Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як знайсьці час для Бога ў сучасным сьвеце?


Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі “Сымбаль веры”.

Як вядома, цяпер у разьвітых краінах узровень рэлігійнасьці зьмяншаецца. Жыцьцё чалавека ўвесь час інтэнсыфікуецца і ўскладняецца, вольнага часу застаецца ўсё меней. Людзі ператамляюцца, нэрвуюцца. Зь іншага боку індустрыя адпачынку і разьвіцьцё турызму таксама забіраюць у людзей вольны час. Шмат хто нават з асяродзьдзя вернікаў скардзіцца, што рытм жыцьця і працы не пакідае яму дастаткова часу для засяроджанага самааналізу, духоўнага адпачынку, нармальнай малітвы і ўдзелу ў набажэнствах. Таму шмат у каго ўзьнікае пытаньне – як знайсьці час на царкву і Бога? Як на гэты выклік адказваюць самі цэрквы і вернікі?

Мы запрасілі да ўдзелу ў перадачы актывістку Беларускага Праваслаўнага брацтва Трох Віленскіх мучанікаў Тацяну Матрунчык. Вось што яна гаворыць пра праблему недахопу часу:

(Матрунчык: ) “Безумоўна, гэта вельмі складана. Тут іншага адказу ня можа быць. Такія абавязкі паўсядзённыя, працоўныя, перад сям’ёй – відаць, што ні ў кога няма лёгкай магчымасьці сёньня пражыць, зарабіць на жыцьцё. Сёньня людзі вымушаныя шмат часу на гэта ахвяраваць. Гэтыя штодзённыя, чалавечыя неабходнасьці. Я думаю, што гэта так ува ўсіх людзей. Але канечне, на тое і даюцца нам такія працяглыя пасты, якія для сьвецкіх людзей здаюцца занадта працяглымі, але для веруючага чалавека гэта такая неабходнасьць, якая самім жыцьцём царквы дыктуецца, неабходнасьць ад чагосьці адмежавацца, ад звыклага правядзеньня часу, і прысьвяціць гэты час малітве і знаходжаньню ў царкве. Таму якраз цяперашні час і ёсьць такі пэрыяд, у які хрысьціянін абавязаны знаходзіць гэты час на асаблівыя, больш блізкія зносіны з Богам”.

Як бачым, для Тацяны Матрунчык як для верніцы праблема знаходжаньня часу на царкву і малітву хоць і актуальная, але не такая вострая. На думку Тацяны, якраз час посту варта выкарыстоўваць для паглыбленьня свайго кантакту з Богам.

Я зьвярнуўся таксама да Апостальскага візытатара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека з пытаньнем, што б ён параіў тым, хто лічыць сябе вернікам і жыве вельмі актыўным жыцьцём.

(Гаек: ) “Гэта сапраўды добрае пытаньне, як знайсьці час для Бога і для царквы ў сучасным сьвеце. Мы бачым сёньня, што людзі ўсё больш і больш разумеюць, што якраз у сьвеце, у якім мы жывём вельмі інтэнсіўным жыцьцём, сярод розных справаў, бізнэсу, скажам і г.д., чалавек мусіць знайсьці нейкі час проста для сябе. Таму ўсё больш і больш сучасны чалавек ідзе на трэнінг у спартовую залю, займаецца спортам, джогінгам, бады-білдынгам – ці таксама ўсё больш і больш бачым зацікаўленьне мэдытацыяй роўнага тыпу, усходняй мэдытацыяй. Гэта значыць, што гэты час можна знайсьці, калі мы бачым нейкі прыярытэт у сваім жыцьці.

І зразумела, што чалавек, а асабліва хрысьціянін, павінен, таму што ён вельмі заняты, знайсьці час, які можа перажыць сам-насам з Богам, у рэфлексіі, у мэдытацыі. Мусіць знайсьці ў гэтым інтэнсіўным жыцьці нейкі прыпынак. І царква заўжды заклікала вернікаў да таго, каб кожны дзень пачынаць з малітвы. Яна ня мусіць быць вельмі доўгая, але гэта сапраўды мусіць быць час, калі чалавек запыніцца, падумае, аддасьць гэты дзень перад ім Богу. Асаблівае, канечне, значаньне мае нядзеля, і таму нядзельнае набажэнства ў царкве, у краме, нядзельная літургія – гэта не павінна быць нейкая асаблівая раскоша, а штосьці зусім нармалёвае. Прычым рэч ідзе пра сьвяткаваньне нядзелі: ня толькі прыйсьці ў храм, памаліцца хвілінку, паставіць сьвечку, але літургія нядзельная павінна быць момантам проста сьвяткаваньня нядзелі.

Сёньня, на жаль, мы чытаем на вуліцах, што нядзеля – гэта час шопінгу, а не адпачынку. Нават калі сям’я зьяжджае кудысьці на дачу, на суботу-нядзелю, гэта не заўжды час адпачынку. Напэўна, перад сучасным чалавекам стаіць нейкі выклік, як затрымацца, як цешыцца дадзеным момантам, а ня толькі цешыцца з таго што было альбо толькі будзе. І калі мы гаворым пра сьвяткаваньне нядзелі для хрысьціян, у каталіцкай і грэка-каталіцкай царкве, мы перажываем яе як эўхарыстыю. Эўхарыстыя будуе нядзелю, наш адпачынак, наш час для Бога і для сябе”.

Як вы чулі, архімандрыт Сяргей Гаек лічыць, што коратка памаліцца раніцай і ўзяць удзел у нядзельным набажэнстве ў царкве – гэта ня так шмат для сучаснага чалавека. Апрача таго, для занятага чалавека нядзельны паход у царкву разам зь сям’ёй – гэта яшчэ і добрая нагоды пабыць усім сямейнікам разам.

Сучаснае багаслоўе прапануе параўноўваць адносіны чалавека да Бога зь сяброўствам ці каханьнем. Калі два чалавекі радыя адзін аднаму, яны стараюцца выкарыстаць кожную магчымасьць, каб пабыць разам. Крытыкі такой пазыцыі сьцьвярджаюць, што любыя дачыненьні зь цягам часу аслабляюцца, стаюцца прывычкай і распадаюцца. У гэтай сувязі чэскі багаслоў, айцец Уладзімер Сламэчка сьцьвярджае, што любы стэрэатып насамрэч заўсёды ёсьць недахопам любові. Калі два чалавекі маюць праблемы ў дачыненьнях, значыць недзе яны дапусьцілі хібу. Калі чалавек мае праблемы ў дачыненьнях з Богам, значыць яго вера недасканалая.

Асабліва гэта датычыць верніцкіх стэрэатыпаў. Айцец Уладзімер Сламэчка сьцьвярджае, што жыцьцё хрысьціяніна палягае на глыбокім сяброўстве з Богам, але не на верніцкім фальклёры ці на патрэбе выконваць верніцкі абавязак. Важная найперш шчырасьць і вернасьць. Калі два закаханыя далёка адно ад аднаго, дык бывае дастаткова кароткага званка або SMS-кі. Гэтаксама і шчырыя адносіны з Богам могуць патрабаваць для падмацаваньня ўсяго толькі шчырай кароткай малітвы па дарозе з дому на працу.

Наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі правёў на вуліцах Менску апытаньне пра веру і вольны час.

(Карэспандэнт: ) “Пры вельмі інтэнсіўных тэмпах сучаснага жыцьця, ці хапае Вам часу на Бога і царкву?”

(Спадарыня: ) “Хапае. Наведваем касьцёл кожную нядзелю”.

(Дзяўчына: ) “Хапае, таму што ня будзе нічога матэрыяльнага, калі ўсярэдзіне нічога ня будзе”.

(Спадар: ) “Не хаджу я ні ў царкву, нікуды”.

(Спадар: ) “На ўсё хапае. Таму што я ўжо не працую”.

(Маладая спадарыня: ) “Вельмі рэдка. Таму што не хапае часу”.

(Спадар: ) “Я ў прынцыпе не хаджу ў царкву, але час ёсьць”.

(Маладая спадарыня: ) “Толькі зрэдку. Часу не хапае, дзіця малое”.

(Пэнсіянэрка: ) “У Бога верую, але ў царкву не хачу хадзіць. Калі мне было дрэнна, поп сказаў: дык ідзі і пакутуй. А я яму праўду сказала: “Гасподзь доўга хадзіў, пакуль знайшоў праўдзівы шлях”, таму я надта ў папоў ня веру, а ў царкву і ў Бога я веру”.

(Малады спадар: ) “На гэта якраз час ёсьць. Раніцай, у абед, увечары. Мы з жонкай вернікі, так што нам цалкам часу хапае. І на астатняе час застаецца. Як кажуць, шукайце царства Божае, астатняе прыкладзецца: і час, і рэсурсы”.

(Маладая спадарыня: ) “Мне хапае. Заўсёды можна знайсьці час схадзіць у царкву, калі гэта выходны дзень ці сьвята”.

(Маладая спадарыня: ) “Хапае, нават зь дзіцём хапае”.

(Пажылы спадар: ) “Ня бачу сэнсу”.

(Юнак: ) “Не, не хапае. Таму што вельмі шмат працы. Я вучуся. Часу зусім не хапае на гэта. Шмат часу ідзе на ўрокі”.

(Спадарыня: ) “Часам хаджу. Але наогул я шмат аб гэтым не задумваюся, калі шчыра. Часам, калі ёсьць моцная патрэба, то ідзеш, а часам проста неабходна. Наогул, гэта для душы, мне гэта неабходна”.

(Спадарыня: ) “Хапае. Раз на два тыдні хаджу ў царкву”.

(Маладая спадарыня: ) “Ня ведаю, у мяне 2 дзяцей, праца...”

(Маладая спадарыня: ) “На Бога і Царкву? Вы ведаеце, я ня веру ў Бога”.

(Малады спадар: ) “Ня надта. Занятасьць моцная, праца, вучоба”.

(Дзяўчына: ) “Калі душа кліча – хапае”.

(Дзяўчына: ) “Я часам хаджу з бацькамі”.

Як бачым, на недахоп часу ніхто асабліва ня скардзіцца. Калі чалавек верыць у Бога, ён знаходзіць і час на Яго.

Сучасныя заходнія цэрквы заклікаюць людзей ня ставіцца да малітвы як да цяжкага абавязку. Айцец Уладзімер Сламэчка кажа, што некаторыя людзі вяртаюцца з працы стомленыя і цалкам вычарпаныя і замест таго, каб пайсьці спаць, пачынаюць доўга маліцца, каб выканаць свой верніцкі абавязак. Сьвятар кажа, што Бог такой ахвяры ад стомленага чалавека не патрабуе, Бог быў бы рады, каб чалавек добра выспаўся. Бог не патрабуе, каб кожны чалавек абавязкова кожны дзень адмаліўся пэўную колькасьць часу і вымавіў у малітве пэўную колькасьць словаў. Амаль заўсёды будзе дастаткова кароткай і шчырай малітвы.

Багасловы таксама заклікаюць людзей не забывацца, што адносіны зь нябёсамі не вычэрпваюцца толькі малітвай. Важныя таксама і паводзіны чалавека, яго стаўленьне да іншых людзей, да іх учынкаў, а таксама да сваіх учынкаў. Ёсьць і іншая, нечаканая думка. Сапраўдны вернік – заўсёды з Богам, і на працы, і на адпачынку, і дома, і на стадыёне падчас футбольнага матчу ці канцэрту. Вера праяўляецца ў паводзінах, у прыстойнасьці, у адсутнасьці злосьці і спачуваньні іншым.

Ну а калі нехта ставіцца да веры больш традыцыйна, дык для іх яшчэ раз нагадаю параду архімандрыта Сяргея Гаека – штодзённая ранішняя малітва і ўдзел у штонядзельным набажэнстве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG