Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні пасадзілі пяцёх удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Страйк прадпрымальнікаў у Горадні працягваецца. На панядзелак у горадзе за кратамі сядзяць пяць чалавек, якіх арыштавалі за акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

Цэлы тыдзень за кратамі знаходзіцца Зьміцер Іваноўскі—кіраўнік дэмакратычнага руху “Гарадзенскі выбар”. Яго арыштавалі на 15 сутак за несанкцыянаваны мітынг прадпрымальнікаў, які адбыўся падчас аднадзённага страйку 10 лютага. Сам Іваноўскі там не прысутнічаў, але міліцыянты і суд выкарысталі ўлётку зь ягоным прозьвішчам, у якой прадпрымальнікаў заклікалі падтрымаць страйк.

Іваноўскі хаваўся ад міліцыі амаль 20 дзён. Ягоныя калегі лічаць, што яго маглі знайсьці ды затрымаць праз мабільны тэлефон, якім ён часам карыстаўся.

Астатніх чатырох чалавек судзілі ў чацьвер 4 лютага, прычым трох зь іх затрымалі днём раней і пасадзілі на ноч у міліцэйскі ізалятар. Судзьдзя Натальля Козел палічыла, што прадпрымальнікі Ясюкевіч і Лемяноўскі, а таксама журналіст Пачобут удзельнічалі ў несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў 3 сакавіка.

Ясюкевічу яна дала 5 сутак, Лемяноўскаму—15, а Пачобуту—10. Андрэй Пачобут некалькі дзён запар асьвятляў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў для інтэрнэт-старонкі зачыненай газэты “Пагоня” (pahonia.promedia.by). Аднак міліцыянты і судзьдзя ягоную прысутнасьць на несанкцыянаваным мітынгу назвалі ўдзелам у акцыі.

На 10 сутак 4 сакавіка судзьдзя Натальля Козел пасадзіла таксама Вадзіма Саранчукова, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў мітынгу 10 лютага. Яго пасадзілі ў ізалятар часовага утрыманьня ў Ленінскім райаддзеле міліцыі. У камэры вельмі халодна. Сябры па партыі БНФ з дапамогай сваякоў перадалі Вадзіму цёплыя рэчы, іншае перадаць не дазволілі. Кіраўнік абласной арганізацыі партыі Сяргей Мальчык гаворыць:

(Мальчык: ) “Не прынялі зубную пасту, шчотку, мыла, ручнік — рэчы асабістай гігіены. Яны сказалі, што ў нас гэта забаронена. Я гавару: у прыёмніку-разьмеркавальніку на Карбышава можна перадаваць. А мне сказалі: у нас розныя установы і іншы рэжым”.

У прыёмніку-разьмеркавальніку дазваляецца чысьціць зубы і мыць рукі з мылам, а там якраз сядзяць астатнія чацьвёра арыштаваных—Андрэй Пачобут, Мікола Лемяноўскі, Зьміцер Іваноўскі і прадпрымальнік Ясюкевіч. Усіх іх зьмясьцілі ў розных камэрах, і яны сядзяць паасобку.

Нядаўна стала вядома, што сёньня міліцыянты нарэшце пагадзіліся перадаць Вадзіму Саранчукову рэчы асабістай гігіены... Што датычыць гарадзенскіх прадпрымальнікаў, дык яны пакуль намерваюцца працягваць страйк. Каб абмеркаваць сваё становішча, яны мяркуюць 9 сакавіка чарговым разам сабрацца ў цэнтры гораду на плошчы Леніна перад гарвыканкамам, дзе на мінулым тыдні адбываліся акцыі пратэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG