Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік беларускага КДБ пацьвердзіў выказваньні шэфа ФСБ Патрушава


Валер Каліноўскі, Менск Старшыня КДБ Беларусі Сьцяпан Сухарэнка пацьвердзіў учорашнюю заяву дырэктара ФСБ Расеі Мікалая Патрушава аб падрыхтоўцы да аксамітнай рэвалюцыі ў Беларусі. Паводле спадара Сухарэнкі, сума заходняй падтрымкі беларускай апазыцыі да канца гэтага году вырасьце да 50 мільёнаў даляраў, якія нібыта пойдуць на “падрыўныя інфармацыйныя кампаніі, эканамічны шантаж і вайскова-сілавую падрыхтоўку замежных і беларускіх баевікоў”, — заявіў спадар Сухарэнка.

Паводле кіраўніка беларускага КДБ, ягонае ведамства адсочвае сытуацыю, у тым ліку ў сумежных краінах, і гатовае зрабіць адэкватныя захады, у тым ліку самыя жорсткія. Тым часам у Менску працягваюць камэнтаваць заяву кіраўніка ФСБ Расеі Мікалая Патрушава пра замежныя пляны рэвалюцыйнай зьмены ўлады ў Беларусі. Некаторыя беларускія палітыкі адзначаюць папулісцкі характар выказваньняў кіраўніка расейскай спэцслужбы і зьвяртаюць увагу на тое, што яны прагучалі неўзабаве пасьля візыту прэзыдэнта ЗША ў Маскву.

Менскі палітоляг Аляксей Кароль зазначае, што, паводле зьместу, заявы Мікалая Патрушава не ўтрымліваюць нічога новага, аднак істотна тое, што яны выказаныя пасьля цёплага прыёму 8—9 траўня ў Маскве прэзыдэнта Джорджа Буша і халаднаватага — Аляксандра Лукашэнкі:

(Кароль: ) “Я думаю, што гэта рэакцыя пэўных колаў, нават не спэцслужбаў, а палітычных колаў, якія трымаюцца старых поглядаў, і хацелі б бачыць Беларусь цалкам у залежнасьці ад расейскага ўплыву, і не хацелі б тут пераменаў”.

Аднак спадар Кароль зазначае, што ў Расеі ёсьць і сілы, якія разумеюць неабходнасьць зьмены рэжыму ў Беларусі. І спадар Кароль перакананы ў наканаванасьці зьменаў у Беларусі цягам бліжэйшых двух гадоў.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што ў аслабленьні ўплыву Расеі на постсавецкай прасторы вінаваты не Захад, пра што казаў Патрушаў, а Крэмль, які выступае як донар і адвакат недэмакратычных рэжымаў у міжнародных структурах.

(Лябедзька: ) “Трэба Расеі прыняць палітычнае рашэньне — прызнаць, што беларускі рэжым зь ягоным іміджам, аўтарытэтам, канкрэтнымі дзеяньнямі перашкаджае Крамлю і асабіста Пуціну адбудоўваць адносіны Расеі з Эўрапейскім Зьвязам, ЗША і іншымі цывілізаванымі краінамі. Калі гэта будзе зроблена, то, думаю, што пасьля будуць і некаторыя канкрэтныя дзеяньні”.

Анатоль Лябедзька не выключае, што цяпер Расея хоча шчыльней прывязаць А.Лукашэнку да сябе, каб ім было лепей кіраваць.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава называе выступ Патрушава невыпадковым.

(Абрамава: ) “Гэта дакладнае абазначэньне ў дадзенай сытуацыі вяртаньня Расеі да асаблівых адносінаў зь Беларусьсю”.

У “пагрозу рэвалюцыі” ў Беларусі спадарыня Абрамава ня верыць, але перакананая, што, каб пазьбегнуць напружанасьці ў краіне, улады павінны памяняць свой унутраны і часткова замежнапалітычны курс, пачаць грамадзкі дыялёг.

Дэпутат Сяргей Касьцян патрэбы ў зьмене курсу ня бачыць, як не чакае і нейкіх дзеяньняў Расеі ў абарону стабільнасьці ў Беларусі:

(Касьцян: ) “Стаўлюся да гэтай інфармацыі як да папулісцкай: нешта ж трэба яму сказаць, што і мы, маўляў, нечага вартыя, неяк уплываем на міжнародныя абставіны. І толькі. Гэта ж нам вядома было да Патрушава. Таму я ня вельмі спадзяюся ні на Пуціна, ні на Патрушава — толькі на сілу сваёй улады, разуменьне свайго народу”.

На думку аднаго зь лідэраў БНФ Юрыя Хадыкі, рэвалюцыя ёсьць вынікам двухбаковага працэсу, і расейскія ўлады прызналі беларускую апазыцыю адным зь ягоных удзельнікаў, рэальным апанэнтам А.Лукашэнкі.

(Хадыка: ) “Прагназаваць стопрацэнтна рэвалюцыю ніколі немагчыма. Усё залежыць ад палітыкі, якую праводзіць улада, і як ставіцца ды што прадпрыме ў адказ апазыцыя. Пакуль што, як вядома, апазыцыя рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў і ўсёй сваёй дзейнасьцю дэманструе гатоўнасьць да мірнага і разумнага вырашэньня відавочнага грамадзкага канфлікту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG