Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падсьнежнік або пралеска? – беларусы ня ведаюць назваў сваіх расьлінаў


Сьвятлана Курс, Менск Сёньня – Дзень падсьнежніка. Сьвята першае кветкі ўзьнікла ў Брытаніі і распаўсюджваецца ў Эўропе. Наша менская карэспандэнтка высьветліла, што жыхары Беларусі любяць падсьнежнікі, хаця маюць цьмянае ўяўленьне пра іх. Больш за тое, выявілася, што ў Беларусі падсьнежнікі зусім не растуць.

У Беларусі няма падсьнежнікаў. Падсьнежнік беласьнежны – гэта цыбулькавая расьліна зь пяшчотнымі белымі кветкамі, зь сямейства амарылісавых, налічвае ажно 18 відаў. Ён у Беларусі цалкам зьвёўся, цяпер яго вырошчваюць толькі штучна – у садох і на газонах. У прыродзе падсьнежнік расьце толькі ў Заходняй Эўропе і на Каўказе, а таксама ў Азіі. Унікальны выпадак – слова вельмі пашыранае, а кветкі няма.

Што ж беларусы называюць падсьнежнікам? Раньнеквітнеючыя расьліны – найперш белы курасьлеп (які зрасейшчаныя беларусы называюць ветраніцаю), а таксама пралеску, кветку-сон і падбел.

Што цікава: хаця сапраўдным падсьнежнікам зьяўляецца падбел, які сапраўды пачынае расьці пад сьнегам, найбольш беларусы любяць пралеску. У краіне каля 20 дзіцячых ансамбляў “Пралеска”, два дзіцячыя санаторыі, адзін клюб спартовага арыентаваньня, часопіс, адукацыйная праграма, некалькі рэстарацыяў – усе носяць назву "Пралеска". Нават жалезабэтонныя вырабы, штукатурка і сьцяжка для падлогі носяць назоў “Пралеска”. Пралеску любяць, аднак няцьвёрда ўяўляюць, як яна выглядае.

Віталь Рагоўскі ачольвае клюб спартовага арыентаваньня “Пралеска”, хаця ня ведае, чаму яго так назвалі.

(Рагоўскі: ) "Ну, пралеска, гэта такая кветачка. Пэўна, блакітная. Хаця я яе не ўяўляю".

(Карэспандэнтка: ) “Сёньня Дзень падсьнежніка. А ён як выглядае, на Вашую думку?”

(Рагоўскі: ) "Гэта – пралеска. Мы іх натуральна, пад нагамі бачым і аббягаем, калі бегаем па лесе".

Сьвятлана загадвае вытворчасьцю ў Сьветлагорскай рэстарацыі “Пралеска”.

(Сьвятлана: ) “Адчыняліся вясной, а гэта вясновая кветка, вось і назвалі “Пралеска”.

(Карэспандэнтка: ) "А як яна выглядае, на Вашую думку?"

(Сьвятлана: ) "Ну, цяпер ня надта добра. Але нас выкупляе прыватнік, і мы будзем выглядаць вельмі добра".

(Карэспандэнтка: ) "А кветка як выглядае?"

(Сьвятлана: ) "Белая. У нас пралескі белыя, але многія блытаюць яе з блакітнай сон-травою".

Урбанізаваныя ангельцы спэцыяльна вучаць дзяцей ангельскім і лацінскім назвам кветак – каб прывіваць любоў да мовы і да расьлінаў. Беларусы ж з-за заблытанай моўнай сытуацыі часта ня ведаюць ні расейскіх, ні беларускіх назваў расьлін, сярод якіх многія вырасьлі. Такую думку выказвалі славутыя беларускія біёлягі ў газэце “Наша Ніва”. Бальшыня падсьнежнікаў занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, за іх зьнішчэньне прадугледжаныя адміністратыўныя спагнаньні.

Тым ня меней бабулькі-кветачніцы на гарадзкіх вуліцах якраз гандлююць букецікамі з сон-травы, пралескі, потым зьявяцца майнік, канваліі, дзікія фіялкі.

У эўрапейскіх гарадох, напрыклад, у Лёндане і Парыжы, вулічны гандаль падсьнежнікамі быў распаўсюджаны прынамсі з XVII стагодзьдзя, але вядомыя нам зь літаратуры чароўныя манмартрскія кветачніцы гандлююць штучна вырашчанымі падсьнежнікамі, а беларускі – браканьерскімі…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG