Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прыпынілі дзейнасьць ліцэнзіі першага прыватнага мэдычнага цэнтру Беларусі — “Экамэдсэрвісу”


Ігар Карней, Менск Міністэрства аховы здароўя адклікала ліцэнзію найбуйнейшага прыватнага мэдычнага цэнтру “Экамэдсэрвіс”. Ліцэнзія прыпыненая на падставе вынікаў комплекснай праверкі. На думку прадстаўнікоў цэнтру, пакараньне не адпавядае выяўленым парушэньням.

Супрацоўнікі мэдычнага цэнтру “Экамэдсэрвіс” рыхтуюцца да навасельля: пасьля шматгадовых перамоваў з гарадзкімі ўладамі нарэшце ўдалося прыватызаваць дзяржаўны “даўгабуд”. Аднак пераезд у новы будынак азмрочыўся непрыемнасьцямі.

Як апавялі ў цэнтры, рашэньне Міністэрства аховы здароўя аб прыпыненьні ліцэнзіі прынятае на падставе таго, што некаторыя адмыслоўцы на момант праверкі ня мелі вышэйшай катэгорыі ў сваіх спэцыяльнасьцях. Зрэшты, кіраўніцтва “Экамэдсэрвісу” яшчэ спадзяецца знайсьці паразуменьне з галіновым ведамствам, таму ад камэнтароў устрымліваецца. Кажуць, што, перадусім, не хацелі б палохаць кліентаў.

(Супрацоўніца цэнтру: ) “Пакуль проста глядзіце на факты: вы затэлефанавалі, у офісе вам адказалі; будоўля ў нас завяршаецца. Нічога большага я вам сказаць не магу”.

Сыгнал для прыватных мэдычных установаў паступіў яшчэ ў сакавіку, падчас нарады ў пытаньнях рэфармаваньня сыстэмы аховы здароўя. Тады Аляксандар Лукашэнка заявіў: мэдыцына ў Беларусі мусіць быць даступнай кожнаму. Практычна адразу ж пасьля гэтага шэраг буйных мэдычных цэнтраў, уключна з “Экамэдсэрвіс”, “Нардын”, “Ладэ”, патрапілі ў цэнтар увагі Камітэту дзяржаўнага кантролю. Практычна ўсім камэрцыйным установам, куды наведваліся кантралёры, былі прад’яўленыя розныя прэтэнзіі. Памочнік міністра аховы здароўя Алег Матусевіч на просьбу Радыё Свабода пацьвердзіў: дзейнасьць ліцэнзіі “Экамэдсэрвісу” сапраўды прыпыненая.

(Матусевіч: ) “Ліцэнзію прыпынілі — ня ведаю, пазбавілі ўрэшце ці не. Тое, што самі камэрсанты з гэтым ня згодныя — гэта цалкам зразумела. Але ж ступень вінаватасьці вызначае не адзін чалавек. Калі ёсьць парушэньні, то мусяць быць і пэўныя захады. Але сумняваюся, што гэта такая значная навіна”.

Між тым, многія сталыя і патэнцыйныя кліенты прыватных мэдычных цэнтраў абураныя абмежаваньнем іх дзейнасьці.

(Мінак: ) “У чалавека мусіць быць права выбару. Калі ёсьць грошы, але бракуе часу, ён мае права атрымаць адпаведнае абслугоўваньне. Я сам летась карыстаўся паслугамі цэнтру “Нардын”, перад зімой рабіў прышчэпку ад грыпу. Уся працэдура заняла хвілінаў пятнаццаць і каштавала 10 тысяч. Без усялякай чаргі, бяз траты нэрваў і часу”.

Што да пытаньняў пра кошты, то суразмоўцы ўдакладняюць: у дзяржаўных паліклініках абслугоўваньне толькі ўмоўна можна назваць бясплатным.

Цэнтар “Экамэдсэрвіс” працуе на рынку мэдычных паслугаў дзесяць гадоў, а кіраўнік цэнтру Ўладзімер Каява лічыцца адным з найбольш пасьпяховых беларускіх бізнэсоўцаў. У 2002 годзе ён названы найлепшым прадпрымальнікам Беларусі ў галіне аховы здароўя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG