Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” павінна выплаціць 15 мільёнаў рублёў 6 жыхарам Клецку і Салігорску


Ганна Соусь, Менск Сёньня суд Ленінскага раёну Менску забавязаў газэту “Народная Воля” выплаціць па 2 мільёны рублёў кампэнсацыі тром супрацоўнікам “Беларуськалію”, і па 3 мільёны рублёў — тром жыхарам Клецку. Суд прызнаў зьневажальнымі для іх гонару і годнасьці публікацыю подпісаў пад зваротам аб стварэньні руху “Воля народу” і забавязаў газэту надрукаваць абвяржэньне.

Сёньня раніцай судзьдзя Вера Тупік прыняла рашэньне прызнаць несапраўднымі і зьневажальнымі зьвесткі, надрукаваныя ў газэце “Народная Воля” пад зваротам аб стварэньні руху “Воля народу”. Гэта датычыць подпісаў Сяргея Катовіча, Ніны Грэчыц і Ніны Фраловай з Салігорску. Судзьдзя пастанавіла выплаціць кожнаму зь іх па 2 мільёны рублёў кампэнсацыі. Пазоў Паўла Жышкевіча судзьдзя адхіліла, бо ў часе судовых слуханьняў было ўстаноўлена, што ён падпісваўся пад зваротам, але іншым прозьвішчам.

Нагадаю, што прадстаўнікі прадпрыемства “Беларуськалій” патрабавалі ад газэты кожны 50 мільёнаў рублёў кампэнсацыі.

Сёньня ж судзьдзя Тацяна Жулкоўская разгледзела аналягічныя пазовы ад чатырох жыхароў Клецку — галоўнага лекара мэдычнага аддзяленьня Клецку Пятра Талайкі, дырэктаркі вясковай школы Ліліі Лібер, брыгадзіра Івана Гудзька і намесьніцы дырэктара 2-й клецкай школы Ірыны Закруты. Кожны зь іх патрабаваў прызнаць несапраўднай і зьневажальнай публікацыю іх подпісаў пад стварэньнем руху “Воля народу”, а таксама выплаціць ім 5 мільёнаў рублёў кампэнсацыі кожнаму. Галоўны рэдактар газэты Іосіф Сярэдзіч прапанаваў пазоўнікам, каб яны адмовіліся ад матэрыяльных прэтэнзіяў, а газэта надрукуе абвяржэньне. Але жыхары Клецку, як і раней жыхары Салігорску, на гэта не пагадзіліся.

Выступаючы ў судовай залі, усе пазоўнікі казалі пра тое, што яны падтрымліваюць дзейнага прэзыдэнта і ня ставілі подпісаў пад зваротам. Гаворыць Пётар Талайка:

(Талайка: ) “Мяне на сёньня задавальняе сытуацыя ў краіне. Ёсьць законны прэзыдэнт, законны ўрад, законныя органы кіраваньня. Кожны з нас робіць сваю справу”.

Намесьніца дырэктара 2-й школы Клецку Ірына Закрута зьвярнула ўвагу на тое, што ў “Народнай Волі” былі надрукаваныя прозьвішчы многіх настаўнікаў гэтай школы, але памылкова ўказаныя іх пасады:

(Закрута: ) “У газэце надрукаваныя прозьвішчы паловы калектыву нашай школы, прычым, прозьвішчы зьмененыя. Напрыклад, дырэктара школы з адзіным прозьвішчам Заўсьцінскі напісалі сантэхнікам”.

А вось што заявіў брыгадзір прадпрыемства “Спэцаўтаматыка” Іван Гуцько:

(Гуцько: ) “Я трапіў у няміласьць. І нехта ў гэтым вінаваты. Нехта гэтыя сьпісы прынёс. І тут не Сярэдзіч, і не Казулін, як кіраўнік руху, у гэтым вінаватыя. Можа, і іх падставілі, і нас падставілі”.

У часе судовага паседжаньня высьветлілася, што ў сьпісе ў “Народнай Волі” былі надрукаваныя два прозьвішчы Лібер з ініцыяламі Л.І., але пазначалася, што гэта лябарант і бухгальтар, тады як пазоўніца Лілія Лібер зьяўляецца дырэктаркай Гурноўскай вясковай школы. У выніку судзьдзя адхіліла пазоў Ліліі Лібер, але задаволіла пазовы спадароў Талайкі, Закруты і Гуцька, абавязаўшы газэту выплаціць 3 мільёны рублёў кожнаму. Пётар Талайка заявіў, што накіруе выплачаныя яму грошы на разьвіцьцё мэдычнага аддзяленьня Клецку, а Ірына Закрута — на рэстаўрацыю мясцовай царквы.

Як заявіў Радыё Свабода кіраўнік цэнтру юрыдычнай дапамогі СМІ Міхаіл Пастухоў, камэнтуючы рашэньні судоў, у газэце сапраўды былі надрукаваныя несапраўдныя зьвесткі. Але, на думку Пастухова, не было падставы прысуджаць кампэнсацыю маральных стратаў, паколькі ў звароце, пад якім былі пастаўленыя подпісы грамадзянаў, не было нічога абражальнага для іх гонару і годнасьці.

Іосіф Сярэдзіч яшчэ ня вырашыў, ці будзе ён абскарджваць рашэньні судоў. Усяго “Народнай Волі” належыць выплаціць 15 мільёнаў рублёў — гэта каля 7 тысяч даляраў.

У панядзелак у судзе Ленінскага раёну працягнецца разгляд пазову лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча да газэты “Народная Воля”. Гайдукевіч патрабуе прызнаць несапраўднымі апублікаваныя ў газэце зьвесткі пра ягоную запазычанасьць рэжыму Садама Хусэйна і выплаціць кампэнсацыю 200 мільёнаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG