Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры тыдні ў Івацэвіцкім раёне трымае галадоўку Валянціна Налівайка


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Нягледзячы на пагаршэньне стану здароўя, жыхарка вёскі Яглевічы не зьбіраецца яе спыняць, бо ня бачыць іншых шляхоў, каб прыцягнуць увагу да свайго канфлікту зь мясцовымі міліцыянтамі.

Валянціна Налівайка паведаміла сёньня, што адчувае сябе кепска. Яна скардзіцца на боль у сэрцы і галавакружэньне, але зьвяртацца да мэдыкаў ня хоча. Жанчына кажа, што кіраўніцтва раённага мэдычнага аб’яднаньня ўжо неаднойчы ў катэгарычнай форме патрабавала ад яе спыненьня галадоўкі.

Маці спадарыні Налівайкі, Любоў Фёдараўна, якая сама 45 гадоў адпрацавала ў шпіталі, цяпер у роспачы і кажа, што ня можа адгаварыць дачку, каб тая адмовілася ад галадоўкі.

(Любоў: ) “Яна мяне слухаць ня хоча. Плача і ўсё. Кажа: “Мама, дзе тая справядлівасьць? Чаму яны так паступілі са мною несправядліва?”

А вось што распавёў наконт галадоўкі Валянціны Налівайкі намесьнік галоўнага лекара Івацэвіцкага мэдычнага аб’яднаньня Віктар Барысевіч:

(Барысевіч: ) “Справа ў тым, што чалавек галадае. Гэта ягонае права паводле Канстытуцыі: хоча галадае, а хоча не. А чаму павінны гэта кантраляваць? Навошта?”

8 лютага Валянціна Налівайка плянуе прыехаць у Менск, каб трапiць на прыём да аднаго з намесьнікаў міністра ўнутраных справаў Беларусі. Жанчына спадзяецца, што гэта дазволіць вырашыць ейны канфлікт зь мясцовымі міліцыянтамі, які і стаў прычынай галадоўкі, што цягнецца з 18 студзеня. Спадарыня Налівайка лічыць, што міліцыянты ня хочуць дасьледаваць справу аб крадзяжы ейных грошай і беспадстаўна пазбавілі яе правоў на кіраваньне аўтамабілем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG