22 траўня
Ранкам пайшоў у Верхні горад у “Дом-музэй Ваньковічаў”. Гэты ўнікальны для Менску сядзібны дом, збудаваны два стагодзьдзі таму, цудам перажыў эпоху разбурэньня архітэктурнай спадчыны (у 1970-я гады тут пасьпелі зьнішчыць флігель, частку агароджы з брамай, сад і скульптуры). Пасьля рэстаўрацыі дом і звонку стаў прывабны і ўнутры набыў цікавую экспазыцыю. Чаго пакуль не хапае — наплыву экскурсіяў. Ды гэта агульная бяда нашых камэрных музэяў, чамусьці лічыцца, што хадзіць у такі музэй — дзіцячы занятак.
У экспазыцыі, зразумела, дамінуе асоба мастака Валенція Ваньковіча, ёсьць цікавыя дакумэнты, аўтэнтыкі карцін з той эпохі, але няма палотнаў самаго Ваньковіча. Зь яго работ некаторыя паказаны нават ня копіямі, а ў чорна-белых здымках. У Беларусі ніводнай яго карціны не захавалася, усе ў Варшаве, Вільні, Парыжы, Кракаве, а ў “Доме Ваньковічаў” толькі ўспамін. Чаму нельга зрабіць копіяў, прыкладам, паслаць на месячную стажыроўку ў Кракаў ці Парыж маладых мастакоў, — няўцям. Мо, традыцыя такая не склалася, няма звычкі запаўняць лякуны. Таму і ў “Доме Ваньковічаў” гэтую лякуну запаўняюць вусныя камэнтары.
Наагул шматлікія лякуны і камэнтары — адметнасьць беларускай старасьвеччыны. Інакш не зразумець, чаму ў нашай даўніне шмат беларусаў прысутнічае інкогніта, пад расейскай ці польскай маскай. Ёсьць некалькі сымбалічных месцаў, дзе беларушчына перарвалася і дзе потым ўзнавілася. Гэта замак у Крэве, камяні якога захоўваюць трагедыю забойства князя Кейстута. На ім, фактычна, на некалькі стагодзьдзяў спынілася дзяржаўная беларуская гісторыя. І адбітак самоты на руінах адпавядае гэтай знакавай падзеі. А культурны перапынак пачаўся, калі быў змушаны зьехаць у Чэхію Скарына. Ну, а першае месца культурнага аднаўленьня — Люцынка, дзе жыў Дунін-Марцінкевіч. Мы маладая нацыя, якую ўтварылі парэформавыя сяляне, і ўсе нашыя здабыткі і пралікі вынікаюць з малога вопыту дзяржаўнасьці, звычкі да сацыяльнай беднасьці і малакультурнага выхаваньня.
23 траўня
На галоўным праспэкце сталіцы камунальшчыкі зьбілі шыльды “пр. Францішка Скарыны”. Захаваліся толькі дзьве: па іроніі лёсу, на будынках КДБ і Дзяржаўнага цырку. Можа, яшчэ які дзень пратрымаюцца. Сустрэў знаёмую, яна эмацыйна, нібы страціла сям’ю, кажа, што і на праспэкце Машэрава пазьдзіралі шыльды і на сьценах дзіркі з-пад цьвікоў, як усё роўна сьляды стрэлаў. “Дык што хвалявацца?” — кажу, каб супакоіць. “Ну як чаго! Не спыталіся думкі народу. А вось у Швайцарыі ўсё толькі праз рэфэрэндумы…” “Дык і у нас былі. Памятаеце адказы?”
Удзень палез у сеціва і зьдзівіўся, што было паседжаньне рабочай групы Сталай нарады дэмакратычных сілаў у справе падрыхтоўкі да гарадзкога рэфэрэндуму. На ім менскаму жыхарству прапануюць выказацца пра самаўладнае перайменаваньне некалькіх сталічных праспэктаў і вуліцаў. Дзеля дазволу на рэфэрэндум ініцыятыўнай групе трэба сабраць ня менш за 120 тысяч подпісаў. І тады мільён дарослых менчукоў будзе вырашаць, што больш іх усьцешыць: “пр. Незалежнасьці” ці “пр. Францішка Скарыны”, “пр. Пераможцаў” ці “пр. Машэрава”.
Пражыўшы ўсё жыцьцё ў Менску, добра памятаю, як у гады кіраваньня Пятра Машэрава, не зьвяртаючы ўвагі на думку менчукоў і без усялякіх рэфэрэндумаў, спросьцілі рэчышча Сьвіслачы за Палацам спорту, зрэзалі бульдозэрамі ўнікальны гарадзкі ляндшафт, каб прабіць “сталбавую” дарогу ў Дразды (называлася “Паркавая магістраль”, потым ёй далі імя Машэрава). На маёй памяці тут стаялі вуліцы Вялікая Татарская і Малая Татарская. У 1963 годзе па рашэньні партбосаў зьнесьлі былую мячэць менскіх татараў, каля якой паўстала гасьцініца “Юбілейная”. Таму калі ўжо вяртаць гістарычныя назвы, дык трэба назваць замест “пр Машэрава” — “Вялікая Татарская”, ці, можа, больш сьціпла — “пр. Беларускіх татараў”.
На сьцяне падзямельля на плошчы Перамогі пазначаны імёны паўтысячы Герояў Савецкага Саюзу, якія загінулі ў баях за вызваленьне Беларусі. Пятру Міронавічу, як герою, пастаўлены помнік у Віцебску, як храбрага партызана яго памятае народ. А вось у якасьці дзяржаўнага дзеяча Машэраў паспрыяў русіфікацыі (“стварэньне адзінага савецкага народу”), ініцыяваў знос “непэрспэктыўных вёсак”, няўдалую мэліярацыю Палесься, барацьбу з рэлігіяй, уціск на сьвятароў, маларазумны знос помнікаў, (прыкладам, менскай Нямігі). Ну, і якая драма ў тым, што яго імя пераносіцца на вуліцу Ерусалімскую і зь ёй злучаныя? Кажуць, паніжэньне статусу! Нічога сабе! На вуліцы яго імя будуць праходзіць ваенныя парады. А колькім заслужаным людзям Беларусі адмоўлена і ў стакроць меншым статусе прызнаньня?
Прачытаў у Навінах, што ўвечары на былым праспэкце Машэрава адбыўся “Ланцуг неабыякавых людзей”. Некалькі дзясяткаў чалавек стаялі ўздоўж магістралі з партрэтамі Машэрава.
“Вулічны” ўказ прэзыдэнта — надзвычай экстравагантны, але рэакцыя на яго надзвычай нэасавецкая.
24 траўня
Дай Бог, каб на ўсю Беларусь было тысяч дваццаць беларусаў, якія разумеюць значнасьць культурнага подзьвігу Скарыны і адпаведна паважаюць мову, на якой пісаў. Бальшыня ведае, што надрукаваў нейкую першую кнігу… На менскім праспэкце шыльды з імем Скарыны крыўдзіліся кожны дзень астатнім зьместам — рэклямай, назвамі рэстаранаў, крамак, транспарантамі на расейскай мове. І натоўпам менчукоў, якія размаўляюць па-расейску. І ня надта гэта кагосьці бянтэжыла. Шыльды віселі як беларуская аздобная дэкарацыя. Ня думаю, што за дзесяць год, якія прайшлі з рэфэрэндуму, дзе бальшыня прагаласавала за наданьне расейскай мове правоў другой дзяржаўнай, сытуацыя зьмянілася ў лепшы бок.
Калі зачынілі ліцэй, апошнюю навучальную ўстанову зь беларускай мовай, нешта не відаць было 120 тысяч абражаных такой непавагай. Шанаваньне Скарыны без уліку моўнага пытаньня — нонсэнс. Сымбалі на сьцяне ператвараюцца ў інфармацыю для паштальёнаў. Калі ўжо шанаваць Скарыну, дык варта прапаноўваць рэфэрэндум пра вяртаньне расейскай мове ранейшага статусу — мовы міжнацыянальных зносінаў. Ці рэфэрэндум пра гарадзкое самакіраваньне, за выбарнасьць адказнай перад людзьмі выканаўчай улады. Інакш атрымліваецца апытаньне на тэму: ці хочацца вам ісьці ў ЖЭС мяняць штамп прапіскі? Каму ж гэтага хочацца?
25 траўня
Цяпер самыя чароўны час году — ноччу пяюць салаўі. А ўдзень усё звыклае: судзяць Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца.
Праходзяць традыцыйныя Кірыла-Мяфодзеўскія чытаньні. Асацыятыўна прыгадалася мноства алегарычных карцін на сюжэт “Пастыр і авечкі”. Звычайна такія малюнкі пастаральныя: пастух — добры і клапатлівы, авечкі — наетыя і паслухмяныя, ніякага свавольства, тым болей бунту. На гэтую тэму ёсьць шмат выказваньняў, сярод іх і з трактоўкамі народу як вечных авечак, і ўлады як пастухоў. Яшчэ пры пастуху ёсьць сабакі для абароны авечак ад ваўкоў і неразумных жаданьняў. Добрую авечку пастух шануе, можа патрымаць на руках, пачаставаць смачнай травой, а занадта актыўную вучыць кіем. Можна і беларусаў параўнаць са статкам дагледжаных авечак. Цікава, як выглядала б нашае беларускае пасьвішча ў такім алегарычным выяўленьні?
26 траўня
Чаго мы, паклоньнікі Скарыны і Машэрава, больш жадаем: ці беларускамоўную дэмакратычную дзяржаву, ці саюзную расейскамоўную дэмакратыю з тутэйшымі кадрамі? Першая можа мець будучыню, а будучыня другога варыянту раней ці пазьней пераўтворыцца ў прывід зь лічынай дзяржаўнасьці. Таму запрашэньні да менчукоў разам галасіць па валасах, калі галава сьцятая, падаюцца камічнымі — гэта такі сюжэт для беларускай батлейкі.
У 1995 мелі ўсё — і сымбалі, і дзяржаўнасьць мовы, і школу, і пэўны імпульс нацыянальнага разьвіцьця, а галасавалі, як авечкі і бараны. Шчыра прызналіся: “Нам усё па барабану!” У 1996 мільёны паказалі сябе знаўцамі канстытуцыйнага права. Цяпер ужо заклік ад дэмакратычных сілаў — з партрэтам Машэрава адстойваць сваю чалавечую годнасьць! Таму неяк ня верыцца, што наша годнасьць ўжо сасьпела; яшчэ яна зялёная, як той тамат. Не пачырванелі яшчэ ў галоўнай масе за помнікі Калініну і вуліцы Сьвярдлова. Яшчэ ня выбраліся з машэраўскай эпохі. Нават апазыцыйныя босы.
Чаму б крыху не акультурыцца, не падстаўляць мазгі пад апрацоўку. Ці мала людзей глядзяць усялякую бязглузьдзіцу па тэлебачаньні, назаўтра пераказваюць адзін аднаму свае ўражаньні, і так з дня ў дзень. Прасьцей выключыць тэлевізар і навучыць дзіця гуляць у шахматы, ці пачытаць старонку са Скарыны ці з Машэрава, каб аднавіць у памяці прадмовы аднаго і прамовы другога. І Машэраў зь лічынай тутэйшага сьвятога, і Скарына, вядомы партрэтам з школьнага падручніка, не дадуць адчуваньня свабоды, самапавагі, бо цяпер іх намагаюцца ня ўзвысіць, а вярнуць на сьцяну. Каб віселі на ранейшых месцах сымбалямі стабільнай памяці пра мову продкаў і эпоху выхаваньня “адзінага савецкага народу”. І людзі, як авечкі, настаўляюць вуха на гэтае гапонаўскае гуканьне.