Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дбае дзяржава пра ўсіх удзельнікаў вайны аднолькава?


Аляксандар Уліцёнак, Менск Дзесяткі тысяч людзей сталага веку ўжо атрымалі падзяку беларускага кіраўніцтва за ўдзел у вайне: шмат каму ўручылі юбілейны мэдаль, іншым – грашовыя выплаты ў памеры ад 70 да 200 тысяч рублёў. Гэтая разьбежка вынікае з назвы адпаведнага прэзыдэнцкага ўказу – “Аб аказаньні матэрыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзянаў у сувязі са сьвяткаваньнем 60-й гадавіны Перамогі...” Аднак далёка ня ўсе пагаджаюцца зь дзяржаўным падзелам іхных заслугаў, ацэнкай унёску ў разгром нацызму. Пра грамадзкую дыскусію – у чарговай тэматычнай перадачы з сэрыі “Падарожжы Свабоды”.

Найперш указ кіраўніка дзяржавы тычыцца непасрэдных удзельнікаў баявых дзеяньняў. Па традыцыі, у найвышэйшую катэгорыю трапілі Героі Савецкага Саюзу, кавалеры ордэнаў Славы трох ступеняў і гэтак далей... Здавалася, зацьверджаны парадак не павінен выклікаць нейкага непаразуменьня, бо так было 59 гадоў запар...

(Петрашкевіч: ) “Прачытаўшы 100 рукапісаў “Хронікі памяці” і выдаўшы 76, я пабачыў традыцыю, даўным-даўно закладзеную: дзяліць людзей па катэгорыях. Гэта і ў кнігах так закладзена – адбіліся яны па гэтай традыцыі падзяляць людзей на клясы…"

(Карэспандэнт: ) “...пасады…”

(Петрашкевіч: ) “Ну, яна ў першую чаргу – пасада, якая была, а тады ўжо ўсё астатняе”.

Драматург, гісторык Алесь Петрашкевіч стаяў ля вытокаў унікальнай кніжнай сэрыі “Памяць”, якая занатавала ваенную гісторыю літаральна кожнай вёсачкі, мястэчка Беларусі. Ён быў сьведкам рознага стаўленьня людзей да вайны і 20 год таму, і зараз. Цяпер кажуць, што пэрсанальныя подзьвігі былі, так бы мовіць, аранжыраваныя ўзнагародамі непасрэдна ў вайну. А ў дні 60-годзьдзя Перамогі трэба зацьвердзіць іншае: яна ў роўнай ступені была немагчымая як без таго, хто мае Залатую Зорку, так і без узнагароджанага сьціплым мэдалём “За адвагу”...

(Петрашкевіч: ) “...І калі трэба дзяліць перамогу, то трэба яе дзяліць роўна на ўсіх. Перамогі вартыя ўсе ў роўнай меры. Кожны вэтэран лічыць, што самая суровая вайна была супраць яго акопа, таму ён самы геройскі. Гэта натуральна – ён сваю вайну перажывае...”

Стаўленьне ў народзе да тых, хто мае высокія ўзнагароды, заўсёды было і застаецца вельмі паважлівым. Ніхто не аспрэчвае іхнага права на пашану. Аднак доўгімі гадамі ўвага ўлады канцэнтруецца выключна на іх. А пераважная большасьць шараговых воінаў застаецца як бы ў цяні. Так, іх узнагароджваюць юбілейнымі мэдалямі, узгадваюць у сьвяты, дапамагаюць з палівам, іншым... Толькі робіцца гэта ўжо дзяжурна, праз коску, што й выклікае раздражненьне. Паслухайце, як рэагуе на прыхарошаную тэлевізійную карцінку пэнсіянэрка зь менскай вёскі Гарэлец Валянціна Скавыш:

(Скавыш: ) “Вунь у нас і Коля Рагатка, і Пятро ледзь ходзяць. Пятрок ня чуе нічога, ня бачыць. Таму што чалавек быў на фронце. А гэты, што паказваюць, як у Маскве гатуюць форму для параду вэтэранаў, дык ён і блізка не падобны на вэтэрана. А ён, бач, герой! А дзе ён быў, каб хто даведаўся? Але так пабудавана ў гэтай дзяржаве – не было парадку, няма і ня будзе!”

Сказана, магчыма, і занадта эмацыйна. Але як па праўдзе, дык гэтак лічаць зусім не адзінкі. Прычым з падачы вэтэранаў, якія распавядалі пра зусім не адзінкавыя выпадкі, калі ўзнагароды даставаліся не сьмялейшым, а больш блізкім да штабоў... Генадзь Гулякевіч з-пад Пухавічаў лічыць, што як некалі Перамогу падзялілі няроўна, дык і сёньня ня хочуць тое выпраўляць:

(Гулякевіч: ) “Можа раз хто зь іх стрэліў, а можа й не. Але ён быў, так сказаць, у гэтым паравозе, і ён удзельнік...”

Яшчэ адно такое ж небясспрэчнае, але досыць пашыранае меркаваньне:

(Гадунка: ) “Хто ваяваў на перадавой, усе ляжаць. Сапраўды, яны ваявалі. А хто ззаду ішоў ды трупы падбіраў – тыя вэтэраны... Так, я ведаю: мой дзед так казаў. Мой дзядуля быў камандзірам партызанскага атраду”.

У адрозьненьне ад маладога яшчэ чалавека, столінца Івана Гадункі, спадарыня Скавыш пра ўзаемаадносіны, дружбу і крыўды франтавікоў чуе хіба ці ня ўсё сваё сьвядомае жыцьцё: ейны муж вярнуўся з вайны інвалідам:

(Скавыш: ) “Застаўся без нагі. Хто яго пасьля вайны лячыў, хто даглядаў?! Купіў сабе жарабя, выгадаваў кабылку. “Пчолкай” назваў. І толькі на ёй езьдзіў, бо ня мог хадзіць на мыліцы. Дык прыйшлі з сельсавету і штраф прымусілі заплаціць, што каня трымае. Памёр, а нічога добрага ня бачыў. Вось і ваяваў чалавек, і нагу на вайне страціў…”

Кабета не прэтэндуе на тое, каб сёньня атрымаць грошы за мужа. Аднак лічыць, што такіх, хто не дачакаўся увагі пры жыцьці, улада магла б узнагародзіць юбілейным мэдалём пасьмяротна – каб хоць дзеці з унукамі парадаваліся за яго, мелі памяць пра вайну бацькі, дзядулі... Улады ў адказ: мэдаль жа грошай каштуе, на ўсіх не набярэсься... І вось гэта ўжо разыходзіцца з народнымі ўяўленьнямі пра справядлівасьць. Контраргумэнт: здароўе і жыцьцё загіблых і памерлых патрыётаў яшчэ даражэй...

(Петрашкевіч: ) “Бацька трапіў у палон у Смаленскім катле. Кантужаным. Ваеннапалонным яго прыгналі да Коханаўскага перасыльнага лягеру. І тут мы яго выкупілі за кош яек. Гэтыя ж немцы праз два месяцы падбіралі ўсіх ваенна-абавязаных. Майму бацьку маці (дагнала тую калёну, якой гналі мужыкоў) аддала плашч, які насіў яе брат – капітан. На каўняры былі тры кубікі, а на рукаве – зорачка камісарская. Бацьку майго спалілі жывым разам з камісарамі і лётчыкамі ў Барысаўскім канцлягеры”.

Усё жыцьцё маці драматурга Алеся Петрашкевіча каялася, што сама па недарэчнасьці падштурхнула мужа – радавога чырвонаармейца – да сьмерці: з-за камісарскага шыняля Лявонцій Петрашкевіч быў залічаны ў афіцэры і закатаваны... Як аддзячыла дзяржава салдату?

(Петрашкевіч: ) "Паколькі мы – чырвонаармейская сем''я, у нас першымі забралі карову. Не далі коней, калі дзялілі калгасных, і не далі зямлі. Так мы і перабіваліся паўгалодныя пры немцах. Калі прыйшло вызваленьне, маці, вядома ж, пайшла па начальству прасіць пэнсію на чацьвёра дзяцей. А там ёй сказалі: "А дзе ваш муж загінуў?" Яна кажа: “У лягеры, у палоне”. "Дык вось, даражэнькая, ня там ён загінуў, дзе патрэбна было, і ніякай пэнсіі вам не дамо". Брацік мой малодшы з голаду ў хуткім часе у сорак пятым і памёр".

Дык ці не заслугоўвае гэты салдат хоць бы пасьмяротна мэдаля ў гонар 60-годзьдзя Перамогі? У адказ сустрэчнае пытаньне: а што ён зрабіў? Ды жыцьцё аддаў, з горыччу кажа ўжо 75-гадовы сын...

(Петрашкевіч: ) “Бальшыня – гэта ахвяры вайны. Дык як жа ўлічваць такую катэгорыю? Ня самі здаваліся ў палон, іх здавалі генэралы і маршалы – шэсьць мільёнаў палонных, такога ў гісторыі не было! Тры мільёны немцы вынішчылі, астатнія прайшлі праз ГУЛАГі. Дык хоць сёньня салдату можна дараваць, што яго здалі ў палон, не падрыхтаваўшыся да вайны?”

А вось яшчэ адзін прыклад. Бацька пэнсіянэра з пухавіцкай вёскі Белькавічы Генадзя Гулякевіча быў баявым афіцэрам. Ён таксама загінуў у трагічным 1941. Зразумела, ніякіх узнагародаў ня меў, стаўся адным з тых, каго не заўсёды ўзгадваюць нават па вялікіх сьвятах. Бо сьпіс такіх дужа доўгі, а ўрачыстыя мітынгі такія кароткія. І кульмінацыя па традыцыі бачыцца новым “парторгам” ды піянэрважатым у хвіліне маўчаньня, якою нібыта ганаруюць тысячы практычна безыменных воінаў... Неяк сын загіблага афіцэра папрасіў у дзяржавы дапамогі – дазвол на будаўніцтва гаражу. Маўляў, жывым вэтэранам у гэтым ідуць насустрач, іхныя дзеці ўдзячныя за такі клопат... І пачуў у адказ: дык тое жывым, а твой бацька – мёртвы!

(Гулякевіч: ) “Ён кажа: вашаму бацьку – слава! З гэтай славы я жыву і па сёньняшні дзень. І ўсё. А тыя, хто вярнуліся дадому – слава Богу, што яны вярнуліся – яны пабудавалі і хаты, і кватэры, і тэлефоны. Вы разумееце, які боль? Перамаглі – слава Богу! І нам была слава...”

Генадзь Гулякевіч крыўдуе, што ня лепшым чынам улада паставілася і да ягонай маці:

(Гулякевіч: ) “У мяне сусед быў камісарам партызанскага атраду. А маці мая езьдзіла ў Менск, даставала збройнае масла і соль. І сувязь мела толькі з камісарам гэтага атраду. Маці потым стала крыўдна, бо яна насамрэч была ўдзельніцай гэтай вайны. І яна не была ўдзельніцай, бо ўсе гэтыя сьведкі паўміралі, а гэтага камісара забілі. І не было каму пацьвердзіць, што яна ўдзельніца”.

Вось і не атрымала жанчына ніякіх прывілеяў. А магла, каб мела даведку. Гэта асабліва абурае, калі такія людзі бачаць, што ў іншых лёс складваўся куды як лепш... Гаворыць дачка нядаўна памерлага франтавіка Эма Любавіна з Лагойску:

(Любавіна: ) “Пад Сталінградам ён быў. І мэдалі ў яго ёсьць, і ордэн ёсьць. Кватэру яму далі, дык мне засталася гэтая кватэра”.

Дарэчы, ня ўсе ацалелыя вэтэраны маюць жыцьцёвыя даброты нават сёньня, хоць столькі мінула пасьля вайны. Напачатку 1995 году паляпшэньня жыльлёвых умоваў чакалі каля паўтары тысячы яе ўдзельнікаў, у тым ліку й інвалідаў. І толькі траціне дадуць нарэшце кватэры да 9 траўня. Між тым дзяржаўная прапаганда безупынна цьвердзіць, што ніводны удзельнік Вялікай Айчыннай не застаецца без увагі да сябе. А як на практыцы? Надзея Скрыган – былы непаўнагадовы вязень фашысцкага канцлягеру. Ейны муж спадар Мікола быў у партызанах, каля старэйшага брата. Ці задаволеныя старыя вызначанымі дзяржавай ільготамі для сябе?

(Муж: ) “Давалі зьніжку на 50 працэнтаў на аплату за газ і электрычнасьць”.

(Жонка: ) “За дровы таксама”.

(Муж: ) “Так, але толькі на 5 кубамэтраў”.

(Жонка: ) “Як больш няма, то 5 кубамэтраў ніяк ня хопіць. У нас хата старая, трэба рабіць рамонт. Дык няма цэглы, нідзе яе не дастаць”.

(Муж: ) “Я ў райвыканкам езьдзіў, каб дапамаглі. Дык дзе там! Адзін другому патэлефанавалі: “Нічым вам не дапаможам”.

(Жонка: ) “Тут жа засталося толькі 7 вэтэранаў. Хоць бы яны прыехалі ды паглядзелі, як гэтыя вэтэраны жывуць, у чым іхныя патрэбы! Ніхто ўвагі не зьвяртае! Вось як у сяле. Я ня ведаю, можа, дзе далей, то лепш, а ў нас так”.

(Муж: ) “Можа ў Менску, дзе правіцелі побач, то і лепш”.

(Жонка: ) “Лукашэнка ж выступаў, мы самі чулі! А хто на нас увагу зьвяртае? Ніхто! Ужо мы аджытыя людзі. Хоць бы напалову што, дык і тое не даюць”.

(Муж: ) “Урачы выпішуць рэцэпт, прыйдзі ў аптэку, кажуць: “Няма нічога”. Вось і зараз выпісалі укол, няма ўколаў гэтых”.

(Жонка: ) “Дарагое не даюць ні-чо-га. Калі даюць, то толькі таннае”.

Дык ці выратуюць Надзею і Міколу Скрыганаў з-пад Пухавічаў вызначаныя прэзыдэнцкім указам выплаты – прыблізна даляраў сто на двух? Не атрымаецца – цэгла, дровы, лекі цягнуць на куды большую суму... Таму старыя ня радуюцца тым грашам.

Ня цешыць гэта й іхнага земляка Генадзя Гулякевіча, які наагул нічога не атрымае. І не таму, што зайздросьціць. Проста ўвесь гэты “пакатэгарыйны” дзялёж дапамогі і мэдалёў ён лічыць несправядлівым... Аднак пра крыўды тых, каго наагул пазбавілі права лічыцца ўдзельнікамі, ахвярамі вайны – у нашай наступнай перадачы. А пакуль слова драматургу, гісторыку Алесю Петрашкевічу:

(Петрашкевіч: ) “І тады гэта было, і цяпер гэта ёсьць – дэмагогія. У нас пры ўсякім сьвяце вельмі многа траскатні і дэмагогіі. Бяз розуму, без уліку, якое сьвята. Трэба мець такт нейкі, трэба больш успамінаць ахвяры, а не выхваляцца перамогамі. Нават у самае гучнае сьвята ня трэба глушыць народ аркестрамі. Асабліва ў такія трагічныя сьвяты. І ўжо не дабаўляць хаця б маторы самалётаў, якія пралятаюць над Менскам...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG