Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі так часта ладзяць вайсковыя вучэньні?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 13 красавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Кірыла Пазьняк.

(Валер Карбалевіч: ) “Ужо два тыдні ў Беларусі ідуць комплексныя апэратыўна-тактычныя вучэньні. З 2001 году ў краіне кожны год адбываюцца вучэньні, але гэтага кіраўніцтву дзяржавы падалося недастаткова. Прайшло толькі паўгоду пасьля леташніх вучэньняў, і вось пачаліся новыя. Сёньня іх наведаў Аляксандар Лукашэнка. Адначасова 5 красавіка на тэрыторыі Беларусі прайшла сумесная камандна-штабная трэніроўка аб’яднанай сыстэмы супрацьпаветранай абароны дзяржаваў СНД з удзелам беларускіх і расейскіх вайскоўцаў. На аэрадромах Беларусі прызямліліся самалёты расейскай стратэгічнай авіяцыі. Якія прычыны такога нарастаньня вайсковай падрыхтоўкі? Над Беларусьсю навісла рэальная пагроза вайны? Ці што іншае?”

(Павал Казлоўскі: ) “У любой арміі павінны быць вучэньні. Але праблема ў тым, што рэальная праверка войскаў замяняецца зьнешняй пампэзнасьцью. Падрыхтоўка дробных вайсковых структураў адбываецца дрэнна. Напрыклад, лётчыкі ня маюць магчымасьці трэніравацца патрэбную колькасьць гадзінаў. У многіх частках тэхніка ня мае акумулятараў. Нашае войска ня мае патрэбнай боегатоўнасьці. Яно фінансуецца на 10—15% ад патрэбнага.

Калі ўспомніць савецкі час, дзе мне давялося служыць на пасадах камандзіра палка, дывізіі, камандзіра злучэньня, агульнавайсковай арміі, то такія вучэньні праводзіліся, але вельмі рэдка.

Лукашэнка хоча прадэманстраваць боегатоўнасьць войску. Я ня думаю, што яны зьвязаныя з пагрозай нейкай ваеннай агрэсіі супраць Беларусі. Вучэньні не павінны праводзіцца дзеля палітычных мэтаў. А цяпер якраз і праглядаюцца палітычныя мэты. Вось адна зь іх. Лукашэнка публічна заяўляе, што ў Беларусі ня будзе ніякай “каляровай рэвалюцыі”. Як ён дэманструе сілу амонаўцаў на вуліцах Менску, так і войска дэманструецца — як сіла, якая здольная супрацьстаяць ня толькі зьнешнім ворагам, але і тым ворагам, якіх кіраўнік дзяржавы бачыць унутры краіны. А яшчэ Лукашэнка дэманструе Расеі сваю ваенную патрэбнасьць”.

(Кірыла Пазьняк: ) “Сапраўды, апошнія гады вучэньні праводзяцца штогоду. Я згадваю іх назвы: “Чыстае неба”, “Бярэзіна”, “Нёман”, “Шчыт Айчыны”. Натуральна, ніякай рэальнай вонкавай пагрозы няма. Гэта ўсё ўяўнасьць. Хоць заявы Лукашэнкі пра агрэсіўнасьць НАТО працуюць на пэўную публіку з антызаходніцкімі настроямі. Некаторыя экспэрты кажуць, што гэтыя вучэньні шчыльна зьвязаныя з падрыхтоўкай да магчымай рэвалюцыі. У такім выпадку, нібыта, Лукашэнка задзейнічае супраць рэвалюцыянэраў войска. Але, на маю думку, гэта наўрад ці. Бо калі Лукашэнка вырашыць прымяніць сілу супраць рэвалюцыянэраў, то ён справіцца з дапамогай унутраных войскаў.

Хоць пэўная сувязь паміж рэвалюцыяй і вучэньнямі ёсьць. Па-першае, гэтыя вучэньні, мілітарысцкая хваля створаць пэўны псыхалягічна-палітычны фон, мэта якога ў тым, каб давесьці народу, што ўлада моцная, жорсткая і не дапусьціць тут ніякіх “аксамітавых рэвалюцыяў”. Па-другое, вучэньні — гэта адзін з рэвэрансаў Лукашэнкі перад усімі сілавікамі, ня толькі вайскоўцамі, каб дамагчыся ад іх ляяльнасьці ў выпадку рэвалюцыйных падзеяў”.

(Карбалевіч: ) “Ці не падаецца вам, што апошні час у Беларусі нарастае тэндэнцыя мілітарызацыі грамадзтва? Дзяржаўныя СМІ цьвердзяць пра ваенную пагрозу краіне, рэклямуюць моц свайго войска. Прызываюць на вучэньні рэзэрвістаў. Кожны год праводзяцца усё больш пампэзныя парады. Летась увесь год сьвяткавалі 60-годзьдзе вызваленьня Беларусі ад фашыстаў. Сёлета ўжо колькі месяцаў сьвяткуецца юбілей Перамогі. У школах і ВНУ пачалі вывучаць спэцкурс па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Што ўсё гэта азначае?”

(Казлоўскі: ) “Безумоўна, мілітарызацыя грамадзтва відавочная. У любой дзяржаве павінна дзейнічаць сыстэма падрыхтоўкі ваеннаабавязаных у запасе. У школе павінны вучыць грамадзянскай абароне, дзеяньням пры надзвычайных сытуацыях. Калі, напрыклад, на хімічным заводзе адбудзецца аварыя, у атмасфэры зьявіцца шкодны газ, людзі павінны ведаць шляхі да выратаваньня. Крокі ўлады па мілітарызацыі грамадзтва маюць мэту адцягнуць увагу людзей ад сацыяльных і іншых праблемаў. Акрамя таго, чамусьці вобраз пагрозы малюецца ў выглядзе НАТО”.

(Пазьняк: ) “Мілітарызацыя грамадзтва — гэта яшчэ і спосаб вядзеньня ідэалягічнай працы. Бо нейкім духоўным, культурніцкім, патрыятычным выхаваньнем гэтая ўлада не займаецца, бо гэта для яе ненатуральна. Я маю на ўвазе беларусізацыю. Таму і робіцца такі перагін у бок мілітарызму і спорту”.

(Карбалевіч: ) “Якое месца ў гэтых ваенна-палітычных гульнях займае расейскі чыньнік.? Усе зьвярнулі ўвагу, што вучэньні пачаліся напярэдадні сустрэчы Луашэнкі з Пуціным у Сочы. Ужо згадвалі, што на другі дзень пасьля гэтай сустрэчы на аэрадромах Беларусі прызямліліся расейскія ваенныя самалёты. Вядома, што расейскія сілавікі найбольш лабіруюць у крамлёўскіх кабінэтах ідэю інтэграцыі зь Беларусьсю. Сытуацыя тым больш актуалізавалася ў зьвязку з геапалітычнымі зьменамі, якія адбываюцца ў рэгіёне. Імкненьне Ўкраіны і Малдовы інтэгравацца ў эўраатлянтычныя структуры, мусіць, штурхае Расею і Беларусь да больш шчыльнага супрацоўніцтва, у тым ліку і ў вайсковай сфэры. Што вы мяркуеце на гэты конт?”

(Казлоўскі: ) “Мы бачым, як цяжка праходзяць перамовы з расейскім бокам. І Лукашэнка імкнецца кампэнсаваць свае няўдачы ў гэтым кірунку нейкімі посьпехамі ў вайсковай сфэры. Ён дэманструе Маскве, што Беларусь — гэта пярэдняя лінія абароны саюзнай дзяржавы, яна гатова абараняць заходнія межы гэтага саюзу. Пра гэта Лукашэнка кажа на многіх сустрэчах і ў выступах. Таму і 5 красавіка на тэрыторыі Беларусі прайшла сумесная камандна-штабная трэніроўка аб’яднанай сыстэмы супрацьпаветранай абароны дзяржаваў СНД з удзелам беларускіх і расейскіх вайскоўцаў.

Напярэдадні гэтай трэніроўкі Беларусь наведала дэлегацыя расейскага Генштабу. Абмяркоўваліся гэтыя ж пытаньні. Адразу пасьля таго, як дэлегацыя зьехала, Лукашэнка заявіў, што ў нас ня будзе адзінай супрацьпаветранай абароны, паколькі Расея не дае дзеля гэтага грошай.

Таму, калі аналізаваць дзеяньні Лукашэнкі, то, з аднаго боку, ён імкнецца прадэманстраваць, што Беларусь патрэбная Расеі як абаронца ейнага пярэдняга краю (да самага Смаленску ў Расеі нічога няма). А зь іншага боку, Расея павінна за гэта плаціць грашыма і палітычнай падтрымкай самаго Лукашэнкі напярэдадні выбараў 2006 году.

У правядзеньні сумесных вучэньняў нічога кепскага няма. Дзяржавы, якія ажыцьцяўляюць інтэграцыю, у тым ліку і ў ваеннай сфэры, натуральна, праводзяць такія трэніроўкі. Больш за тое, праводзяць сумесныя вучэньні нават дзяржавы, якія не ўваходзяць у вайсковыя саюзы. Напрыклад, у вучэньнях, якія праводзіць НАТО, удзельнічаюць дзяржавы, якія не зьяўляюцца чальцамі гэтай арганізацыі, скажам, Украіна.

Але ў беларуска-расейскіх дачыненьнях існуе тэндэнцыя, што ваенныя імкнуцца ісьці наперадзе той інтэграцыі, якую імкнуцца ставарыць палітыкі. Але тут патрэбнае найперш палітычнае рашэньне. Палітыкі павінны вырашаць, які патрэбен саюз дзьвюм дзяржавам. Пагрозай для Беларусі зьяўляецца тое, што не працуе прагматычны падыход у гэтым пытаньні. Лукашэнка ня можа дамовіцца з Масквой у найважнейшых палітычных пытаньнях. І праз дэманстрацыю сілы беларускага войска ён імкнецца падштурхнуць Расею праводзіць інтэграцыю на тых умовах, якія задаволілі б кіраўніка Беларусі”.

(Пазьняк: ) “Вучэньні беларускага войска і сумесная трэніроўка з расейскімі вайскоўцамі ёсьць спроба Лукашэнкі лабіраваць свае інтарэсы ў расейскіх ваенных элітах. Апрача таго, ваеннае супрацоўніцтва з Расеяй — гэта такі козыр, які ён выкладаў, выкладае і будзе выкладаць на стале перамоваў з Крамлём, каб даказаць, што ён важны і важкі хаўрусьнік Масквы. Вайсковае супрацоўніцтва Беларусі і Расеі — гэта бадай што, самая беспраблемная сфэра інтэграцыі дзьвюх краінаў. Таму, натуральна, што Лукашэнка гэта выкарыстоўвае і будзе выкарыстоўваць. Калі пачнецца нейкае пахаладаньне адносінаў, то беларускі кіраўнік выставіць Маскве ваенны рахунак, што ўжо было ня раз”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, усё больш частае правядзеньне вайсковых вучэньняў ва ўмовах адсутнасьці рэальнай ваеннай пагрозы — чыньнік больш палітычны, чым вайсковы. Гэта дэманстрацыя сілы, спроба штучнага стварэньня сытуацыі вежы ў аблозе. І гэта таксама імкненьне даказаць неабходнасьць Беларусі ў палітыцы Расеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG