Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым старшынёй “Народнай грамады” стаў Анатоль Ляўковіч


Альгерд Невяроўскі, Менск 15 студзеня пад Менскам прайшоў 9 пазачарговы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”. Новым старшынёй партыі абраны былы кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі сацыял-дэмакратаў Анатоль Ляўковіч. Удзельнікі зьезду падтрымліваюць ідэю аб’яднаньня “Народнай грамады” з БСДГ, якой кіруе Станіслаў Шушкевіч. Мікалай Статкевіч не прызнае легітымнасьці гэтага зьезду. Ён гаворыць, што ў выпадку прызнаньня правамоцнасьці гэтага зьезду Міністэрствам юстыцыі, партыя пад яго кіраўніцтвам будзе дзейнічаць безь дзяржаўнай рэгістрацыі.

У нечарговым зьезьдзе “Народнай грамады” ўдзельнічала 87 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Прычынай яго скліканьня стала выключэньне Менскім гаркамам у сьнежні мінулага году з партыі яе лідэра Міколы Статкевіча. Спадара Статкевіча абвінавацілі ў аўтарытарных мэтадах кіраваньня партыяй, парушэньні статуту, прысваеньні партыйнай маёмасьці, ціску на сябраў БСДП і г.д.

У сваю чаргу прыхільнікі Міколы Статкевіча выключылі з партыі намесьнікаў старшыні Ўладзімера Нісьцюка, Юрыя Маркоўскага і Віталя Малашку. Некалькі дзён таму Міністэрства юстыцыі прызнала правамоцным выключэньне з “Народнай грамады” Міколы Статкевіча. Вось што сёньня сказаў выканаўца абавязкаў старшыні “Народнай грамады” Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Пытаньне ў тым каб паставіць апошнюю кропку ў справе сяброўства ў партыі спадара Статкевіча. Бо тое, што Мін’юст зрабіў выснову – гэта яго справа. А для партыі – зьезд, паводле статуту, ставіць апошнюю кропку ў партыйным сяброўстве, калі ёсьць нейкія спрэчкі і г.д. У нас галоўная мэта сёньня – пагадзіцца й распрацаваць першасныя крокі па аб’яднаньні зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамадой. Мы ідзем насустрач адзін аднаму”.

На зьезьдзе ў якасьці гасьцей прысутнічала нямала прадстаўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. А намесьнік старшыні гэтай партыі Мечыслаў Грыб нават зачытаў зварот да дэлегатаў з заклікам неадкладна распачаць працэс аб’яднаньня дзьвюх партыяў. Дэлегаты зьезду віталі гэты зварот аплядысмэнтамі.

У сваім дакладзе Ўладзімер Нісьцюк сказаў, што партыя ў цэлым нядрэнна правяла мінулагоднюю выбарчую кампанію, мае немалую палітычную вагу ў грамадзтве і павінна стаць сыстэмнай апазыцыяй уладзе. На думку спадара Нісьцюка, “Народная грамада” цяпер павінна ўмацоўваць свае структуры й актыўна супрацоўнічаць зь незалежным прафсаюзным рухам.

На пасаду новага старшыні партыі большасьцю галасоў быў абраны кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі Анатоль Ляўковіч. Вось што ён сказаў у інтэрвію беларускай Свабодзе:

(Ляўковіч: ) “Мае галоўныя крокі як старшыні партыі – гэта ў першую чаргу партыйнае будаўніцтва. Другі мой крок – аб’яднаньне сацыял-дэмакратыі. Трэці – садзейнічаць аб’яднаньню ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі”.

Уладзімер Нісьцюк гаворыць, што на зьезьдзе было прадстаўлена прыкладна 75% партыйных структураў. Мікола Статкевіч, наадварот, гаворыць, што 83 партыйныя арганізацыі, як і ён, легітымнасьць гэтага зьезду не прызналі. Гаворыць спадар Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Тое, што сёньня адбывалася, ня ёсьць зьездам. Бо партыйны зьезд павінен праводзіцца ў адпаведнасьці з рашэньнем ЦК і з вылучэньнем дэлегатаў з рэгіёнаў. Партыя гэта прызнаваць ня будзе. Мы будзем працаваць і надалей. Калі Мін’юст гэта ўсё прызнае, (а для чаго ўсё рабілася?) тады партыя будзе працаваць як незарэгістраваная. Відаць так, па нашых часах, гэта будзе лепей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG