Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны на нерухомасьць у Беларусі цягам апошніх год рэзка падвысіліся


Юлія Шарова, Менск Сёньня на першасным рынку кошт аднаго квадратнага мэтру жытла можа сягаць ужо 800 даляраў. На што варта разьлічваць беларусам, якія спадзяюцца набыць кватэру ці дом?

Пры даволі высокіх продажных цэнах на нерухомасьць, сабекошт жытла ў Беларусі застаецца самым нізкім сярод краінах СНД. Паводле міністра архітэктуры і будаўніцтва Генадзя Курачкіна, гэта сытуацыя даволі дзіўная, улічваючы тое, што ў Беларусі значна больш выдаткаў патрабуецца на энэрганосьбіты і будматэрыялы

(Курачкін: ) “За дзевяць месяцаў 2004 году сярэдні сабекошт квадратнага мэтру жытла склаў 544 тысячы беларускіх рублёў. У валюце гэта атрымліваецца 252 даляры. З выкарыстаньнем дзяржпадтрымкі — ільготныя крэдыты і гэтак далей — кошт квадратнага мэтру жытла склаў 244 даляры”.

Тое, што рэальная цана кватэры звычайна ў некалькі разоў перавышае ейны сабекошт, не віна будаўнікоў, лічыць міністар. У якасьці прыкладу ён называе кошты на нерухомасьць у расейскай сталіцы, якія могуць сягаць 20 тысяч даляраў за квадратны мэтар, пры фактычным кошце 1400 даляраў. Паводле спадара Курачкіна, рэальныя кошты на кватэры ад будаўнікоў залежаць мала.

Сёньня на першасным рынку жытла кошт аднаго квадратнага мэтра сягае 800 даляраў, на другасным — у сярэднім 600 даляраў. Але, як лічыць дырэктар агенцыі нерухомасьці “Кватэрнае пытаньне” Юры Чайкін, сёлета кошты на кватэры наўрад ці вырастуць.

Найперш ён тлумачыць гэта тым, што цяпер, згодна з новым законам пра падаходны падатак зь фізычных асобаў, пры продажы жытла, якое знаходзіцца ва ўласнасьці грамадзяніна менш чым тры гады, трэба плаціць дзяржаве 30% ад ягонага кошту. Спадар Чайкін сьцьвярджае, што гэтая акалічнасьць паспрыяе стабілізацыі коштаў на рынку нерухомасьці.

(Чайкін: ) “Шмат хто цяпер адмаўляецца, бо думалі пабудаваць, а потым перапрадаць даражэй ды на гэтым яшчэ зарабіць. Цяпер гэтага ўжо ня будзе. І крэдытаваньне, канечне ж, ільготнае ідзе, але не ў такіх аб’ёмах, і я так мяркую, ня вельмі яно будзе ісьці. У Маскве кошты на нерухомасьць упалі на 30%. У нас яны ня ўпалі, але спыніліся на адным узроўні. Я так думаю, што ў найбліжэйшай будучыні цэны зьнізяцца адсоткаў на 20 — дакладна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG