Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музычная прэса


Зьміцер Падбярэскі, Менск (эфір 29 студзеня) Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Музыка, як вядома, ня можа існаваць сама па сабе. Зробленае музыкамі знаходзіць сваё адлюстраваньне — у тым ліку і на старонках прэсы. Вось чаму сёньня мы паспрабуем прааналізаваць стан беларускай музычнай пэрыёдыкі і яе пэрспэктывы. Калі азірнуцца ў мінулае, можна адзначыць, што ў Беларусі ўсё пачалося, бадай, у сярэдзіне 1970-х, калі на старонках моладзевых газэт “Знамя юности” ды “Чырвоная змена” зьявіліся сталыя рубрыкі, прысьвечаныя папулярнай музыцы. У другой палове 1980-х пачаў выдавацца спэцыялізаваны часопіс “Популярная музыка”. 1990-я гады — зьяўленьне газэты “Нью м’юзыкл САРОКА”, ініцыятарам якой быў Юры Будзько. Пазьней амаль адначасова паўсталі часопіс “Уши” — праект сёньняшняга прадусара групы “Ляпис Трубецкой” Яўгена Калмыкова і “Музыкальная газета” — выданьне “Нестор-пресс”.

Нарэшце, у 1997 годзе той жа “Нестор-пресс” ініцыяваў выданьне адзінага да сёньня ў сьвеце расейскамоўнага спэцыялізаванага часопісу “Джаз-квадрат”. Гэты часопіс ды “Музыкальная газета” і ўяўляюць па сутнасьці ўвесь друкаваны музычны рынак Беларусі. Ня густа, заўважу.

Мой суразмоўца — цяперашні шэф-рэдактар “Джаз-квадрату” Алесь Астраўцоў, якога я шчыра вітаю ў студыі Беларускай Свабоды. І напачатку, Алесь, я хацеў бы высьветліць: наколькі выпадковы быў твой прыход у джазавы часопіс?”

(Алесь Астраўцоў: ) “Да мяне ўзяўся рэдагаваць гэты часопіс мой добры знаёмы, але ў яго не атрымалася, і ён вырашыў папрасіць мяне, каб я яму дапамог. Я прыйшоў, мяне спыталіся: “Ты здолееш зрабіць часопіс пра джаз?” Я сказаў, што пра музыку, пра мастацтва пісаць — вялікая асалода, задавальненьне, а таму зраблю”.

(Падбярэскі: ) “Доля беларускага джазу ды блюзу на ўсясьветным рынку вельмі нязначная. Якія ж прынцыпы трымае часопіс у дачыненьні да айчыннай музыкі гэтых кірункаў?”

(Астраўцоў: ) “Прынцып вельмі просты. Паколькі часопіс прадаецца ў Расеі і ва Ўкраіне, падыход да гэтай тэмы такі: калі музыканты вядомыя па-за межамі Беларусі, пра іх мы і пішам”.

(Падбярэскі: ) “Сёньня часопіс мае наклад каля 2400 экзэмпляраў. Як разьмяркоўваецца падпіска, распаўсюд і ці, прабач, мае часопіс камэрцыйную выгаду?”

(Астраўцоў: ) “На дадзены момант, на вялікі жаль, ня мае, проста няма рэклямы. Але мы спадзяёмся, што ў хуткім часе яна зьявіцца, таму што ёсьць ужо станоўчыя сымптомы. А разьмяркоўваецца наклад прыкладна так: каля 800 асобнікаў ідзе на Беларусь, трошкі менш ва Ўкраіну і большая частка накладу ідзе ў Расею, пераважна ў Маскву”.

(Падбярэскі: ) “Як здабываюцца матэрыялы, якія наагул сувязі часопісу з усясьветным джазавым ды блюзавым рухам?”

(Астраўцоў: ) “У сьвеце ўвогуле мала спэцыялізаваных джазавых часопісаў. Можна на пальцах літаральна пералічыць. Таму “Джаз-квадрат” ведаюць добра, і вельмі часта самі музыкі нам пішуць, дасылаюць свае дыскі, прапаноўваюць, каб мы зь імі зрабілі інтэрвію. Браку матэрыялаў няма”.

(Падбярэскі: ) “Ну, і сетка ўласных карэспандэнтаў ужо таксама склалася, наколькі я разумею”.

(Астраўцоў: ) “Гэта вельмі адданыя людзі, якія працуюць дзякуючы свайму захапленьню, у першую чаргу. Гэта людзі вельмі абазнаныя ў джазавай музыцы, і таму, канечне, гэта — такі асноўны кантынгент нашых аўтараў”.

(Падбярэскі: ) “Некалькі гадоў таму рэдакцыя правяла сумесную акцыю з польскім часопісам “Jazz Forum”, абмяняўшыся матэрыяламі, дзякуючы чаму польскія аматары джазу даведаліся даволі шмат пра тое, што адбываецца ў суседняй краіне. А што вы наагул думаеце адносна рэклямы выданьня, бо тыя самыя 2400 асобнікаў для расейскамоўнай аўдыторыі ва ўсім сьвеце, згадзіся, лічба вельмі сьціплая”.

(Астраўцоў: ) “Я стаўлюся да гэтага вельмі станоўча. Але на ўсё не хапае ні часу, ні сілаў”.

(Падбярэскі: ) “Час ад часу ў часопісе зьяўляюцца публікацыі пра беларускія калектывы, якія ўвогуле ня ўпісваюцца ні ў жанр джазу, ні ў жанр блюзу. Як, цікава, рэагуюць чытачы чытачы часопісу з-за мяжы на такія публікацыі?”

(Астраўцоў: ) “Такога канкрэтнага рэагаваньня ў прынцыпе няма. Лісты пішуць пераважна з выказваньнем захапленьня, выказваюць падзякі: маўляў, добра, што вы існуеце, што гэта аддушына, што вы — гэта адзінае толькі выданьне, у якім мы можам прачытаць пра сваю любімую музыку. А калі канкрэтна пішуць, дык просяць надрукаваць артыкул пра гэтага ці таго выканаўцу. Але бываюць і такія лісты, у якіх гаворыцца, што мы пішам пра такіх музыкаў, якія да джазу ня маюць ніякага дачыненьня. Але мы вельмі спакойна ставімся да таго, што на нашых старонках распавядаем пра музыкаў, якія ўласна да джазу ці да блюзу ня маюць ніякага дачыненьня, таму што ў прынцыпе, хоць часопіс і называецца “Джаз-квадрат”, насамрэч мы яго дэкляруем як часопіс пра ўсе стылі імправізацыйнай музыкі, да якой, натуральна, фальклёр мае наўпроставае дачыненьне”.

(Падбярэскі: ) “Наколькі мне вядома, “Jazz Forum”, маючы наклад каля 8000 у Польшчы, атрымлівае няхай і невялікую, але датацыю з боку дзяржавы. Вы не спрабавалі наладзіць сувязі з нашымі міністэрствамі, каб яны падтрымалі такое ўнікальнае выданьне?”

(Астраўцоў: ) “Я ня ведаю, як гэта было да мяне. Магчыма, нейкія захады і рабіліся. Але часопіс выдаецца толькі дзякуючы выдавецтву “Нестор” і, магу шчыра прызнацца, дзякуючы і мне таксама”.

(Падбярэскі: ) “Вось тады, Алесь, табе пытаньне па-за тактам. Музыкай цікавіцца вельмі шмат людзей, а між тым наклады музычных выданьняў зусім невялікія. А ці магчыма наагул існаваньне ў Беларусі беларускамоўнай музычнай прэсы?”

(Астраўцоў: ) “Я ўпэўнены, што магчыма. “Музыкальная газета” таксама выходзіць на расейскай мове, але вось зь ёй зусім нядаўна адбылася такая мэтамарфоза. Гэтая газэта таксама была разьлічана на рынак СНД, яна пастаўлялася ў Расею і прыносіла выдавецтву “Нестор” велізарныя выдаткі. Паўстала нават пытаньне ўвогуле яе закрыць, але потым яна была пераарыентавана выключна на беларускі рынак, і з таго часу імгненна ажыла і пачала прыносіць прыбытак. І адбылося гэта літаральна за паўгоду”.

(Падбярэскі: ) “І гэта нягледзячы на наклад у нейкія пяць тысяч…”

(Астраўцоў: ) “Так! У газэту пайшла рэкляма, і цяпер гэтая газэта даволі трывала стаіць на нагах. Таму я ўпэўнены, што музычная прэса можа існаваць толькі за кошт беларускага рынку, а з уласнага досьведу я ведаю, што на якой мове яна будзе выдавацца — гэта ўжо не настолькі істотна. Калі людзі зацікаўлены ў тэматыцы, яны прачытаюць і па-беларуску”.

(Падбярэскі: ) “Алесь! Уявім сабе, што ты маеш дастатковыя сродкі, каб пачаць уласную выдавецкую справу. Якую б музычную газэту, які часопіс ты б заснаваў, не хвалюючыся аб прыбытках?”

(Астраўцоў: ) “Зрэшты, я літаратар, і калі я і марыў пра нешта падобнае, дык мае пляны круціліся заўсёды вакол літаратурных выданьняў. Я марыў некалі пра літаратурны часопіс. І, канечне, гэта быў бы часопіс, вельмі падобны да “Джаз-квадрату”, таму што на ягоны зьмест на дадзены момант я ўплываю вельмі істотна. І магу сказаць, што гэта падабаецца тым, хто, напрыклад, гандлюе музычнымі дыскамі. Былі такія выпадкі, калі да нас прыяжджалі людзі з Масквы, забіралі з сабой шмат нашых часопісаў, таму што яны маюць шмат пунктаў продажу музычных дыскаў. Але пры гэтым яны тлумачылі, што наш часопіс для іх — ня бізнэс, ідзе як дататак, але яны заўважылі такую асаблівасьць: як толькі мы напішам пра каго-небудзь з музыкаў ня надта вядомых, іх дыскі адразу пачынаюць купляць”.

(Падбярэскі: ) “Алесь! А якія твае асабістыя ўпадабаньні сярод невялікай колькасьці беларускіх выканаўцаў джазу, блюзу, фольку? Каго ты слухаеш найчасьцей?”

(Астраўцоў: ) “Пра тое няцяжка здагадацца, калі пагартаць наш часопіс за апошні год ці крыху болей, як я яго рэдагую. Гэта найперш этна-трыё “Тройца”, хоць я стаўлюся вельмі добра да ўсіх, хто адданы музыцы. Падабаюцца мне “Князь Мышкин”, “Drum Extasy”, вельмі падабаецца Аркадзь Эскін, а з тых, каго пакуль што яшчэ мала ведаюць, — Павал Аракелян. Гэта вельмі энэргетычны чалавек”.

(Падбярэскі: ) “Удзельнікам чарговага выданьня праграмы “Па-за тактам” быў шэф-рэдактар часопісу “Джаз-квадрат” Алесь Астраўцоў. Росту тыражоў вашаму выданьню, большых ганарараў і, зразумела, большага ахопу аўдыторыі, якая цікавіцца вось такой ня надта папулярнай музыкай.

У праграме прагучалі фрагмэнты п’есаў “Мікіта” ў выкананьні ансамблю традыцыйнага джазу “Рэнэсанс”, “You Shook Me” ў выкананьні гомельскай блюзавай групы “Al Narrator Orchestra” і “Zywiec” джаз-групы “Apple Tea”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG