Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Дубавец прэзэнтаваў у Менску новую кнігу


Севярын Квяткоўскі, Менск "Вострая Брама", выбраныя перадачы Радыё Свабода 1997-2000 гадоў – назва зборніку, які быў прэзэнтаваны ў нядзелю ў менскім Доме літаратараў. У кнігу ўвайшлі сорак чатыры перадачы з больш як чатырохсот, што ўжо прагучалі на хвалях нашага радыё. "Вострая Брама" сталася чарговым выданьнем кніжнага праекту беларускай службы Радыё Свабода.

Аўтар і вядучы "Вострай Брамы" Сяргей Дубавец выхад зборніку характарызуе наступным чынам:

(Дубавец: ) "На гэтым этапе, гэты праект, у якім усе запрошаныя ўдзельнічалі, ён завяршыўся прынамсі сымбалічна – кнігай".

Кніга мае больш за пяцьсот старонак, дзе прадстаўленыя розныя паводле тэмаў тэксты: літаратуразнаўства, гістарычны аналіз, успаміны, апытаньні...

Сяргей Дубавец патлумачыў, што адабраў радыйныя тэксты, найбольш прыдатныя для перадачы на паперы.

Калі ў Доме літаратараў віравала прэзэнтацыя, у эфіры гучаў чарговы нядзельны выпуск "Вострай Брамы" пад назвай "Дыспут з Быкавым":

(Дубавец: ) "У сёньняшняй перадачы мы паспрабуем знайсьці аргумэнты на карысьць беларускай нацыянальнай пэрспэктывы, на карысьць беларускай нацыі, і таго, што яна ёсьць, і што ў яе ёсьць будучыня".

Магчыма, гэтыя словы вядучага "Вострай Брамы" могуць вызначыць тую агульную рысу, якая яднае розныя паводле тэмаў тэксты, што выйшлі пад агульнай "шапкай".

Прэзэнтацыя ладзілася ў Доме літаратараў, але не ў вялікай зале: сяброўскім колам аўтараў і ўдзельнікаў "Вострай Брамы". Колькасьць водгукаў аднак сьведчыць, што перадача мае багата прыхільнікаў.

Фармат імпрэзы тлумачыць Сяргей Дубавец:

(Дубавец:) "Тое, што я раблю ў "Вострай Браме", гэта больш андэграўндны жанр, чым адкрыты публічны шоў, ток-шоў. Калі я буду рабіць гэтую перадачу на дзяржаўнай "кропцы", тады я буду рабіць прэзэнтацыю на стадыёне".

Вакол "Вострай Брамы" склалася пэўнае кола ўдзельнікаў, чые галасы рэгулярна гучаць у перадачы: Валянцін Акудовіч, Алесь Анціпенка, Уладзімер Арлоў, Міхал Анемпадыстаў, Ігар Бабкоў, Лявон Вольскі, Адам Глёбус, Артур Клінаў...

Сьпіс можна доўжыць. Але часам у Сяргея Дубаўца пытаюцца, ці ня ёсьць кола занадта вузкім?

(Дубавец:) "Гэта ёсьць багацьце Беларусі, а ня знак таго, што не прыходзяць маладыя. Гэта ж не ў футбол пагуляць – ацаніць стан нацыі на ейным гістарычным шляху: дзе яна знаходзіцца, што зь ёй адбываецца?" Такіх людзей заўсёды вельмі мала".

Для пісьменьніка Адама Глёбуса ўдзел у "Вострай Браме" ёсьць сумоўем зь людзьмі, якія маюць блізкі сьветагляд:

(Глёбус: ) "Прыярытэт беларушчыны ва ўсім: беларускай мовы, беларускай культуры, беларускай ідэі ва ўсім. Фармаваньне гэтай ідэі, яе трансфармацыя, яе жыцьцё, рэтраспэкцыя, і пэрспэктывы... Я ня ведаю аніводнае іншае такой перадачы, дзе гэта магло б рэалізоўвацца".

Гаворачы пра адрозьненьне пытаньняў "Вострай Брамы" ад іншых мэдыяў, музыкант Лявон Вольскі прамаўляе слова "канцэптуальнасьць":

(Вольскі: ) "На пытаньні "Вострай Брамы" цікава адказваць, бо яны канцэптуальна іншыя. За гэтым стаіць работа. Нармальная работа галавы. Цікава шукаць арыгінальны адказ. Нават не заўсёды адшукваўся правільны адказ. Трэба было падумаць хвілінаў-пяць дзесяць. Я прасіў, каб ператэлефанавалі. І калі пасьля глядзіш у спалучэньні зь іншымі адказамі, то ёсьць пэўнае задавальненьне: нібы зрабіў пэўную творчую работу".

Яшчэ адзін часты госьць "Вострай Брамы" – Алесь Пушкін. Мастак таксама прызнаўся, што толькі для вострабрамскіх інтэрвію ён просіць час на роздум. Для Алеся Пушкіна, "Вострая Брама" – перадача, якая фармуе і выпрацоўвае, беларускі сьветагляд, і дае надзею:

(Пушкін: ) "Я не рассыпаюся ў дыфірамбах Дубаўцу. Кажу, што і слабыя ёсьць рэчы. Ён, бывае, трохі выссаныя з пальца тэмы дае, бо жыве трохі на адлегласьці, і не валодае (дастаткова) сытуацыяй ў Беларусі. Але "Вострая Брама" ў нечым становіцца вастрэйшаю і вастрэйшаю. Пытаньне ставіцца рубам. Я ўсё-ткі аптымістычна гляджу ў будучыню. У тым ліку дзякуючы "Вострай Браме". Мне падаецца, Дубавец таксама аптыміст".

Гэта былі меркаваньні сталых удзельнікаў "Вострай Брамы".

Сяргей Дубавец аднавіў і цягам дзевяці гадоў рэдагаваў газэту "Наша Ніва". Сяргей Дубавец стварыў, і восьмы год робіць перадачу "Вострая Брама". Ці варта чакаць новых доўгатэрміновых праектаў?

(Дубавец: ) "У мяне ёсьць пэўная мара: распачаць уласны амбіцыйны друкаваны пэрыядычны праект, пра які пакуль што гаварыць яшчэ рана".

Нагадаем, што 7 чэрвеня ў аўторак і вядучы "Вострай Брамы" Сяргей Дубавейц адкажа на пытаньні наведнікаў інтэрнэт старонкі нашага радыё – www.svaboda.org. Он-ляйн канфэрэнцыя адбудзецца а 12 гадзіне па менскім часе. Свае пытаньні можна задаваць ужо цяпер на старонцы форуму - svaboda.org/forum.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG