Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Створаны судовы прэцэдэнт: ці маеце вы дазвол уладаў, каб папіць гарбату дома зь сябрамі?


Любоў Лунёва, Менск Вядомага палітыка, асабістага апанэнта А.Лукашэнкі Сяргея Антончыка суд пакараў штрафам за парушэньне грамадзкага парадку ў часе правядзеньня масавага мерапрыемства ў прыватнай кватэры. Сяргей Антончык заявіў аб тым, што створаны судовы прэцэдэнт

Унікальнае ў гісторыі правасудзьдзя рашэньне ўхваліў суд Савецкага раёну Менску. Упершыню чалавека пакаралі за тое, што ён разам са сваімі знаёмымі сабраўся ў прыватнай кватэры, гутарыў і піў зь імі гарбату.

5 лютага Сяргей Антончык у менскай кватэры на вуліцы Куйбышава прыкладна паўгадзіны размаўляў і піў гарбату са сваімі знаёмымі. Туды ўварваліся міліцыянты і паведамілі, што ўсе затрыманыя. Людзей адвезьлі ва ўпраўленьне міліцыі. Праз тры гадзіны ўсіх адпусьцілі, а на Сяргея Антончыка склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага сходу.

У судзе адвакат Сяргея Антончыка спаслаўся на Адміністрацыйны кодэкс, згодна зь якім закон аб масавых мерапрыемствах на прыватнае жытло не распаўсюджваецца. Але судзьдзя Аксана Рэлява не спыніла справы.

Ёй спатрэбіліся чатыры судовыя паседжаньні цягам месяца, каб вынесьці прысуд — штраф 150 мінімальных заробкаў (гэта каля 1600 даляраў). Сяргей Антончык упэўнены, што судзьдзя пайшла на парушэньне дзейнага заканадаўства, бо выконвала загад зьверху.

(Антончык: ) “Цяпер, пасьля гэтага рашэньня, любога чалавека, які сустракаецца дома альбо ў сяброў, можна прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Для мяне гэта вельмі буйная сума. Мяркую, што нават калі яны канфіскуюць усю маю маёмасьць, то не назьбіраюць гэтых грошай. Я ўжо праходзіў праз канфіскацыю. Стаўлюся да гэтага абсалютна спакойна. Што зробіш? Судзьдзя выконвала загад. Гэта было відаць. На маю думку, яе сумленьне будзе доўгі час знаходзіцца ў цяжкім стане. Але гэта яе не апраўдвае”.

Паколькі выкананьне пакараньня пачынаецца адразу пасьля абвяшчэньня прысуду, ня выключана, што днямі на кватэру да аўтара вядомага дакладу аб карупцыі ў вышэйшых эшалёнах улады прыйдуць судовыя выканаўцы, каб апісаць маёмасьць.

Сяргей Антончык паведаміў Радыё Свабода, што падасьць скаргу ў пракуратуру і гарадзкі суд, нягледзячы на тое, што не разьлічвае на станоўчы вынік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG