Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўкраінцы не задаволеныя тым, як асьвятляюць украінскія падзеі беларускія й расейскія СМІ


Міхал Стэльмак, Менск Цяперашнія падзеі ва Украіне атрымалі гучны розгалас у грамадзянаў Беларусі ўкраінскай нацыянальнасьці. Што думаюць беларускія ўкраінцы пра сучасны палітычны крызыс ва Ўкраіне?

Паводле зьвестак Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, у Беларусі пражывае 237 тысяч украінцаў. Частка ўкраінскай дыяспары ўваходзіць у грамадзкія культурна-асьветніцкія аб’яднаньні. Падзеі ва Ўкраіне рэзка актывізавалі зямляцкія сувязі сяброў гэтых аб’яднаньняў. Як вынікае зь іх тлумачэньня, беларускія ўкраінцы выяўляюць вялізную цікавасьць да сытуацыі з выбарамі новага лідэра Украіны. Вось, напрыклад, якімі ўражаньнямі падзялілася са мной намесьніца кіраўніка аб’яднаньня “Ватра” Тацяна Бей, ураджэнка Віньніцкай вобласьці:

(Бей: ) “Інфармацыі мы маем вельмі мала. Толькі праз тыя каналы, што падае нам Масква. Калі б быў канал, па якім рэтрансьляваліся б навіны непасрэдна з Кіеву, то мы маглі б стварыць нейкія свае ўражаньні. Мы глядзім усе навіны, што ідуць па тэлебачаньні, дзе б мы ні былі. Мы хочам і імкнёмся навіны слухаць і глядзець, мы абменьваемся меркаваньнямі. Але мы атрымліваем гэтыя навіны не непасрэдна з Украіны, а ў інтэрпрэтацыі ці беларускага тэлебачаньня, ці маскоўскага. Гэта можа скажаць наша бачаньне. Газэтаў украінскіх у нас таксама няма”.

Як вынікае са словаў спадарыні Бей, некаторыя беларускія ўкраінцы зь недаверам ставяцца да асьвятленьня падзеяў з Украіны беларускімі й расейскімі сродкамі масавай інфармацыі. Мае суразмоўцы адзначаюць палітычную ангажаванасьць афіцыйных беларускіх сродкаў масавай інфармацыі й расейскіх тэлеканалаў. Рэч у тым, што ў цэлым яны, і найперш расейскія, заявілі пра сваю падтрымку Віктара Януковіча й непрымальнасьць кандыдатуры Віктара Юшчанкі.

Відавочна нэгатыўнае стаўленьне да ўкраінскай апазыцыі, непаважлівасьць да аранжавага колеру й яго прыхільнікаў выклікаюць у беларускіх украінцаў нэгатыўную рэакцыю на такое асьвятленьне. У прыватнасьці, вялікае абурэньне ў іх асяродзьдзі выклікаў паказ 31 лістапада расейскім каналам РТР, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, прапагандысцкай кінастужкі пра Ўкраінскую паўстанцкую армію. Фільм, які прадставіў гледачам супрацоўнік расейскіх спэцслужбаў, паводле беларускіх украінцаў, зьневажае гісторыю Ўкраіны і ўдзельнікаў змаганьня за яе Незалежнасьць. Гаворыць кіраўніца аб’яднаньня “Берагіня” Лідзія Дарошка, якая прыехала ў Беларусь з Кіева:

(Дарошка: ) “Мая думка такая. Ясна, што гэта быў ня просты паказ, а дэзінфармацыя ў дачыненьні да падзеяў, што адбываюцца ва Украіне”.

(Карэспандэнт: ) “Што, насамрэч, уяўляла сабой Украінская паўстанцкая армія?”

(Дарошка: ) “Яна паўстала ў гады вайны, пасьля таго як у 1939 годзе Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну захацелі далучыць да СССР. І тады яна паўстала супраць чырвонага тэрору”.

(Карэспандэнт: ) “Якімі вам бачацца зь Беларусі цяперашнія ўкраінскія падзеі?”

(Дарошка: ) “Ва Ўкраіне народ паўстаў. Ва Ўкраіне народ перастаў быць насельніцтвам. І таму некаторым сродкам масавай інфармацыі, некаторым палітыкам не імпануе, што Ўкраіна канец канцоў захацела быць сама сабой. У рэшце рэшт, такога духу, які зараз пануе ва Ўкраіне, апошнія дзьвесьце гадоў дакладна не было”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG