Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску наладзілі спаборніцтва ідэолягаў


Галіна Абакунчык, Менск У Менску распачалася падрыхтоўка да агляду-конкурсу на найлепшую арганізацыю ідэалягічнай працы. Праводзіць яго будуць сярод прадпрыемстваў, крамаў, шпіталяў, сярэдніх школаў, тэхнікумаў і ўнівэрсытэтаў. Арганізатары абгрунтоўваюць гэта жаданьнем удасканаліць і папулярызаваць ідэалягічную дзейнасьць. У апазыцыйных колах узмацненьне дзяржаўнай прапаганды тлумачаць жаданьнем улады не дапусьціць палітычных і грамадзкіх зьменаў.

Агляд-конкурс на найлепшую арганізацыю ідэалягічнай дзейнасьці ў Менску пройдзе ўпершыню пасьля распаду камуністычнай сыстэмы. Да 1991 году такія агляды былі традыцыйнымі й праводзіліся пад наглядам аддзелаў прапаганды і агітацыі райкамаў і гаркаму партыі. Дзеля чаго адноўленае ідэалягічнае спаборніцтва — тлумачыць адна з арганізатарак, спэцыяліст ідэалягічнай управы Менгарвыканкаму Ілона Нямала:

(Нямала: ) “У мяне ў інструкцыі ў якасьці мэты ўказана далейшае ўдасканальваньне ўзроўню ідэалягічнай працы. Дадам таксама, што і прыцягненьне ўвагі да гэтай працы. Тут і палітычны момант, канечне, ёсьць. Увогуле, ідэалёгія патрэбна кожнай дзяржаве, нічога кепскага тут няма. А ўвогуле гэтае пытаньне вельмі складанае”.

Кіраўнічка праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт Тацяна Процька як навуковец займаецца дасьледаваньнем савецкай таталітарнай сыстэмы. Паводле яе, узмацненьне ідэалягічнай прапаганды ёсьць вяртаньнем у савецкае мінулае, калі палітыка ўладаў не падлягала абмеркаваньню і крытыцы. І гэта запаволіць разьвіцьцё грамадзкай думкі ў Беларусі на нявызначаны пэрыяд, — кажа спадарыня Процька.

(Процька: ) “Ёсьць людзі, якія не падпарадкоўваюцца ніякай ідэалёгіі, але большасьць людзей падпарадкоўваюцца вось гэтаму ідэалягічнаму выхаваньню. Гэта вельмі моцны ўплыў на чалавечую падсьвядомасьць, таму гэта зусім не марнатраўства. Гэта робіцца з мэтаю пераканаць большасьць людзей, асабліва моладзь, што тая палітыка, якую ажыцьцяўляе найвышэйшае дзяржаўнае кіраўніцтва, самая лепшая і самая правільная. І тое, што цяпер адбываецца ў краіне, было раней: семдзесят гадоў большасьць грамадзтва верыла кіраўніцтву, тады яно называлася камуністычная партыя, а цяпер прэзыдэнт і ягоная адміністрацыя. Мы жывем не на будучыню, а ў нашае мінулае. Таму гэта можа быць вельмі доўга”.

Паводле ідэалягічнай управы Менгарвыканкаму, агляд-конкурс пройдзе ў першым паўгодзьдзі. Ці будзе гэтая ініцыятыва распаўсюджаная на ўсю краіну, пакуль невядома, але ў Менску спаборніцтва ідэолягаў будзе праводзіцца і надалей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG