Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КельКель” ("Новая эпоха") – апазыцыйная моладзевая арганізацыя Кіргізстану


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся ўчора, у Кіргізстане была заснаваная новая моладзевая арганізацыя – “КельКель”. Многія назіральнікі, асабліва тыя, хто ведае, якую ролю адыгралі ў Сэрбіі, Грузіі і Ўкраіне адпаведна“Адпор”, “Кмара” і “Пара”, кажуць, што “КельКель” стане рухавіком палітычных пераменаў у Кіргізстане, дзе апазыцыя слабая і раздробленая.

Сваю першую акцыю “КельКель” зладзіла 11 студзеня пасьля таго, як лідэр апзыцыйнай партыі “Ата-Юрт” (“Бацькаўшчына”) Роза Атунбаева не была зарэгістраваная кандыдатам у дэпутаты парлямэнту. Тады група маладых людзей зь Бішкеку прыйшла на мітынг пратэсту і стала раздаваць усім прысутным лімоны – маўляў, лімоны дапамогуць вам падтрымаць сваё здароўе у часе эпідэміі грыпу.

Трыццацігадовы лідэр “КельКелю” Алішэр Мамазаліеў сказаў у інтэрвію Радыё Свабода, што ўпершыню за 15 гадоў незалежнасьці моладзь Кіргізстану стварыла прэцэдэнт спробы памяняць сытуацыю. Лёзунг арганізацыі – “Мы не змагаемся за ўладу, мы змагаемся за свае правы”. Аднак, нягледзячы на дэклярацыю, палітычная пазыцыя “КельКелю” выразная: моладзь, якая складае бальшыню ў краіне, хоча, каб прэзыдэнт Аскар Акаеў пакінуў пасаду пасьля таго, як закончыцца ягоны тэрмін – у кастрычніку. Гаворыць Алішэр Мамазаліеў:

(Мамазаліеў: ) “Так, Акаеў павінен пайсьці. Але мы хочам, каб гэта адбылося мірным шляхам, паводле закону. Мы выказваем свае правы, які запісаныя ў Канстытуцыі. Мы за тое, каб улада ў Белым доме памянялася”.

Паводле Канстытуцыі, Акаеў ня можа балятавацца на другі тэрмін. Аднак, апазыцыя баіцца, што ён можа вырашыць застацца ва ўладзе і дзеля гэтага паспрабуе памяняць Канстытуцыю. Лідэр “КельКелю” кажа, што ўлады ўжо некалькі разоў спрабавалі перашкодзіць працы арганізацыі, пазбавілі іх офісу і нават стварылі праўрадавую арганізацыю пад тым жа самым назовам – “КельКель”, але з супрацьлеглым лёзунгам: “Яны пагражаюць нам лімонамі, а мы проста выціскаем іх”.

Мамазаліеў не адмаўляе, што ягоная арганізацыя мае кантакты з украінскай “Парой”:

(Мамазаліеў: ) “ Я хачу сказаць што мы сапраўды кантактавалі з “Парой”. Прыяжджалі нашы сябры з Украіны, наладзілі для нас трэнінг. Яны далі рэкамэндацыі, як правільна стварыць структуру – зрабіць так, каб адна частка арганізацыі адказвала б за стварэньне вэб-сайту, іншыя - за бясьпеку. Яны расказалі, як працаваць са сродкамі масавай інфармацыі, зь кім зь міжнародных донараў можна кантактаваць. Мы сапраўды хацелі б стаць такой жа сур’ёзнай арганізацыяй, як “Кмара”, “Адпор” ці “Пара”. Але на гэты момант прыярытэтам для нас зьяўляюцца прэзыдэнцкія выбары”.

Кіргіскія маладыя апазыцыянэры супрацоўнічаюць таксама з казахскай моладзевай арганізацыяй “Какхар”, якая мае разгалінаваную сыстэму, бо атрымлівае дапамогу ад мясцовых бізнэсоўцаў. Нягледзячы на ўсе перашкоды, “КельКель” працягвае працаваць. Пасьля першай акцыі ў студзені да арганізацыі далучыліся каля 300 маладых людзей, і яна пачала адчыняць свае філіі ў іншых гарадох краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG