Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З апошнім словам на судзе выступіў рэдактар “Барысаўскіх навінаў”


Міхал Стэльмак, Барысаў Рэдактару “Барысаўскіх навінаў” Анатолю Букасу інкрымінуецца парушэньне двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Ён абвінавачваецца ў паклёпе і абразе рэдактаркі газэты Барысаўскага гарвыканкама ”Адзінства” Веры Пратасевіч. Падставай для крымінальнай справы стала адна з публікацыяў, зьмешчаная летась у “Барысаўскіх навінах”, у якой Анатоль Букас крытыкаваў стыль і мэтады працы сваёй калегі.

У апошнім слове Анатоль Букас назваў справу палітычна матываванай і заявіў, што яе мэтай зьяўляецца расправа зь незалежным выданьнем. Паводле рэдактара “Барысаўскіх навінаў”, яго абвінавачваюць беспадстаўна. Вось як ён патлумачыў свой выступ:

(Букас: ) “На пачатку гэтай не зусім звычайнай справы, якую, лічу, сфабрыкавалі супраць мяне мясцовыя ўлады, цяплілася надзея, што судзьдзя будзе непрадузята весьці паседжаньні і разглядаць справу. Аднак судзьдзя Алена Самцэвіч, на мой погляд, беспадстаўна адхіліла хадайніцтва пра прызначэньне судова-лінгвістычнай экспэртызы. І гэта насьцярожвае. Складаецца ўражаньне, што яна перш-наперш шукае абвінаваўчых аргумэнтаў. А таму ні ў якім разе ня вынесе апраўдальнага прысуду”.

Як паведаміла судзьдзя Барысаўскага суду Алена Самцэвіч, прысуд яна абвясьціць заўтра. Нагадаю, пракурор запатрабаваў пакараць Букаса за паклёп і абразу Веры Пратасэвіч двума штрафамі — 30 базавых велічыняў кожны (агулам гэта каля 700 даляраў). У сваю чаргу, рэдактарка барысаўскай афіцыйнай газэты спадзяецца, што суд падтрымае яе:

(Пратасэвіч: ) “Я падтрымлівала абвінавачаньне. І ніякага тут палітычнага падтэксту няма. Хай ён абвінавачвае толькі сябе, калі раптам так адбудзецца, што гэтыя выказваньні будуць прызнаныя зьневажальнымі. Я спадзяюся на гэта”.

Судовы працэс над рэдактарам “Барысаўскіх навінаў” атрымаў шырокі розгалас у Барысаве. У прыватнасьці, на сёньняшнім паседжаньні прысутнічалі прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці гэтага гораду, чытачы “Барысаўскіх навінаў”. Вось якім уражаньнем падзяліўся адзін зь іх, рабочы Анатоль Аскерка:

(Аскерка: ) “Маё меркаваньне такое. Да лета 2006 году на беларускай арэне павінны застацца толькі “правільныя” газэты. Цяпер улады шукаюць розныя зачэпкі, каб пачаць паэтапнае закрыцьцё свабоднай прэсы. Выконваецца плян. Прыклад таму — учорашняе рашэньне па “Народнай Волі”. У Барысаве мы таксама бачым, што чалавека абвінавачваюць ні за што, а газэту хочуць закрыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG