Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымыя тэрарыстычныя акты ў Беларусі?


Галіна Абакунчык, Менск Дзяржаўныя сьцягі над будынкам амбасады Вялікабрытаніі ў Менску, а таксама над будынкамі іншых эўрапейскіх дзяржаваў і сьцягі Эўразьвязу прыспушчаныя. Але дыпляматычныя прадстаўніцтвы працягваюць працаваць у звычайным рэжыме.

Консульскі адзьдзел Вялікабрытаніі па-ранейшаму прымае беларускіх грамадзянаў, якія зьвяртаюцца па візу. МЗС заклікала жыхароў Беларусі ўстрымацца ад вандровак у той рэгіён, аднак каля кансуляту па-ранейшаму зьбіраецца чарга. Ці не баяцца беларусы выяжджаць у Вялікабрытанію і краіны Заходняй Эўропы? І ці не асьцерагаюцца тэрактаў на сваёй радзіме?

(Спадарыня: ) “Канечне, страшна. Калі бачыш, як людзі гінуць, гэта вельмі страшна”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы ехаць не баіцеся?”

(Спадарыня: ) “Не, не баімся”.

(Спадарыня: ) “Усе пад Богам ходзім”.

(Спадарыня: ) “Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць”.

(Спадарыня: ) “Хто не рызыкуе, той ня п’е шампанскага”.

(Юнак: ) “Не, ня страшна. Мне падаецца, гэта адбылося таму, што сталіцу Вялікабрытаніі абралі сталіцай Алімпійскіх гульняў. Таму тэрарысты зьвярнулі ўвагу менавіта на Лёндан”.

(Юначка: ) “Мы зьбіраемся менавіта ў Лёндан. Канечне, гэта ўсё страшна, але гэта цяпер адбываецца паўсюдна. І ў адваротным выпадку трэба сядзець дома і ўвогуле нікуды не выходзіць. Гэта не падстава, каб туды ня ехаць. У Беларусі такое малаверагодна, бо мы ня ўдзельнічаем ні якіх палітычных канфліктах”.

(Юначка: ) “Так, зьбіраюся ехаць у Заходнюю Эўропу”.

(Карэспандэнтка: ) “У зьвязку з тэрактамі, ці ня страшна?”

(Юначка: ) “Не, ня страшна. Мы заўсёды думаем, што такое з намі ня можа здарыцца, а таму і ня страшна”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці не асьцерагаецеся вы таго, што нешта падобнае можа здарыцца і ў Беларусі? І калі так, то адкуль можа зыходзіць такая пагроза?”

(Юначка: ) “Магчыма, людзі, якія прыехалі ў Беларусь з Расеі і могуць нейкі тэракт учыніць. Але беларусы — не”.

(Юнак: ) “Ды не, не баімся. Можа, гэта ўсё і сур’ёзна, але спадзяемся, што калі мы там будзем, то ўсё будзе спакойна і ціха”.

(Юначка: ) “Хутчэй за ўсё, тэракты робяцца не для таго, каб забіць найбольшую колькасьць людзей, а менавіта для таго, каб выклікаць усеагульнае адчуваньне менавіта страху. Гэта, хутчэй за ўсё, інфармацыйная вайна. Калі гэта робіцца для масавай параноі, то гэта бязглузда — нечага баяцца, калі насамрэч шанец загінуць ад тэракту ня вельмі вялікі. У Беларусі, я лічу, магчымыя пэрформансы, але ня больш за тое”.

(Юнак: ) “Ехаць у Заходнюю Эўропу мне ня вельмі страшна, бо статыстыка гібелі людзей у аўтакатастрофах нашмат больш жудасная, чым ад тэрактаў. Гэты тэракт моцна зьвязаны зь вялікай палітыкай. На шчасьце ці на жаль, але Беларусь вельмі далёкая ад вялікай палітыкі. Таму з боку ісламскіх груповак для Беларусі ніякай пагрозы няма. Але на наступны год у Беларусі выбары і, калі сытуацыя ў грамадзтве застанецца напружанай, то ў такіх варунках усялякія інцыдэнты цалкам верагодныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG