Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабіных груш ня руш: свае трасі, бабе нясі


Мікола Раманоўскі, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Сэнс гэтай прыказкі, на першы погляд, зусім празрысты: яна кажа не чапаць чужога дабра і шанаваць старых жанчын. Але якраз такая падкрэсьленая павага да старой бабы выклікае зьдзіўленьне. У даўнейшым вясковым побыце жанчына займала другараднае становішча – ні ў грамадзкія, ні ў гандлёвыя справы не мяшалася. Чаму тады прыказка ня проста бароніць яе маёмасьць, а кажа асабліва дагаджаць ёй?

Фальклярыст Пётра Шпілеўскі меркаваў, што першапачаткова тут магла ісьці гаворка не пра абы-якую бабу, а пра вядзьмарку. За паганскім часам вядзьмаркі лічыліся выканаўцамі волі як добрых, так і злых сілаў, яны адпраўлялі абрады, іх шанавалі і баяліся. (Адсюль, на думку Шпілеўскага, і вобраз Бабы-Ягі.) Яшчэ зусім блізка да нашага часу знахаркі варажылі, гадалі, чаравалі, загаворвалі. Такой важнай асобе як не дагодзіш, то сам потым ня рад будзеш, ня тое каб яшчэ яе пакрыўдзіць. Адным словам, бабіных груш ня руш: свае трасі ды бабе нясі.

Іншае магчымае тлумачэньне – што прыказка зьвяртаецца да маладых хлопцаў-жаніхоў. Як сьведчыць той жа Пётра Шпілеўскі, калі хлопец пасватаўся за дзяўчыну, то аддаць яе за яго ці не – вырашалі якраз старыя жанчыны, а мужчыны лічылі гэта бабскім клопатам і трымаліся ад яго ўбаку.

Ёсьць і іншая падобная прымаўка пра грушы, але ўжо ня бабіны, а панскія, і яна гучыць нашмат больш зьедліва: панскіх груш ня руш: як пагніюць, паны самі дадуць.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG