Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі “Новы бэстсэлер” – па-расейску


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ў буйнейшых менскіх кнігарнях зьявілася выданьне, якое запачаткавала сэрыю “Новы бэстсэлер”. У гэтай сэрыі ў хуткім часе выйдуць лепшыя творы беларускіх пісьменьнікаў гістарычнае і ня толькі тэматыкі ў перакладзе на расейскую мову. А першым стаў раман Вольгі Іпатавай “Вяшчун Гедыміна”.

Чаму ў новай сэрыі кнігі папулярных беларускіх пісьменьнікаў выдаюцца ў Беларусі па-расейску? Адзін з ініцыятараў “Новага бэстсэлеру” галоўны рэдактар незалежнага выдавецтва “Кніга” Андрэй Лапцёнак лічыць, што нельга ігнараваць таго, што значная колькасьць патэнцыйных чытачоў краіны аддае перавагу расейскамоўным выданьням. Задача выдаўцоў — улічваць гэта і фармаваць іхныя чытацкія густы і погляды. Гаворыць Андрэй Лапцёнак:

(Лапцёнак: ) “На мой погляд, якраз тое, што кніжкі гэтыя выходзяць па-расейску, важна. Гэтым мы, па-першае, спрабуем закрануць большае кола людзей, зрабіць гэтую літаратуру масава даступнай; і па-другое, спрабуем папулярызаваць гістарычную сьвядомасьць праз гэтыя выданьні”.

Гістарычны раман Вольгі Іпатавай “Вяшчун Гедыміна”, выдадзены першым у гэтай расейскамоўнай сэрыі накладам 2000 асобнікаў, будзе прадавацца толькі ў Беларусі. Цягам студзеня-лютага выдавецтва абяцае выпусьціць дзьве наступныя кнігі новай сэрыі — гістарычныя творы Кастуся Тарасава і Людмілы Рублеўскай. Пра тое, кнігі якіх аўтараў у далейшых плянах, выдаўцы пакуль не гавораць. Аднак яны зазначаюць, што ўсе кнігі сэрыі “Новы бэстсэлер” будуць выдавацца спачатку невялікімі накладамі й прадавацца толькі ў Беларусі. Што не выключае, гаворыць галоўны рэдактар выдавецтва, пашырэньня рынку ў далейшым.

(Лапцёнак: ) “Не выключаецца, што нашыя аўтары могуць трапіць і на больш шырокі расейскамоўны рынак, маецца на ўвазе Расея, Украіна. Мы цяпер вядзем перамовы на гэты конт з адным буйным беларускім выдавецтвам, якое працуе з партнэрамі ў Маскве”.

На фотаздыку: Вольга Іпатава
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG