Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі блюз перамагае


Зьміцер Падбярэскі, Менск (эфір 4 чэрвеня). Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Працягваем расказваць пра музычныя фэстывалі пад адкрытым небам, у якіх удзельнічаюць беларускія музыканты. А паколькі такія фэстывалі ў самой Беларусі — рэдкасьць, нашыя музыкі езьдзяць за мяжу. Заўважу, езьдзяць недарма. 28—29 траўня ў польскім горадзе Рава Мазавецка прайшоў XV міжнародны фэстываль “Ноц блюзова” з удзелам музыкаў зь Беларусі. Конкурс аматарскіх калектываў выйграла гомельская група “Al Narrator Orchestra”. За пяць гадоў, як у гэтым фэстывалі ўдзельнічаюць выканаўцы зь Беларусі, гэта ўжо другая перамога нашых блюзавых музыкаў.

Колькі слоў пра фэстываль. На сустрэчы з бурмістрам гораду прагучала лічба 240 тысяч злотых, то бок пад 80 тысяч даляраў — менавіта такі быў каштарыс фэстывалю, але пры гэтым ніводнага злотага з дзяржаўных сродкаў на фэстываль выдаткавана не было. Нават шыкоўны фаервэрк быў дадзены выключна на спонсарскія ахвяраваньні. У гасьцявой праграме ўдзельнічалі выдатныя музыкі з розных краінаў, у тым ліку легенда ўсясьветнага блюзу — ангельская група “Ten Years After”, амэрыканскі гітарыст Сарасота Сьлім са зборнай Брытаніі па блюзе, найлепшая польская група “Nocna zmiana bluesa”. Беларусь прадстаўляла каманда “Мадэра гард блюз”.

Што да конкурсу, дык у ім удзельнічалі пяць польскіх калектываў і па адным зь Беларусі, Славаччыны і Вугоршчыны. Беларусы аказаліся адзінымі, хто выконваў спрадвечны, клясычны блюз ва ўласных аранжаваньнях. Відаць, менавіта гэта і паўплывала на рашэньне журы, якое аднагалосна аддало гомельскім музыкантам першае месца. Старшыня журы журналіст Марэк Якубоўскі пры гэтым сьцьвярджае, што так, як гэта зрабілі беларусы, выканаць амэрыканскую музыку самі амэрыканцы няздольныя”.

(Марэк Якубоўскі: ) “На тым, што яны злучылі два пачаткі: усё тое, што важнае для музыкі афраамэрыканскай, і тое, што яны могуць дадаць ад сябе, каб яно было творча і цікава. І такі вось сынтэз даў вельмі добры эфэкт у выглядзе іх праграмы, музыкі, гучаньня. І ўсё тое, што было злучана ў элемэнтах іх музыкі народнай і музыкі афраамэрыканцаў”.

(Падбярэскі: ) “Ацэньваючы выступленьні беларускіх музыкантаў на фэстывалі “Ноц блюзова” за апошнія пяць гадоў, пан Якубоўскі падкрэсьлівае”.

(Якубоўскі: ) “На гэтым фэстывалі беларускія музыканты ставяцца да выступленьняў вельмі сур’ёзна. Я ня ведаю, што яны выконваюць у сябе на радзіме, у Беларусі, але тут яны паказваюцца як асобы, які вельмі творча, сур’ёзна ставяцца да матэрыі блюзу і адначасова ўсяго таго, што ёсьць у іх як музыкаў беларускіх. І гэта я адзначаю практычна ў кожным выступленьні тых вашых музыкаў, якіх я чуў на гэтым фэстывалі. Можа, іх непрацяглыя выступленьні толькі гэта й паказвалі, але менавіта так я ўсё і чуў, сур’ёзна!”

(Падбярэскі: ) “Тая разнавіднасьць блюзу, якую прадэманстравала ў Польшчы гомельская “Al Narrator Orchestra”, называецца зайдэка. Гэты калектыў — напэўна, адзіны ў краіне, хто выконвае падобную музыку. Цікава, ці разьлічвалі самі ўдзельнікі гомельскай групы на перамогу? Вось што гаворыць лідэр калектыву гітарыст і сьпявак Аляксандар Цыганок”.

(Аляксандар Цыганок: ) “Я мушу прызнацца, што выкладваюся ў гэтым жанры, насколькі мне дазваляюць мае сілы і здароўе. Гэта маё жыцьцё, мне гэта надзвычай цікава, гэта мая праца, маё існаваньне. Таму я вельмі рады, што гэта нейкім чынам зразумелі, нягледзячы на тое, што гук двух інструмэнтаў быў ня самы лепшы. Двое маладых, якія ў мяне іграюць, яны наагул упершыню выступалі на такім сур’ёзным раўце. Яны былі ўражаныя ўзроўнем падрыхтоўкі, сур’ёзным стаўленьнем да кожнага пытаньня, кожнай дэталі, пачаўшы ад арганізацыі сцэны, аховы, харчаваньня, жытла і іншага. І найбольш істотны нюанс — унутраная дысцыпліна саміх грамадзянаў Равы Мазавецкай”.

(Падбярэскі: ) “І вось вам недарэчнасьць: беларускі калектыў выйграе міжнародны конкурс, пры гэтым апошні раз на радзіме выступаў у менскім клюбе “Бронкс” восем месяцаў таму. Можна сьцьвярджаць: большасьць калектываў зьнікае са сцэны менавіта з-за незапатрабаванасьці іх музыкі”.

(Цыганок: ) “У зьвязку з пэўнымі прычынамі, зьвязанымі зь непадрыхтаванасьцю публікі слухаць блюз. Магчыма, публіцы гэта і спадабалася б, калі б гэтаму надалі плаўны штуршок, але сёньня людзі настолькі зацюканыя мэйнстрымам расейскага і беларускага папуляру, што іншага ўжо і ня ведаюць. Яны спажываюць тое, што ім даюць”.

(Падбярэскі: ) “Думку Аляксандра Цыганка шмат у чым падзяляе дырэктар фэстывалю Рышард Краснадэнбскі”.

(Рышард Краснадэбскі: ) “Настае час для нечага таго, што будзе ствараць якасьць. І такія галасы гучаць усё часьцей. Думаю, што мастацкія акцыі будуць зьбіраць куды менш людзей, але затое такіх, якія ведаюць, што ім трэба. Да гэтага варта рыхтавацца, магчыма, менш крытычна глядзець на тое, колькі людзей прыйшло, але пры гэтым улічваць, што час зьмяняецца, час крочыць наперад і змушае нас пераглядаць уласныя паводзіны і ацэнкі”.

(Падбярэскі: ) “Фэстываль “Ноц блюзова” адбываецца пад патранатам Міністэрства культуры Польшчы і лодзінскага ваяводы, што сьведчыць найперш пра ягонае значэньне. А падчас размовы з бурмістрам Равы Мазавецкай панам Эўгеніюшам Гураем я пацікавіўся, што ён, як чыноўнік і як чалавек, думае пра магчымыя абмежаваньні ўезду ў Польшчу ня толькі прадстаўнікоў беларускай улады, але й спартоўцаў, музыкаў”.

(Эўгеніюш Гурай: ) “Думаю, што гэта нейкае непаразуменьне. Нічога падобнага не павінна здарыцца, і я на гэта спадзяюся, таму што гэта будуць захады, скіраваныя ў адваротным кірунку. Мы мусім размаўляць, таму што гэтыя рэчы датычаць суседзяў, а Беларусь — наш сусед. Мы павінны ўсё больш супрацоўнічаць, глыбей і актыўней, і таму я супраць таго, каб нешта падобнае датычыла культуры. Я наагул не магу сабе ўявіць такой сытуацыі. Што да фэстывалю “Ноц блюзова” ў Раве Мазавецкай, то мы будзем шукаць такога выйсьця, каб вашыя музыканты заўсёды прысутнічалі на ім. Нам гэта вельмі патрэбна, і я лічу, што ў Сэйме ці ў нейкай групе дэпутатаў падобная дыскусія можа быць, але такой пастановы, дакумэнту Сэйм афіцыйна ня прыме. Я не ўяўляю, што такое можа здарыцца. Ва ўсім сьвеце мусіць ўмацоўвацца інтэграцыя, збліжэньне, і менавіта на гэтым варта акцэнтаваць, але не на нейкім чарговым падзеле, жалезнай заслоне”.

(Падбярэскі: ) “На заканчэньне варта адзначыць, што Дзьмітры Роба, выканаўца на губным гармоніку з Гомелю, атрымаў ад журы спэцыяльны прыз — прафэсійны мікрафон, а акардэаніст Аляксандар Гулай быў запрошаны лідэрам польскай групы “Nocna zmiana bluesa” Славэкам Вяшхольскім на запіс чарговага альбому польскіх музыкантаў. Так што ня варта нам прыбядняцца: і ў папулярнай музыцы Беларусь мае што паказаць у Эўропе. “Эўрабачаньне” пры гэтым пакідаю па-за тактам як цалкам асобную тэму.

У праграме прагучалі фрагмэнты песень у выкананьні груп “Ten Years After” з Англіі і “Al Narrator Orchestra” зь Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG