Лідэр “памаранчавай рэвалюцыі” Віктар Юшчанка не ўкладаецца ў звычныя рамкі.
У сьвеце ня так шмат лідэраў, здольных выклікаць сотні тысячаў людзей зь цёплых кватэраў на халодныя вуліцы. Віктар Юшчанка – адзін зь іх. Што ў ім натхняе людзей, што выклікае такую самаадданасьць? Катарына Валчук, спэцыяліст у справах Украіны Бірмінгемскага ўнівэрсытэту, цьвердзіць:
(Валчук: ) “Ён – банкір, які ўвайшоў у палітыку неахвотна, і ён, бадай, не падобны на тыповых папулярных лідэраў, якіх мы прывыклі бачыць на чале рэвалюцыяў у іншых былых камуністычных краінах”.
Юшчанка нарадзіўся на поўначы Ўкраіны 23 лютага 1954 году ў сям’і вясковых настаўнікаў. Пасьля сканчэньня Цярнопальскага фінансава-эканамічнага інстытуту ў 1975 годзе Юшчанка працаваў калгасным бугальтарам. Праз год ён ужо працаваў у мясцовым аддзяленьні Дзяржбанку СССР, адкуль яго перавялі ў Кіеў.
У 1993 годзе, пасьля атрыманьня Ўкраінай незалежнасьці, ён ачоліў Нацыянальны банк. Ён кіраваў увядзеньнем нацыянальнай валюты, украінскай грыўны, што ўважаецца за немалую эканамічную перамогу.
У 1999 г. Леанід Кучма прызначыў Віктара Юшчанку прэм’ерам Украіны, з ухвалы Міжнароднага валютнага фонду й іншых заходніх установаў. Урад Юшчанкі атрымаў вотум недаверу ў 2001 годзе, пасьля чаго ён заснаваў кааліцыю партыяў “Наша Ўкраіна”.
За час ягонага прэм’ерства ён зрабіў маленькае дзіва, эканоміка краіны, якая цягам дзесяці гадоў прыходзіла ва ўпадак, прадэманстравала рост.
З гэтаю думкаю пагаджаецца Ян Максімюк, аналітык “Радыё Свабода” ў справах Беларусі й Украіны.
(Максімюк: ) “Юшчанка быў першы прэм’ер, які давёў, што рынкавая эканоміка й дэмакратычны ўрад могуць працаваць і ва Ўкраіне. То бок, яны могуць працаваць палітычна й эканамічна, і рынкавая эканоміка з дэмакратычным урадам можа палепшыць жыцьцё ўкраінцаў”.
Шырока распаўсюджанае меркаваньне, што ўрад Юшчанкі адправілі ў адстаўку, бо ягоная праца пагражала інтарэсам магутных рэгіянальных алігархічных клянаў, замацавала за Юшчанкам рэпутацыю аднаго з некарумпаваных палітыкаў Украіны.
Да сёлетняй выбарчае кампаніі Юшчанка выглядаў больш памяркоўным палітыкам, чым ягоныя прыхільнікі, да прыкладу, колішняя намесьніца прэм’ер-міністра Юлія Цімашэнка. Ягоная сіла – эканоміка, а не нацыяналізм.
Раптоўная хвароба Юшчанкі падчас выбарчае кампаніі ў верасьні, як ён сьцьвярджае, была спробаю атруціць яго. І гэтае здарэньне таксама выклікала моцныя сымпатыі многіх выбарцаў.
(Валчук: ) “Ён, натуральна, выклікае сымпатыю. І ў амаль фізычным сэнсе ён зьяўляецца сымбалем таго, што ва Ўкраіне ня ўсё ў парадку. Калі кіроўная эліта магла прымяніць атручаньне, як цьвердзіць Юшчанка, то гэта сапраўды дэманструе яе маральную дэградацыю і маральную карумпаванасьць. І з гэтага гледзішча, ператварэньне Юшчанкі зь вельмі прыгожага чалавека ў заўчасна састарэлага на 20 гадоў, са зьнявечаным тварам, амаль візуальна дэманструюць тое, што ва Ўкраіне нешта ня так”.
Нягледзячы на частае сьцьверджаньне, што Ўкраіна – геаграфічна разьдзеленая краіна, Юшчанка здолеў апэляваць да нацыянальнай, а не да рэгіянальнай сьвядомасьці, цьвердзіць Ян Максімюк.
(Максімюк: ) “Цяжка прадказаць, як скончацца падзеі ва Ўкраіне. Калі Юшчанка пацерпіць крушэньне як палітык, ён можа вярнуцца на сваю пасеку. Калі верыць ягонаму сайту, Юшчанка – чалавек, які мог бы стаць прэзыдэнтам Украіны – працавіты пасечнік”. Апрача ўсяго, ён шчасьлівы бацька пяцёх дзяцей. Ягоная жонка, 43-гадовая Кацярына Клэр-Чумачэнка – амэрыканская грамадзянка і былая супрацоўніца Дзярждэпартамэнту ЗША.
Сьвятлана Курс, Прага Лідэр украінскай апазыцыі раптоўна стаў сусьветна вядомым чалавекам. Хто ён і чаму менавіта за ім ідуць столькі людзей? Аповед пра асобу і жыцьцё Віктара Юшчанкі падрыхтавала наша журналістка.
Самае папулярнае
1