто памятае тую раніцу. Вось калі казаць пра ўласныя адчуваньні -- дык яны былі падобныя на тыя, калі мяне забіралі ў Савецкае войска, было дакладнае ўсьведамленьне, што наперадзе -- два страчаныя гады, якія апрыёры можна проста выкрэсьліваць з жыцьця. Ну, у тым выпадку з Лукашэнкам гаворка ішла пра пяць гадоў; аказалася -- адзінаццаць. А што адчувалі Вы?”

(Пазьняк:) “У мяне было адчуваньне трывогі. І абсалютна яснае разуменьне, што будзе расейская акупацыя, што Беларусь будуць здаваць пад Маскву. Пасьля першага туру выбараў я напісаў Зварот да беларускага народа. ён , дарэчы, быў надрукаваны адразу ў газэце "Беларус", што выходзіць у Нью-Ёрку, і там я выклаў, што чакае Беларусь, калі прэзыдэнтам стане Лукашэнка. Я цяпер перачытваў гэты зварот. там дакладна апісана ўсё тое, што сталася”.

(Навумчык: ) “А ў беларускай прэсе гэты артыкул надрукаваны ня быў?”

(Пазьняк: ) “Не, ня быў. Не надрукавалі”.

(Навумчык: ) “Прайшло адзінаццаць гадоў. Ваша ацэнка: дзе цяпер знаходзіцца Беларусь?”

(Пазьняк: ) “Адзінаццаць гадоў унутранай акупацыі і рэжыму Лукашэнкі затармазілі духоўнае і культурнае разьвіцьцё беларускай нацыі. І галоўнае, змарнавалі цэлае пакаленьне беларусаў. Гэта -- вынік жахлівы, гэта -- вынік рэгрэсіўны, які, дзеля направы, патрабуе доўгага часу. і робячы, праектуючы будучую палітыку Беларусі, вольнай Беларусі, трэба будзе мець на ўвазе неабходнасьць гэтай направы духоўнага жыцьця нацыі”.

(Навумчык: ) “Некаторыя аналітыкі заўважаюць, што Вы звычайна ў прагнозах, ва усякім разе доўгатэрміновых прагнозах, не памыляецеся. Ваш прагноз: колькі яшчэ гадоў Аляксандр Лукашэнка будзе кіраваць краінай?”

(Пазьняк: ) “Прагноз -- "колькі гадоў?"-- я даваць ня буду, але я скажу пра прынцып, які можа спыніць гэтае кіраваньне. Сытуацыя паказвае, што рэжым Лукашэнкі будзе трымацца столькі на Беларусі, колькі пратрымаецца цяперашні крамлёўскі рэжым у Расеі. Яны -- Лукашэнка і Пуцін -- цяпер павязаныя як два пьяныя, што трымаюцца адзін за аднаго, каб ня ўпасьці. І хутчэй за ўсё, што яны разам і паваляцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG