Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Клімава асудзілі на 1,5 году "хіміі", вызвалілі з-пад варты ў судовай залі (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Андрэй Клімаў асуджаны на паўтара году "хіміі", а фактычна на год і тры месяцы, бо дзень знаходжаньня ў сьледчым ізалятары залічваецца ў тэрмін адбыцьця пакараньня як два дні. Абаронца палітыка, яго жонка Тацяна Леановіч, назвала рашэньне падарункам – у яе сёньня дзень нараджэньня. Клімава абвінавацілі ў арганізацыі вулічнай акцыі 25 сакавіка, у часе якой нібыта адбыліся масавыя беспарадкі. Судзьдзі Сьвятлане Ганчар спатрэбілася літаральна дзьве гадзіны, каб напісаць прысуд.

У суд Цэнтральнага раёну прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх прадстаўнікі амбасадаў і АБСЭ, лідэр АГП Анатоль Лябедзька і лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч. Заплянавана было апошняе слова Андрэя Клімава, прамова абаронцы і абвяшчэньне прысуду.

Тацяна Леановіч у сваёй прамове спасылалася на тое, што ў матэрыялах справы няма ніводнага пазову ад транспартнікаў ці прадпрыемстваў грамадзкага харчаваньня. Яна прасіла суд перакваліфікаваць крымінальную справу ў адміністрацыйную. Максымум за што можна было пакараць Андрэя, паводле яе словаў, гэта за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі.

Андрэй Клімаў адмовіўся ад апошняга слова. Дзяржаўны абвінаваўца таксама не захацеў выступіць з рэплікай на прамову Тацяны Леановіч.

Судзьдзі Сьвятлане Ганчар спатрэбілася дзьве гадзіны, каб напісаць судовы прысуд – год і шэсьць месяцаў абмежаваньня волі. Апроч таго, паводле прысуду Андрэй Клімаў мусіць заплаціць 15 300 рублёў на карысьць дзяржавы.

Прысутныя не чакалі такога прысуду, бо дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Пазьняк прасіў суд пакараць Андрэя Клімава пазбаўленьнем волі на тры гады з адбыцьцём пакараньня ў калёніі строгага рэжыму. На прысуд прысутныя зрэагавалі воплескамі.

(Клімаў: ) “Я рады магчымасьці сустрэцца са сваімі сваякамі, сябрамі, паплечнікамі. Сёньняшні дзень удыхнуў у мяне надзею. Я ўжо не сумняюся ў выніках прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году”.

Анатоль Лябедзька не падзяляе аптымізму Андрэя Клімава:

(Лябедзька: ) “Людзі, якія выконвалі ролю судзьдзі і пракурора, прадэманстравалі, што ў нас няма незалежнай судовай сыстэмы. Таму што адзіным судовым рашэньнем сёньня павінна быць – “невінаваты”. Паводле адміністрацыйнага заканадаўства, гэта штраф, і ня больш за тое. Разам з тым, відаць, ёсьць пэўны страх і ў судзьдзі, якая і так бярэ на сябе вялікі грэх за тое, што яна прызнала невінаватага чалавека вінаватым. З гэтым яна будзе жыць гэтага паўтара году. Гэта ня ёсьць нейкая лібэралізацыя сёньняшняй сытуацыі”.

Мікола Статкевіч лічыць, што на зьмякчэньне прысуду паўплывалі некалькі фактараў, сярод якіх рэзкая рэакцыя з боку міжнародных структураў.

(Статкевіч: ) “Я думаю, што гэта вельмі дзіўная сытуацыя, калі ўсе так радуюцца, што чалавека на паўтара году адправяць на “хімію”. Але, безумоўна, у параўнаньні з тым, чаго чакалі пасьля таго, што абвясьціў пракурор, – гэта сапраўды радасьць для ўсіх нас. Для тых, хто ведае Андрэя, для яго і ягонай сям’і”.

Клімаў пакуль што будзе знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Нагадаю, што ў сувязі з справамі Статкевіча і Паўла Севярынца ў дачыненьні да судзьдзі Леаніда Ясіновіча, які вынес прысуд, а таксама дзяржаўнага абвінаваўцы Вадзіма Пазьняка, які прысутнічаў і ў гэтай справе, стала дзейная нарада дэмакратычных сілаў ініцыявала забарону ўезду ў краіны Эўразьвязу.

Андрэй Клімаў паведаміў, што цяпер у яго самае вялікае жаданьне – наведаць маці, а пасьля паехаць дадому.

Жонка Клімава, Тацяна Леановіч, сказала, што вызваленьне яе мужа з-пад варты вялікі ёй падарунак. Бо сёньня ў яе – дзень нараджэньня. Андрэй да накіраваньня на “хімію” будзе знаходзіцца ў Менску пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Судзьдзя Сьвятлана Ганчар паведаміла, што амністыя, прынятая 6-га траўня, калі Андрэй Клімаў ужо знаходзіўся пад вартай у сьледчым ізалятары, на падсуднага не распаўсюджваецца. Паколькі, паводле заканадаўства, дзень утрыманьня пад вартай у сьледчым ізалятары залічваецца ў тэрмін адбыцьця пакараньня як два дні, то фактычна на “хіміі” Андрэй Клімаў будзе знаходзіцца год і тры месяцы.

Хутчэй за ўсё, на наступным тыдні апазыцыйнага палітыка будуць судзіць у судзе Першамайскага раёну з абвінавачаньня ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG