Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве судзілі ўдзельнікаў пікету салідарнасьці з затрыманымі ў Менску


Ігар Карней, Менск Напярэдадні ў Маскве актывісты моладзевых рухаў “Яблоко”, “Союз правых сил” і “Идущие без Путина” ладзілі пікет у падтрымку арыштаваных падчас “Чарнобыльскага шляху” грамадзянаў Беларусі і Ўкраіны.

Сярод пікетоўцаў былі непасрэдныя ўдзельнікі акцыі ў Менску, якія разам зь беларусамі і ўкраінцамі некалькі дзён адседзелі ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку. Пікет у Маскве скончыўся для іх адміністратыўнымі пакараньнямі.

Напярэдадні група моладзі была затрыманая маскоўскім АМОНам за ўдзел у несанкцыяваным пікеце ў падтрымку арыштаваных у Менску украінцаў ды беларусаў. Прадстаўнікі правых моладзевых арганізацыяў сабраліся ля беларускай амбасады з плякатамі “Луку долой, ребят — домой!” і “Жыве Беларусь!”. Разгарнуўшы бел-чырвона-белыя сьцягі, актывісты спрабавалі перадаць у дыппрадстаўніцтва турэмную робу і баланду для Аляксандра Лукашэнкі. Аднак мітынг быў разагнаны ўжо празь дзесяць хвілінаў пасьля пачатку. Допыты пікетоўцаў цягнуліся да глыбокай начы, а сёньня затрыманыя паўсталі перад судамі. Актывіст моладзевага руху “Яблоко” Іван Бальшакоў падчас майго тэлефанаваньня знаходзіўся ў судзе ў чаканьні выраку.

(Бальшакоў: ) “Восем чалавек затрыманых, пяць зь іх бралі ўдзел у “Чарнобыльскім шляху” і сядзелі, у тым ліку і я, у беларускай турме. Адпаведна, мы хацелі выказаць падтрымку тым, хто там застаўся. Цяпер нас абвінавачваюць паводле двух артыкулаў: першы — удзел у несанкцыянаваным пікеце, за гэта пагражае толькі штраф. Другі — непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі, за што нам абяцаюць 15 сутак. І тое, што пракурор міжраённай пракуратуры цяпер знаходзіцца ў судзе, сьведчыць пра рэальнасьць такога пакараньня. Бо па адміністрацыйных справах пракуроры на такія суды не прыходзяць”.

У другой палове дня тэлефон Івана Бальшакова ўжо не адказваў. Як паведамілі ў прэсавай службе “Яблока”, на 16 гадзінаў маскоўскага часу быў абвешчаны толькі адзін вырак: Ірыне Вараб’ёвай прысуджаны штраф у эквіваленце каля 40 даляраў. Сказаўшы, што памеры расейскіх штрафаў нашмат больш гуманныя, чым беларускіх, у штаб-кватэры “Яблока” прызналі, што і хуткасьцю абвяшчэньня прысудаў расейская Фэміда таксама не вылучаецца.

Чаму пікеты маладых расейскіх дэмакратаў нешматлюдныя, а шэраг расейцаў увогуле рэзка асуджае спробы парушыць “стабільнасьць” у Беларусі? Адзін з прыхільнікаў цяперашняй беларускай улады, расейскі камуніст-ленінец Леанід Карпееў лічыць, што Беларусь — “апошні камуністычны бастыён” на Захадзе, які павінна абараняць “усё прагрэсіўнае чалавецтва”.

(Карпееў: ) “Самае галоўнае, што настроі ў Беларусі, у асноўнай масы насельніцтва, у тым, што гэта — апошні бастыён паміж сьмярдзючым Захадам і ўплывам Расеі на Ўсходзе. Расея, на жаль, таксама паддалася Захаду”.

Расейскі сатырык Віктар Шэндэровіч амаль штодня выступае з камэнтарамі вакол беларуска-расейскіх стасункаў на маскоўскай радыёстанцыі “Эхо Москвы”. Прычынай адкату суседніх краінаў у савецкае мінулае тлумачыць усё большым падабенствам двух прэзыдэнтаў, Лукашэнкі і Пуціна.

(Шэндэровіч: ) “Я ў сваёй праграме “Плаўлены сырок” ужо сфармуляваў, што нашых прэзыдэнтаў на Захадзе адрозьніваюць толькі па росьце”.

(Карэспандэнт: ) “Мабыць, яшчэ і па вусах…”

(Шэндэровіч: ) “Ну, так. Але хутка мы будзем і “самі з вусамі”, ведаеце”.

Актывісты правых рухаў Расеі маюць намер працягваць акцыі салідарнасьці зь беларускімі і ўкраінскімі вязьнямі менскага спэцпрыёмніку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG