Сымбалічна, што падчас прэзэнтацыі кнігі Быкава пачаўся дождж і сышла дзённая гарачыня. У чытальнай залі Дому літаратара не хапіла месца ўсім, хто прыйшоў на прэзэнтацыю “Быкава на Свабодзе”, і людзі стаялі ў праходах. А ў залі гучаў голас Быкава.
(Быкаў: ) “Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю “Свабоду”, тое сталася звычаем і патрэбай душы”. (слухаць mp3)
На стале – вялікі букет васількоў, і прамоўцы гавораць пра Васіля Быкава. Выступае журналіст “Свабоды” Аляксандар Лукашук.
(Лукашук: ) “737 дзён Беларусь жыве без Быкава. Гэта праўда і гэта няпраўда, бо ўсе гэтыя 737 дзён ягонае імя ніколі не пакідала тых, хто яго чытае. Бываюць супадзеньні, якія часам прымушаюць задумацца. Кніга, якую я трымаю ў руках, выйшла з друкарні 22 чэрвеня. Але гэта не супадзеньне. Проста чэрвень цяпер заўсёды будзе месяцам Быкава”.
Другое выданьне па аб’ёме на чвэрць большае за першае.
У новай кнізе зьмешчаныя два выступы Быкава на вечарынах БНФ, на мітынгу каля КДБ, адказы на гэтак званую “анкету Дастаеўскага”, перапіска з Аляксандрам Лукашуком, ягоныя словы памяці, прысьвечаныя Алесю Адамовічу і Вячаславу Адамчыку, а таксама выступ Быкава з нагоды дня 22 чэрвеня – пачатку вайны.
У новым выданьні зьмешчаны таксама малюнкі Быкава, эсэ Сяргея Абламейкі пра апошні, праскі пэрыяд жыцьця Быкава, а таксама матэрыялы пра драматычныя абставіны вяртаньня Васіля Быкава ў Менск. Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч назваў сёньняшнюю прэзэнтацыю надзвычайнай падзеяй.
(Пашкевіч: ) “Гэта першы факт, калі кнігі Быкава выдаюцца ня толькі бесцэнзурна, незалежна, але і перавыдаюцца”.
Гаворыць сябар Васіля Быкава паэт Генадзь Бураўкін.
(Бураўкін: ) “Васіль у свой апошні шлях на руках нашых праплыў у вечнасьць па праспэкце Скарыны. І тое, што кніга новая – большая, чым тая, што была выдадзеная год таму, сьведчыць пра тое, што Васіль ня толькі жывы. Ён невычэрпны. Ён жыве сярод нас. Больш таго, нашыя ўлады зь ім ваююць, як з жывым”.
На прэзэнтацыі прысутнічала ўдава Васіля Уладзімеравіча Ірына Міхайлаўна Быкава, у часе многіх выступаў яна плакала.
Незвычайнае прызнаньне падчас вечарыны зрабіў паэт Анатоль Вярцінскі.
(Вярцінскі: ) “Беларускую службу Радыё Свабода я пачаў сыстэматычна слухаць пасьля таго, як мне падарыў радыёпрыёмнік Васіль Уладзімеравіч Быкаў. Ён далучаў нас да іншадумства”.
На прэзэнтацыі гэтаксама выступілі старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі, паэт Уладзімер Някляеў, карэспандэнтка Радыё Свабода Алена Ціхановіч, актывіст Таварыства беларускай мовы Іосіф Навумчык, бацька рэдактара і ўкладальніка абодвух выданьняў ”Быкава на Свабодзе” Сяргея Навумчыка. Што да аўтарскага калектыву, то сёньня ў Доме літаратара віталі мастака кнігі – Генадзя Мацура і стыль-рэдактара і карэктара Аляксандру Макавік.
У часе прэзэнтацыі прагучала любімая песьня Васіля Быкава “Шумныя бярозы”, на словы Янкі Купалы і музыку Рыгора Пукста, у выкананьні Данчыка.
Архіўныя аўдыё запісы Васіля Быкава ў фармаце mp3
• Выступ у Чырвоным касьцёле падчас утварэньня "Мартыралёгу Беларусі" і БНФ "Адраджэньня". Кастрычнік 1988 • Пра зьбіцьцё дэпутатаў апазыцыі ў Вярхоўным савеце. Красавік 1995 • "Дэмакратычныя выбары ва ўмовах таталітарызму немагчымыя". Сьнежань 1995 • "Урокі Нюрнбэргу актуальныя і цяпер". Кастрычнік 1996 • "Апазыцыя зрабіла гераічны ўчынак - дамагласся сувэрэннасьці". Ліпень 1997 • "Кожны новы твор - рэакцыя на незадавальненьне папярэднім". Чэрвень 1998 • "Я ў гадоў 10-12 адчуваў, што гэтая ўлада нялюдзкая". Чэрвень 1999 • "Я беларус, мая родная мова - беларуская". Чэрвень 1999 • "Трэба жыць дома. Ня ўсім выпадае такое шчасьце." Чэрвень 1999
Гл.таксама • Новае выданьне "Быкаў на Свабодзе" – на вэбсайце svaboda.org (PDF)
У Менску адбылася прэзэнтацыя другога выданьня зборніку “Быкаў на Свабодзе” (фотарэпартаж і mp3)
Ганна Соусь, Менск У панядзелак у менскім Доме літаратара адбылася прэзэнтацыя другога выданьня зборніка радыёпубліцыстыкі клясыка беларускай літаратуры народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава “Быкаў на Свабодзе”. Новае выданьне дапоўненае невядомымі раней інтэрвію, лістамі і ўспамінамі. На імпрэзу прыйшлі больш за 200 чалавек.
Самае папулярнае
1