Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – другая гадавіна сьмерці Васіля Быкава. У Беларусі толькі адна вуліца яго імя – на ўскраіне пасёлку Ждановічы


Севярын Квяткоўскі, Менск Сёньня блізкія і сваякі Васіля Быкава, а таксама прыхільнікі яго творчасьці і прадстаўнікі палітычных партыяў прыйдуць на магілу пісьменьніка на Ўсходніх могілках у Менску.

Адразу пасьля сьмерці Быкава грамадзкая камісія ў выступіла з шэрагам прапановаў па ўшанаваньні яго памяці. Усе яны, аднак, дагэтуль застаюцца на паперы. Толькі бяібліятэка ў вёсцы Кублічы Вушацкага раёну і ускраінная вуліца ў пасёлку Ждановічы пад Менскам названыя імем пісьменьніка.

Я знаходжуся на вуліцы Васіля Быква. Вуліца месьціцца на ўскрайку пасёлку Ждановічы ў новым катэджным мікрараёне. Пакуль тут жыве тры сям''і, а шыльдачак на сьценах дамоў зь імём Васіля Быкава няма. Сярод жыхароў Ждановічаў практычна было немагчыма сустрэць кагосьці, хто б ведаў, што гэтая вуліца ёсьць у пасёлку".

(Спадарыня: ) "Насіць памяць гэтай вуліцай – вялікі гонар. Васіля Быкава, канешне, кожны беларус ведае. Проста, мы, беларусы, не прызвычаіліся сябе дацэньваць. Можа таму, што мы ніколі не былі свабоднымі, як цяпер – наша Беларусь незалежная самастойная рэспубліка. Я так мяркую".

Гэта словы жыхаркі ждановіцкай вуліцы Васіля Быква.

(Вуліца Быкава толькі забудоўваецца)



Ідэя наданьня вуліцы імя Васіля Быкава належыць сябру партыі БНФ, дэпутату Ждановіцкага сельскага і Менскага раённага саветаў Юрасю Зянковічу:

(Зянковіч: ) "Калі ішла кампанія па перайменаваньні вуліц, мне вельмі хацелася, каб вуліца Васіля Быкава была ў цэнтры Ждановічаў. Але на сёньняшні дзень я бачу, што мы зрабілі вельмі шмат дзеля таго, каб яна ўвогуле зьявілася. І гэта вельмі вялікі крок з боку кіраўніцтва нашага сельскага савету".

Юрась Зянковіч спасылаецца на свой дэпутацкі досьвед сустрэчаў з вэтэранамі вайны:

(Зянковіч: ) "Я бачу, што ўзровень жыцьця нашых вэтэранаў быў, ёсьць і застаецца вельмі-вельмі нізкі. Гэты ўзровень ня варты тых людзей, якія перанесьлі вельмі шмат і перамаглі ў той вялікай вайне".

Васіль Быкаў, які стварыў свае асноўныя творы на ваеннай тэматыцы, памёр у гадавіну нападу нацыстаў на СССР. Вэтэран Васіль Быкаў у сваіх інтэрвію ня раз казаў пра беднасьць пераможцаў – былых савецкіх салдатаў. Цяпер многія з тых, хто мог стаць героем твораў Быкава, зарабляюць сабе да пэнсіі зборам пустых бутэлек:

(Вэтэран: ) "Жабракамі жывем (піп!). Горш за Нямеччыну (піп!)"

Чаму імя Васіля Быкава не нададзена аніводнай вуліцы ў сталіцы альбо ў Горадні, дзе доўгі час жыў і працаваў Васіль Быкаў? Пакуль пытаньне застаецца без адказу. А вось меркаваньне адной з жыхарак вуліцы, што носіць імя пісьменьніка ў Ждановічах:

(Спадарыня: ) "Ён большую славу заслужвае. Лепш бы на праспэкце было ягонае імя: чалавека ўвесь сьвет ведае".

Патрыятызм сваёй вуліцы і сваёй краіны спалучаецца ў жыхароў вуліцы Васіля Быкава:

(Спадарыня: ) "Будзе прыгожай вуліцай. Самай прыгожай у гэтым мікрараёне – будаўнічы масіў "Ждановічы".

Беларускія ўлады дагэтуль ігнаруюць прапановы грамадзкай камісіі па ўшанаваньні памяці народнага пісьменьніка. Прапановы ўшанаваць памяць Васіля Быкава праз наданьне яго імя вуліцам або ўстановам выказваліся ў розных гарадох Беларусі. Менскія ўлады адмовіліся перайменаваць праспэкт Дзяржынскага і прапанавалі аўтарам ідэі пачакаць, пакуль пабудуюцца новыя вуліцы. У сьнежні пазалетась гарадзенскі гарвыканкам адмовіўся задаволіць просьбу грамадзкасьці і жыхароў бульвару Ленінскага камсамолу назваць гэты бульвар або вуліцу Сьвярдлова імем Васіля Быкава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG